Осенний дождь не помешал ученикам школ Ушаччины радостно встретить новый учебный год

Образование и молодежь Общество

З першым вераснёўскім дожджыкам сустрэлі Дзень ведаў школьнікі Ушаччыны. Аднак такая акалічнасць ні ім, ні бацькам, ні педагогам настрой не сапсавала. Восеньскія кроплі, упэўнены яны, – на добры пачатак спраў, на плённы новы навучальны год.

Урачыстасць ва Ушацкай школе, улічваючы няпростую эпідсітуацыю, праводзілася сёлета зноў у “скарочаным” фармаце – у фае навучальнай установы сабраліся толькі будучыя выпускнікі і першакласнікі. Дарэчы, не часта ўбачыш у адным месцы столькі галоўных віноўнікаў дзейства: упершыню селі за парты чатырох класаў ажно 99 хлопчыкаў і дзяўчынак. Крыху няёмка адчувалі сябе і 39 адзінаццацікласнікаў: гэта іх апошні Дзень ведаў.

Словы віншаванняў і найлепшыя пажаданні ў адрас педагогаў, вучняў прагучалі ў гэты дзень ад дырэктара Наталлі Васільеўны Стрыжонак, намесніка старшыні райвыканкама Дзмітрыя Пятровіча Цімафеева, іншых гасцей. З шыкоўным падарункам – вялікай турыстычнай палаткай і двума спальнымі мяшкамі – прыйшлі на ўрачыстасць прадстаўнікі Ушацкага лясгаса. Дарэчы, яго дырэктар Сяргей Аляксандравіч Даніловіч выканаў яшчэ адну прыемную місію: дзесяцікласнікам Арсенію Мацкевічу і Кірылу Апёнку, якія падчас летніх канікул у складзе студатрадаў усе тры змены шчыравалі ў лесапітомніку, уручыў персанальныя прэзенты. Божай дапамогі ва ўсіх справах пажадаў вучням і педагогам настаяцель прыхода храма святых пакутніц Мінадоры, Мітрадоры, Німфадоры г.п.Ушачы протаіерэй Вячаслаў Лобец, які адслужыў малебен на пачатак новага навучальнага года, акрапіў прысутных святой вадой.

Ва Ушацкай…

Аб правілах бяспечных паводзін у школе і дома школьнікам нагадалі супрацоўнікі райаддзелаў міліцыі і па надзвычайных сітуацыях. Дарэчы, у гэты дзень праваахоўнікі пабывалі ва ўсіх установах адукацыі, у рамках рэспубліканскай акцыі “Увага – дзеці!” расказалі аб выпадках траўматызму непаўналетніх на дарозе, мерах прафілактыкі такіх здарэнняў.

Кранальнасці мерапрыемству надало выступленне самых маленькіх яго ўдзельнікаў: нясмела беручы ў рукі мікрафон, хлопчыкі і дзяўчынкі дзяліліся “грандыёзнымі” планамі на бліжэйшыя 11 гадоў навучання ў школе. Тыя ж, у каго гэты шлях хутка падыдзе да заканчэння, падтрымалі іх творча і падарункамі.

Напэўна, менш за ўсіх хваляваўся ў гэты дзень першакласнік Гардзей Кісель: побач былі не толькі мама з татам, але і старэйшы брат Антон, які сёлета заканчвае школу. А вось Назар Сакалоў і Ганна Навакрашчонава, наадварот, падчас лінейкі былі па-даросламу сур’ёзнымі і стрыманымі: іх чакала надзвычай адказная місія – разам з 11-класнікамі Ксеніяй Лапёнак і Аляксандрам Цімафеевым даць для ўстановы першы званок.

… і Ільюшынскай школах.

Стартаваў новы навучальны год урокам з гучнай тэмай “У адзінстве беларускага народа – аснова незалежнай краіны”. Для вучняў 6-11 класаў Ушацкай школы праходзіў ён у раённым цэнтры культуры і народнай творчасці. У цёплай атмасферы арганізатары мерапрыемства разам з юнакамі і дзяўчатамі высвятлялі сутнасць слова “адзінства”: патрыятызмам зараджаліся праз прагляд відэаролікаў пра старонкі гісторыі Беларусі, калі народ адзіным фронтам выступіў супраць ворага і абараняў сваю Радзіму.

Цёпла, прыгожа праходзіла свята першага званка і ў сельскіх школах. Так, у Глыбачанскую, у якой сёлета за парты селі 64 хлопчыкі і дзяўчынкі (яшчэ 14 наведваюць дашкольную групу), з віншаваннямі, словамі ўдзячнасці за годную падрыхтоўку да новага навучальнага завіталі старшыня райвыканкама У.Г.Аўдошка і начальнік аддзела па адукацыі М.В.Варава. У Ільюшыне, дзе сёлета не будзе 11 класа, галоўнымі віноўнікамі ўрачыстасці прадказальна сталі першакласнікі, якіх тут 7. У Вялікіх Дольцах, дзе гэтак жа няма старэйшых школьнікаў, віншаванні на працягу цэлага дня (ад правядзення ўрачыстасці з улікам эпідсітуацыі было вырашана адмовіцца) атрымлівалі найперш 8 хлопчыкаў і дзяўчынак, якія толькі пачынаюць сваё падарожжа па краіне ведаў. “Сённяшняй раніцай мой сынок Мікіта вельмі хваляваўся: ці добра выглядае касцюмчык, ці прыгожы букет – так марыў нарэшце сесці за парту! – прызналася мама першакласніка Паліна Бугаёва. – Хваляванне перадалося і мне, але ж я ўпэўнена, што ў руках вопытнай настаўніцы Галіны Васільеўны Пугач у яго ўсё атрымаецца!” А ў Арэхаўне ад традыцыі маштабна святкаваць 1 верасня адступаць не сталі, тым больш што гэтага чакалі як 6 першакласнікаў, так і 8 адзінаццацікласнікаў.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *