«Маяк-Ушачский» пополнил свою базу новой современной сеялкой

Сельское хозяйство

Праязджаючы ўздоўж ужо запрацаваных палёў ля павароту ад Судзілавіч на Лажаншчыну, старанна ўглядаліся ў наваколле, каб не прамінуць участак, дзе ў гэты дзень шчыравалі сейбіты “Маяка-Ушацкага”.

Але такая пільнасць была залішняй: чырвоная кабіна энерганасычанага МТЗ-1523 яркай кропкай аздабляла шэрань восеньскіх палеткаў, свежымі фарбамі такога ж колеру ззяў на раллі і новенькі пасяўны комплекс маркі HORSCH, зачэплены за трактар.

Распрацоўка аднаго з лідараў сусветнай вытворчасці сельгасмашын папоўніла аўтапарк гаспадаркі два тыдні таму. Спецыялісты афіцыйнага дылера нямецкай кампаніі ў Беларусі дапамаглі сабраць і наладзіць агрэгат, правялі навучанне работніка, якому было вырашана даверыць новую адзінку. “Папярэдне ў мяне запыталіся, ці валодаю камп’ютарам, і станоўчы адказ, відаць, абумовіў выбар”, – тлумачыць механізатар Раман Ладзік – малады, але ўжо дастаткова вопытны работнік, якога на прадпрыемстве задзейнічаюць амаль на ўсіх земляробчых аперацыях. Літаральна пары дзён яму хапіла, каб адчуць упэўненасць у абыходжанні з пасяўным комплексам. Вось і ў момант нашага візіту “Беларус” з прычапным агрэгатам спрытна і хутка рухаўся па полі, засяваючы яго азімай пшаніцай.

Пра асаблівасці новай тэхнікі мы запыталіся ў галоўнага інжынера філіяла Дзмітрыя Сяргеевіча Ладзіка. “Комплекс адметны тым, што спалучае шэраг аперацый, забяспечвае дакладнасць і якасць высеву, і пры гэтым трактар можа рухацца з хуткасцю да 20 км/г. Мадэль HORSCH Pronto 4 DC, якую мы набылі, мае ўмяшчальны бункер (2800 літраў). У пачатку ўстаноўлены два рады дыскаў, якія рыхтуюць глебу: такім чынам, не трэба другі раз запускаць на поле тэхніку з баронамі і культыватарамі, што грунтоўна змяншае выдаткі. Потым зямля прыкачваецца коламі з гнуткімі шыпамі пратэктара, а 28 сашнікоў забяспечваюць пасеў на строга заданую глыбіню – яны маюць свабоду руху да 15 сантыметраў, таму могуць дакладна капіраваць мікрарэльеф глебы. Прадугледжана і магчымасць адначасовага ўнясення ўгнаення, – тлумачыць спецыяліст. – Пры гэтым ход усіх працэсаў механізатар можа кантраляваць на дысплэі, дзе бачна, напрыклад, колькі засталося насення ў бункеры, ці не забіліся сашнікі”.

Убачылі мы ў кабіне МТЗ і яшчэ адзін манітор – так званага аўтапілота. Пробную версію сістэмы GPS-навігацыі ўстанавілі ў трактар адначасова з наладкай пасяўнога комплексу. Сутнасць яе ў тым, што праз спадарожнік ацэньваецца мясцовасць, дзе вядуцца работы, і задаецца аптымальны маршрут і тэмп руху. Вадзіцелю ж фактычна застаецца толькі сачыць за прыборамі. “Гэта абсалютна новы ўзровень у рабоце механізатара! – дзеліцца ўражаннямі Раман Ладзік. – Так што зараз мяркуем устанавіць ліцэнзійную праграму”.

Тэхніка з сучаснымі распрацоўкамі, канечне, нятаннае задавальненне, таму комплекс прыбыў у філіял па дагаворы арэнды з наступным выкупам. Але падобныя ўкладанні апраўдваюцца, бо дзякуючы такім навінкам можна гаспадарыць больш эфектыўна і эканамічна. Вельмі важна і тое, што яны дазваляюць аблегчыць, зрабіць больш камфортнай хлебаробскую працу.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *