В Ушачском районе наблюдается рост заболеваемости COVID-19

Здравоохранение

На мінулым тыдні жыхароў Ушаччыны патрэслі журботныя весткі. Ад каранавіруса памерла некалькі нашых землякоў. Інфекцыя развівалася вельмі хутка і, нягледзячы на тое, што хворыя знаходзіліся ў профільных лячэбных установах вобласці, выратаваць іх, на вялікі жаль, не ўдалося. Як абстаяць справы з распаўсюджваннем Сovid-19, мы гутарылі з галоўным санітарным урачом раёна П.А.Саўчанкам.

– Павел Аляксандравіч, маюць месца адзінкавыя выпадкі хваробы ці зноў пайшоў усплёск захваральнасці?

– На жаль, зараз назіраецца рост, а паколькі некалькі тыдняў таму мы фіксавалі сапраўды адзінкавыя выпадкі заражэння, то цяпер яны павялічваюцца ў геаметрычнай прагрэсіі – у 2-3 разы. І зараз раён уваходзіць у пяцёрку першых у вобласці па колькасці захварэўшых на каранавірус.

– Ці былі сярод памерлых ад каранавіруса правакцынаваныя?

– Не. Затое практычна ўсе яны былі ці пенсіянерамі, ці мелі хранічныя захворванні. Менавіта гэтыя катэгорыі горш за іншых пераносяць інфекцыю, вірус агаляе слабыя месцы і лятальны канец часта наступае з-за ўскладненняў, абвастрэння хвароб. Таму пажылым людзям як нікому неабходна зрабіць прышчэпку.

– Аднак ёсць выпадкі, што людзі хварэюць і пасля вакцынацыі.

– Такое бывае, аднак ва ўсіх нешматлікіх выпадках па нашым раёне захворванне наступіла да таго як выпрацаваўся ўстойлівы імунітэт (да 42 дзён пасля другой дозы).На сённяшні дзень ёсць два такіх чалавекі, аднак хвароба працякае бессімптомна, яны знаходзяцца дома на ізаляцыі. Менавіта на гэта – больш лёгкую форму працякання хваробы і робіцца стаўка. Так, вірус муціруе, з’яўляюцца новыя штамы, аднак прышчэплены арганізм сустракае іх падрыхтаваным. На сённяшні дзень гэта самы эфектыўны спосаб перасцярогі ад Сovid-19.

– Які працэнт правакцынаваных у нашым раёне? Ці далёка да 60%, калі можна будзе гаварыць пра калектыўны імунітэт?

– Пакуль што толькі 16,8 працэнта, сярод іх асобы старэй 61 года – 63,3 працэнта, і 23 – з хранічнымі захворваннямі. Зараз праходзяць другі і трэці этапы вакцынацыі, калі прышчэпліваюцца людзі старэй 60 год, з хранічнымі захворваннямі і работнікі прадпрыемстваў. У наяўнасці ёсць расійская вакцына Спутнік, якая мае 96 працэнтаў эфектыўнасці. Супрацоўнікі бальніцы выязджаюць непасрэдна на прадпрыемствы пры паступленні заявак, прычым незалежна ад іх колькасці. На месцы вакцынаваліся, напрыклад, супрацоўнікі выратавальнай службы, ПМК-66, УП ЖКГ.

– Паколькі з’яўляюцца новыя штамы віруса, мабыць змяніліся сімптомы праяўлення хваробы і характар яе працякання?

– Не. Яны тыя ж – павышэнне тэмпературы, кашаль, слабасць, страта абаняння (можа і не быць). А вось паводзіць вірус апошнім часам сябе непрадказальна і хвароба працякае больш складана.

– Хутка пачатак новага навучальнага года, якія меры перасцярогі будуць прымяняцца ў навучальных установах?

– Парады канкрэтна па школах хутка паступяць, па іх і будзем працаваць, наогул жа меры асабістай бяспекі засталіся ранейшымі: абавязковае і правільнае нашэнне масак, частае мыццё рук, апрацоўка іх і памяшканняў дэзсродкамі, праветрыванне апошніх. Ну і паўтаруся, канечне, вакцынацыя.

Гутарыла Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *