15 сентября – День библиотек Республики Беларусь

Общество

Паважаныя работнікі бібліятэк Ушаччыны, ветэраны галіны!

Сардэчна віншую вас з Днём бібліятэк і 95-годдзем адкрыцця раённай бібліятэкі!

Сучасныя бібліятэкі – гэта інфармацыйныя, культурна-адукацыйныя цэнтры, якія ў адпаведнасці з патрабаваннямі часу і запытамі чытачоў укараняюць новыя інфармацыйныя тэхналогіі, садзейнічаюць распаўсюджванню ведаў, умацаванню адзінай культурнай прасторы, фарміруюць у грамадзян пачуццё гонару за старажытную гісторыю і культуру нашага народа.

Мінаюць гады, але нязменным застаецца значэнне бібліятэкі як захавальніцы нацыянальнай літаратурнай спадчыны і агульначалавечых каштоўнасцяў.
Жадаю ўсім бібліятэчным работнікам новых творчых дасягненняў, смелых праектаў, дабрабыту і ўпэўненасці ў заўтрашнім дні, добрага настрою і ўдзячных чытачоў.

Старшыня Ушацкага раённага выканаўчага камітэта У.Г.АЎДОШКА.


 

Знакавую дату – 95-гадовы юбілей – адзначае сёння Ушацкая раённая бібліятэка імя Еўдакіі Лось. За гэты час змянілася некалькі пакаленняў супрацоўнікаў, “рэфармаваліся” фармат работы, клубы па інтарэсах, кніжны фонд і колькасць чытачоў. Толькі адно заставалася нязменным – увага і цеплыня, з якімі тут сустракаюць чытачоў.

Сённяшні калектыў Ушацкай раённай бібліятэкі імя Еўдакіі Лось.

Гісторыя бібліятэкі пачыналася ў далёкім 1926-м з усяго некалькіх стэлажоў, а цяпер у яе фондзе звыш 55 тысяч выданняў. Карыстаюцца гэтым бясцэнным скарбам некалькі тысяч чалавек – штодзень наведваюць установу 40-50.

Будынак па вуліцы Ленінскай, 32, дзе размяшчаецца раённая бібліятэка, пабудаваны ў 1959 годзе. У 1978-м установе прысвоена імя Еўдакіі Лось. Напрыканцы ж 1977-га была арганізавана Ушацкая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма – раённая бібліятэка стала цэнтральнай. Акрамя яе ў склад ЦБС увайшлі дзіцячая і 35 сельскіх бібліятэк-філіялаў. У сярэдзіне 80-х сетку ўпарадкавалі – невялікія бібліятэкі і пункты выдачы закрылі (на пачатак 1986-га іх засталося 25). 17 студзеня 2014 года Ушацкая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма атрымала статус юрыдычнай асобы. На сённяшні дзень у яе структуры 16 устаноў. Самая вялікая і дзейсная – як вядома, раённая.

Каб храм кнігі працаваў без збояў, патрэбны добрыя кадры. І з імі ва Ушачах праблем няма: на сённяшні дзень тут занята 20 спецыялістаў, прычым, як вопытных – са стажам звыш 20 і нават 30 гадоў, так і маладых, актыўных, крэатыўных. Кіруе ж калектывам апантаных аматараў і прапагандыстаў чытання Лідзія Міхайлаўна Шкаруба. І хоць на пасадзе дырэктара толькі другі год, вопыту ёй не займаць: больш 10 гадоў працавала ў аддзеле маркетынгу бібліятэкі. Яго, дарэчы, небеспадстаўна называюць “мазгавым цэнтрам” бібліятэчнай сістэмы Ушаччыны. “Тварам” жа з’яўляецца аддзел абслугоўвання і інфарматызацыі, так званы абанемент. Парадак, сістэму забяспечвае аддзел камплектавання, апрацоўкі і арганізацыі адзінага фонду. З’явіўся сёлета і аддзел дзіцячай і юнацкай кнігі – праз далучэнне ў склад раённай дзіцячай бібліятэкі.

Сёння Ушацкая раённая бібліятэка імя Еўдакіі Лось – гэта не толькі кніжныя фонды, гэта жывая прастора. Тут можна стаць удзельнікам цікавай падзеі, сустрэцца з сябрамі, выбраць цікавае выданне. Не знайшлі на паліцах – у дапамогу інтэрнэт. Дарэчы, установа аснашчана ўсім неабходным абсталяваннем, камп’ютарнай тэхнікай, што дазваляе аказваць і шэраг платных паслуг. Стараюцца ўлічыць тут літаральна ўсе бакі жыцця землякоў, праводзяць мерапрыемствы, якія фарміруюць устаноўкі на здаровы лад жыцця, сямейныя і духоўна-маральныя каштоўнасці, любоў да роднай зямлі. З 2003 года пры бібліятэцы працуе клуб цікавых сустрэч “Ушачане” для творчых жыхароў раёна пенсійнага ўзросту. Прадстаўнікам жа падрастаючага пакалення палюбіўся клуб “Прававы навігатар”, членамі якога з’яўляюцца старшакласнікі Ушацкай школы.

– Мы прыйшлі да свайго юбілею ў добрай творчай форме, натхнёныя новымі ідэямі, з гатоўнасцю іх ажыццяўляць, – прызналася Л.М.Шкаруба. – Карыстаючыся выпадкам, віншую ўсіх работнікаў бібліятэчнай сістэмы Ушаччыны, ветэранаў працы з прафесійным святам, а калектыў раённай бібліятэкі – яшчэ і з 95-годзем установы. Усе вы – сапраўдныя прафесіяналы, адданыя сваёй справе, нераўнадушныя, зацікаўленыя. Ад усёй душы жадаю здароўя, шчасця, сямейнага дабрабыту, натхнення, новых ідэй і планаў, актыўных чытачоў і радасці ад паўсядзённай працы! Гісторыя бібліятэкі працягваецца. Спадзяюся, што новы час упіша новыя цікавыя радкі ў нашу агульную біяграфію.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *