Сельхозпредприятия Ушаччины убирают кукурузу

Сельское хозяйство

На мінулым тыдні надвор’е нарэшце дазволіла шырокім фронтам весці палявыя работы. Паралельна з сяўбой азімых разгарнуўся і фінальны этап корманарыхтоўкі: гаспадаркі раёна прыступілі да ўборкі кукурузы.

Першымі сіласныя траншэі пачалі закладаць у “Ільюшынскім” і “Маяку-Ушацкім”, а ў пятніцу ў гэты працэс уключыліся механізатары “Агра-Селішча”, у госці да якіх мы і накіраваліся сонечным вечарам.

Спрыяльнае надвор’е дазволіла за апошнія дні прыкметна падцягнуць і агульную лічбу засеяных у раёне плошчаў пад азімыя зерневыя – 3208 з 5300 запланаваных. Бліжэй за ўсіх да заканчэння гэтых работ падышлі хлебаробы «Маяка-Ушацкага» – 81 працэнт адведзеных плошчаў.

Калі прыбылі на поле за Мажуйкамі, КВК Аляксандра Бараўцова якраз напоўніў здрабнёнай масай чарговы МАЗ і ў механізатара было некалькі вольных хвілін да прыезду другой адзінкі. “Вы нібыта наўмысна выбралі момант, калі мы ўбіраем бадай што самы неўрадлівы ўчастак, – з адценнем засмучэння зазначыў работнік. – Напэўна, і самі бачылі па дарозе, што на іншых кукуруза лепшая. Але пачалі менавіта тут, бо пасля ўборкі хочам паспець засеяць гэтае поле зерневымі”.

За апошнія пяць сезонаў, калі Аляксандр нязменна садзіўся за штурвал КВК, яму давялося ўбіраць і палеткі, дзе “царыца палёў” дасягала аж трохметровай вышыні. Едзеш па такім полі – і камбайна лічы што не бачна, маршрут вызначаеш па якім-небудзь прыкметным арыенціры, напрыклад, высокім дрэве на другім баку. Але ўсё адносна – і па сёлетнім складаным годзе кукуруза ў гаспадарцы вырасла ў цэлым неблагая. Шкада толькі, што начны марозік падсапсаваў каляровую гаму сакавітых зялёных палеткаў. Ды ўсё роўна навакольныя восеньскія пейзажы проста заварожваюць. І перш чым працягнуць работу ў пары з пад’ехаўшым МТЗ, А.Бараўцоў прызнаецца, што ўборка кукурузы для яго адна з любімых аперацый аграрнага цыкла. Не хаваў добрага настрою і трактарыст Сяргей Кляпец: практычна ўсё лета яго тэхніка задзейнічана на “хімічных” працэсах, ды і апошнімі тыднямі рабіў праполку азімага рапсу, таму было цікава змяніць від дзейнасць, папрацаваць на адвозцы зялёнай масы.

Прыветліва нас сустрэў і Дзмітрый Куксёнак, які трамбаваў на Амкадоры траншэю ля селішчанскай фермы. У гаспадарцы ён усяго трэці месяц, раней працаваў у меліярацыі і лясніцтве, да новага калектыву прывык хутка, стараецца прыстасавацца і да не надта звыклага ненарміраванага працоўнага дня.

Корманарыхтоўцы ў “Агра-Селішчы” надаюць значную ўвагу, бо неабходна забяспечыць дзве фермы з немалым статкам. Мяркуюць, што з дапамогай кукурузы ўдасца прыкметна павялічыць паказчык нарыхтаваных на галаву жывёлы кармавых адзінак, які на ўчарашнюю раніцу складаў 18,29 цэнтнера.

***

Кукуруза займае сёлета ў нашым раёне агульную плошчу 1965 гектараў, 1540 з якіх пойдзе на сілас, а 425 – на зерне. На ўчарашнюю раніцу было ўбрана 269. Самыя хуткія тэмпы дэманструе ААТ “Ільюшынскі” – 88 гектараў.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *