21 ноября – День работников сельского хозяйства и перерабатывающей промышленности АПК

Общество

Паважаныя працаўнікі сяла, работнікі аграпрамысловага комплексу, ветэраны галіны!

Прыміце шчырыя і сардэчныя віншаванні з Днём работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу.

Гэта свята тых, хто любіць сваю зямлю і самааддана працуе на ёй, як ніхто іншы ведае цану хлеба, як самай дарагой каштоўнасці, шануе і беражэ шматвекавыя традыцыі, уносіць свой уклад у справу адраджэння і развіцця вёскі.

Ваша стойкасць і цярпенне заслугоўваюць бязмернай павагі. Прыміце шчырую ўдзячнасць і пажаданні моцнага здароўя, новых працоўных дасягненняў. Няхай з кожным годам больш важкім становіцца хлебны каравай. Няхай вам і вашым сем’ям спадарожнічае згода, дабрабыт і шчасце.

Раённы выканаўчы камітэт.
Раённы Савет дэпутатаў.


 

Вяртаюць крэдыт даверу

Некалькі гадоў таму сям’я Алесі і Аркадзя Кімавых мала што ведала пра Ушацкі раён, а пра ААТ “Ільюшынскі” наогул нічога. Убачыўшы ў інтэрнэце аб’яву, што гаспадарцы патрэбны работнікі, вырашылі з’ездзіць і высветліць абстаноўку. Пабываўшы ж у Ільюшыне, іншыя варыянты працаўладкавання нават і не шукалі.

У суседнім Шумілінскім раёне ў адной з гаспадарак Алеся Мікалаеўна працавала даяркай, а Аркадзь Уладзіміравіч жывёлаводам. Спраўна выконвалі свае абавязкі, аднак невысокія заробкі прымусілі задумацца пра пошукі лепшага месца. “Яшчэ на шляху ў “Ільюшынскі” муж ужо казаў: “Глядзі, якія прыгожыя мясціны – лес, азёры”. Спадабаўся нам і сам аграгарадок, прапанаваныя ўмовы працы і жыцця. Кіраўніцтва гаспадаркі выдзеліла нам дом на цэнтральнай вуліцы з газавым ацяпленнем – такой выгоды не мелі на ранейшым месцы. У двух кроках – ферма, а праз вакно бачна школа, у якую, дарэчы, двое нашых сыночкаў штодня спяшаюцца з вялікім задавальненнем і вельмі любяць сваіх настаўнікаў. Такі крэдыт даверу нам, канечне, трэба было апраўдаць”, – расказвае Алеся Мікалаеўна.

Пачала жанчына з працы даяркай, а сёлета кіраўніцтва, бачачы яе старанні і патэнцыял, прапанавала стаць аператарам па штучным асемяненні У Віцебску Алеся прайшла спецыяльныя курсы, паспяхова здала экзамены. Прызнаецца, што, перш чым згадзіцца, вагалася, бо разумее, што менавіта ад ведаў, майстэрства асемянатараў напрамую залежыць якасць і колькасць прыплоду, узнаўленне статка. “Работа няпростая, але мне падабаецца. Вельмі ўдзячна за дапамогу ў асваенні прафесіі Сяргею Аляксандравічу Цвяцінскаму, які працуе асемянатарам у “Ільюшынскім” шмат гадоў. Ён ужо плануе свой адыход на заслужаны адпачынак, а я яго ўгаворваю яшчэ папрацаваць, каб пераняць шматлікія нюансы справы. Ведаеце, з нецярпеннем чакаю канца зімы – калі з’явяцца мае “першынцы”. Вельмі хочацца, каб выхад цялят быў стапрацэнтны!” – кажа жанчына.

А Аркадзю Уладзіміравічу з першых дзён даверылі тэхніку. Дагэтуль ён не трапляў у аб’ектыў нашых фотакамер, але гэта не азначае, што працаваў горш за ўжо вядомых перадавікоў. Увесь год задзейнічаны на самых розных відах работ – ад падвозу насення на палі да абслугоўвання статка. Летась трапіў у лік пераможцаў раённага спаборніцтва сярод трактарыстаў-машыністаў, што працуюць на МТЗ-82, выпрацаваўшы больш 2 тысяч эталонных гектараў. Дзве замацаваныя за ім адзінкі заўсёды ўтрымлівае ў ідэальным стане і лёгка спраўляецца з рамонтам. Ды і той факт, што тэхагляд праходзіць з першага разу, сведчыць аб яго адказнасці. У цяперашні час А.Кімаў заняты на комплексе на кармленні жывёлы.

Падчас нашай сустрэчы ў маладой сям’і быў выхадны. Дарэчы, іх бывае зусім нямнога, бо стараюцца, разумеюць, што жывёлагадоўля – тая сфера, дзе справу нельга адкласці на заўтра, на тыдзень, а каб атрымаць – трэба ўкладаць.

Вольга КАМАРКОВА.

 

Вядомае прозвішча славіць на нівах

Корманарыхтоўка – самы працяглы па часе працэс аграрнага года. Як сеў Пётр Феліксавіч Караткевіч напрыканцы мая ў кабіну свайго кормаўборачнага комплексу, так і па сённяшні дзень шчыруе на палетках. Пакуль не скавалі зямлю маразы, у “Маяку-Ушацкім” рупліва ўбіраюць апошнія рэшткі сёлетняга небагатага травастою. У чацвер агрэгат працаваў на полі ў Ляхах: падбіраў валкі і напаўняў здрабнёнай масай прычэп трактара, які адвозіў свежы корм на “Маяк”.

Планавых паказчыкаў у гаспадарцы сёлета не дасягнулі – травастой сапсавала засуха ды і кукуруза не парадавала. А вось механізатары, як заўжды, зрабілі ўсё, што ад іх залежала, – невыпадкова Пётр Феліксавіч і яго калега Уладзімір Вашчанка па нарыхтаванай “зялёнцы” трапілі ў тройку лепшых у раёне.

Для П.Караткевіча займаць лідарскія пазіцыі – справа звыклая, бо за чатыры дзесяцігоддзі працы ў сельскай гаспадарцы ён дасягнуў найвышэйшага ўзроўню майстэрства. “Кагосці трэба гадамі вучыць, а Пётр надзвычай кемлівы быў, адразу мог сесці за руль любой тэхнікі. Няма работніка на бульдозер – клічам Караткевіча, ён заменіць. Спецыяліст-універсал, якіх мала!” – характарызуе механізатара былы дырэктар калгаса “XXI партз’езд” Іван Мікалаевіч Падгол, пад кіраўніцтвам якога ў далёкім 1982-м годзе малады селішчанец пачынаў працоўную кар’еру. Пётр Феліксавіч, у сваю чаргу, з настальгічным пачуццём прыгадвае той час: “Гаспадаркі буйныя былі, толькі ў нас каля 200 чалавек працавала. І ўсім работы хапала, нават узімку не прастойвалі: з Рубанікаў у Селішча торф вазілі, павышалі ўрадлівасць палёў”.

У вучэбным цэнтры райсельгасхарча механізатар перавучыўся на катэгорыю, што дае права кіраваць энерганасычанай тэхнікай. Здаецца, няма таго працэсу, на якім ён не быў задзейнічаны. У пэўны перыяд за работнікам было замацавана аж пяць адзінак – два трактары, пагрузчык, КЗР і КВК-800. А калі летась у “Маяку-Ушацкім”, дзе ён працуе апошнія пяць год, з’явіўся новы кормаўборачны агрэгат – аддалі яго ў надзейныя рукі Караткевіча. “Тэхніка добрая: манеўраная, высокапраходная – якраз для нашых палёў!” – радуецца механізатар.

У новым калектыве, дарэчы, ён прыжыўся хутка: работніка паважаюць за майстэрства, адказнасць і сціпласць. Як і раней, Пётр Феліксавіч гатовы адправіцца туды, дзе ў ім ёсць патрэба: мінулай зімой, напрыклад, перакваліфікаваўся ў жывёлаводы і шчыраваў на матырынскай ферме. Пра тое, што звязаў жыццё з сельскай гаспадаркай, мужчына не шкадуе. З задавальненнем зазначае, што ў “Маяку-Ушацкім” працуе і дачка Ірына – займаецца кадравымі пытаннямі. Радуюць Пятра Феліксавіча і яго жонку тры ўнукі, якія любяць бываць на іх утульнай сядзібе ў Селішчы.

“Дзякуй, што праявілі да мяне ўвагу. Але выбачайце, трэба ехаць, кожная хвіліна на ўліку”, – ветліва абвясціў ён канец нашай гутаркі на ўскрайку ўжо амаль зімовага поля і завёў рухавік. Не да размоў, калі справа стаіць.

Наталля БАГДАНОВІЧ.

 

Без бочкі з вадою не будзе ўдою

Задума напісаць пра Васіля Аляксандравіча Лабецкага ўзнікла ў нас яшчэ падчас Свята малака, што ладзілася напрыканцы жніўня ў Вялікіх Дольцах. Сам трактарыст-машыніст там не прысутнічаў, затое яго прозвішча з удзячнасцю называлі перадавыя даяркі, якіх ушаноўвалі на імпрэзе. Гэтым як ніколі спякотным летам старанны работнік бесперабойна забяспечваў вадой усе гурты мясцовай гаспадаркі.

– Гарачы быў сезон, – прызнаецца механізатар. – Уставаў, як толькі развіднялася, яшчэ да чатырох гадзін, і да цёмнага круціўся па пашах. Пяцітоннай бочкі хапала ненадоўга – у самыя спякотныя дні на кожны з пяці гуртоў прыязджаў і па чатыры разы. Жывёла ж у нас пасвілася і ля Заазер’я, і ў Скачыхах, так што хапіла прабегу майму трактарку.

МТЗ-82 Васіля Аляксандравіча сышоў з канвеера яшчэ ў 2008-м, таму перад сезонам ён карпатліва перагледзеў усе вузлы, падрамантаваў тое-сёе – вось і вытрымала тэхніка летнюю нагрузку. Калясіў паміж фермамі і пасля пачатку стойлавага перыяду: дзе патрэбна – падвязе ваду, на зваротным шляху вывезе арганіку, усё дакладна і па-гаспадарску. І толькі напрыканцы восені “жалезны конь”, відаць, выбраў свой рэсурс. Пакуль не прывезлі патрэбныя для рамонту запчасткі, трактарыст займаецца іншымі актуальнымі справамі: гэтымі днямі, напрыклад, ля фермы Міхалкаўшчына працаваў на здрабненні саломы, якую дадаюць да сіласу. Раскатаць уручную 500-кілаграмовыя рулоны мужчынам нават упяцёх няпроста, але Васіль Аляксандравіч загартаваны шматгадовай сялянскай працай і для яго няма той справы, якую б ён палічыў цяжкай ці нявартай. Быў, напрыклад, час, калі па просьбе кіраўніцтва пакінуў кабіну трактара і перайшоў у пастухі, ну а потым зноў вярнуўся за звыклы руль.

На Ушаччыну ён трапіў, калі разваліўся родны калгас у Полацкім раёне: прачытаў аб’яву, што ў “Вялікадолецкім” ёсць работа і жыллё, пагутарыў з тагачасным дырэктарам Іванам Піліпавічам Дарошчанкам – і рашыўся на пераезд. Спачатку сям’я пасялілася ў Царкавішчы, а потым атрымалі дом у аграгарадку. І за гэты час Вялікія Дольцы сталі для сям’і Лабецкіх родным месцам. Тут выраслі малодшыя дзеці – дачка вучыцца ў сёмым класе, сын Ігар, які яшчэ нядаўна радаваў нас прызавымі месцамі на трасах “Снежнага снайпера”, зараз паспяхова асвойвае будаўнічую прафесію ў Ульскім ліцэі. Усяго ж Васіль Аляксандравіч выгадаваў шасцярых дзяцей.

У першы дзень 2021-га ён адзначыў 60-гадовы юбілей. “Насамрэч нарадзіўся я напярэдадні, але ў метрыках запісалі на 1 студзеня. І такім чынам пазбавілі мяне аднаго лішняга свята!” – з усмешкай зазначае механізатар. Урачыстым і прыемным будзе для яго і заўтрашняе – прафесійнае. Праца гэтага руплівага і сціплага чалавека не заўсёды на віду, але яна надзвычай патрэбная і роднай гаспадарцы, і ўсім нам.

Наталля БАГДАНОВІЧ.

 

 

Добры настрой – па інструкцыі

У секцыі Аксаны Генадзьеўны Макаранкі парсючкі-сасункі, ад роду якім усяго 28 дзён. Чаго не скажаш, гледзячы на гэтага ладнага гадаванца на яе руках. І тое праўда – не ўсе, як ён, важаць пад 10 кілаграмаў, у сярэднім у “ясельнай групе” – 7,5. А ўсяго чатыры тыдні таму аператар трымала на руках кілаграмовых малышоў, якіх па-гаспадарску размяркоўвала да мамак. Так, не заўсёды малыя застаюцца ў станку, дзе нарадзіліся, бо ў апаросе бывае нават 20 штук. Зразумела, не выкарміць столькі нават самая мажная мамка, тады і падсаджваюць да нешматдзетных, або нават сурагатных. Аказваецца, ёсць і такія карміцелькі, ад якіх ўжо аднялі малых, і тут жа сфарміравалі новую групу з “лішніх” парасят.

Пра такія тонкасці заатэхніі Аксана Генадзьеўна яшчэ нічога не ведала 2 гады таму. Але на комплекс прасілася, як толькі пачула пра яго адкрыццё, хоць і мела работу. Повар па адукацыі, яна гатавала для вучняў Дубраўскай. Вяркудскай, а потым Глыбачанскай школ. Ас у прафесіі рашылася на больш цяжкую і незнаёмую справу, паколькі надакучыла штодня губляць час, каб дабрацца да працоўнага месца. Зараз яна ездзіць на веласіпедзе.

“Хоць і трымала дома свіней, аказалася, што далёкая ад тэхналагічнага догляду. Гэта зараз я не пераблытаю шчыпцы для абрэзкі клычкоў і хвосцікаў, – прыгадвае Аксана Генадзьеўна. – А тады ўсё паказвала загадчык комплексу Вольга Мікалаеўна Шумінская, глядзела, як робяць іншыя – секцыі ж запаўняліся паступова. – Так, цяжка, за дзень не прысядзеш, я і абедаю ўсяго хвілін пятнаццаць, ды хутчэй бягу ў хлеў, каб усё паспець, у мяне ж сям’я вялікая – 60 свінаматак і 730-780 малых”.

– Яна і сваім выхадным ахвяруе, хоць у гэтым няма пільнай патрэбы. Падменны аператар працуе, а Аксана ўсё роўна прыйдзе, калі не паспела сфарміраваць секцыю ці падалося, што нехта невясёлы. І не падумайце, што не спраўляецца, проста прывыкла, каб было ўсё дасканала. На яе тэрыторыю ступаць прыемна. Некаторыя ж як ставяцца: свінарнік – і гэтым усё сказана, а ў Макаранкі беленька і чыста, нібыта ў сталовай. Дыванкі прыбраны і пасыпаны, у кармушках камбікорм, а самых слабых з рук корміць”, – расказвае пра свайго лепшага работніка кіраўнік В.Шумінская. – Дарэчы, яна адзіная, хто з аператараў не хварэў у чацвёртую хвалю на каранавірус, таму і замяняла выбыўшых, працавала без выхадных. Але ніколі не паскардзіцца, не адмовіць у просьбе, яе не ўбачыш у дрэнным настроі. Гэта, дарэчы, у нас “па інструкцыі” не паложана – адчуванні аператара перадаюцца на малых.

Карміць з рук – гэта значыць з соскі ці нават піпеткі. Першым часам, калі свінаматка выпадкова задавіць малога (такое здараецца), плакала. Дарэчы, за карміцелькамі таксама сочаць і памячаюць, якая мамка па прадукцыйнасці ды паводзінах. Перажывае за кожнага з сямісот, як за сваіх дзяцей. А ў Аксаны Генадзьеўны тры дачкі. “Зараз і дапамагчы нечым магу, заробак жа намнога вышэй стаў. Старэйшая ўнучачку нядаўна падарыла нам, а малодшая на першым курсе. Так што ёсць на што траціць. І я бязмерна ўдзячна раённым уладам і У.П.Некрашэвічу за такое выдатнае працоўнае месца, якое з’явілася ў дубраўчан”, – гаворыць перадавік, не хаваючы, як даражыць гэтай работай.

Вольга КАРАЛЕНКА.

 

Каб зноў гучалі “Глыбачаны”

Дынастыю Мала­хавых на Ушаччыне ведае, напэўна, кожны. На Дошцы гонару ў газеце былі як Аляксандр Аляксандравіч, за плячыма якога амаль тры дзясяткі год працоўнага стажу ў сельгасгаліне, так і яго сыны Станіслаў і Дзмітрый. “Хутка будуць аўтографы раздаваць, як іх цёзка з тэлеэкранаў!” – па-добраму зайздросцяць калегі механізатараў.

Ураджэнец Усвеі ў гэтым сезоне сапраўды на перадавой: нягледзячы на нізкую ўраджайнасць збожжавых, выкліканую засушлівым надвор’ем, у чарговы раз стаў “тысячнікам”. Прычым, зрабіў гэта не ў складзе экіпажа, а ў адзіночку. “Нічога дзіўнага: я ж на новенькім камбайне, атрыманым гаспадаркай летась, працаваў – ніякіх паломак ды прастояў не было”, – нібы апраўдваючыся, тлумачыць мужчына. Пра тое ж, колькі сіл даводзілася прыкладаць, каб дасягнуць такога высокага выніку, А.А.Малахаў сціпла ўмоўчвае. Раннія выхады на працу, познія вяртанні, адсутнасць выхадных для яго – звычайны рабочы рытм.

З юнацтва Аляксандр Аляксандравіч любіў тэхніку, літаральна парушынкі здзімаў са свайго матыцыкла. Да таго ж многа станоўчага чуў пра мясцовы племсаўгас, дырэктарам якога быў ардэнаносец Пётр Ніканоравіч Плаксіцкі (трапіць сюды на працу ў тыя часы марылі многія). Так выбраў будучую прафесію і пасля заканчэння Ульскага вучылішча стаў у “Глыбачанах” механізатарам.

Работу сваю любіў, таму пасля службы ў арміі нічога мяняць не стаў – з 1992-га і вядзе адлік прафесійнай дзейнасці. Дарэчы, папрацаваў і на “Маяку-Ушацкім”. Вось толькі родныя глыбачанскія палеткі аказаліся больш па душы.

З 2007 года А.А.Малахаў заняты на ўчастку УП ЖКГ у Вяркудах, а ў сезон – з сакавіка і да позняй восені – традыцыйна перакваліфікоўваецца ў аграрыя, дапамагаючы КУСГП “Глыбачаны”. “У любую пару не сяджу без працы, – зазначае мужчына. – Вясной задзейнічаны на ўзворванні, летам – у корманарыхтоўцы, падчас жніва – на камбайне. Гэтай справай, можна сказаць, жыву. Таму мяркую ў новым сезоне ўладкавацца ў гаспадарку на пастаяннай аснове”. Такім планам мужчыны адміністрацыя сельгаспрадпрыемства, безумоўна, рада: старанны работнік, які і паказчыкі высокія дэманструе, і “сухога закону” строга прытрымліваецца, зараз на вагу золата. Да ліку такіх адносяцца і абодва сыны Аляксандра Аляксандравіча, якія з маленства назіралі за тым, як умела спраўляецца на жніве бацька, канікулы праводзілі з ім на камбайне, а калі выраслі, і самі селі за руль такой тэхнікі.

Заўсёды актыўны А.А.Малахаў і дома: штосьці падрамантаваць, парадак у агародзе навесці – не праблема. Ёсць і падсобная гаспадарка: куры, парсючкі, да нядаўняга часу з жонкай трымалі яшчэ карову, каня. У вольны час любіць парыбачыць на Усвейскім возеры, да якога метраў 100. І хоць атрымліваецца гэта толькі зімой, пасля заканчэння сельскагаспадарчага сезона, аб прафесійным выбары, зробленым 30 год таму, герой нашага аповеду не пашкадаваў ні разу.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.

 

За адкрытай усмешкай – цвёрды характар

Калі два гады таму Валянціна Пятроўна Глінская атрымала прапанову ўзначаліць зернесушыльную гаспадарку “Дземенца” – яна здзівілася і нават збянтэжылася. У аграрнай галіне жыхарка Сарочына працавала і раней: доўгі час загадвала фермай у Слабадзе. Аб’ект закрыўся, і жанчына шукала новую работу, але вось так перайсці з жывёлагадоўлі ў сферу, што патрабуе зусім іншых навыкаў, рашыўся б далёка не кожны. Але Валянціна з тых людзей, каму цікава спасцігаць новае – і праз некалькі дзён яна ўжо аглядала ўчастак, дзе даводзіцца да кандыцыі і захоўваецца дземянецкае насенне.

У колішнія часы зерневы комплекс у Крошыне быў прадметам гонару гаспадаркі. Абсталяванне, устаноўленае дзясяткі год таму, беражліва даглядаў былы аграном Сяргей Данілавіч Хадан, дзякуючы якому яно дагэтуль захавала рабочы стан. І хоць спецыяліст на заслужаным адпачынку, не адмовіў новай загадчыцы, калі тая папрасіла ўвесці ў курс спраў. “Пра тое, што згадзілася на гэту работу, не шкадую, а ўнікаць у тэхнічныя моманты ўвогуле было цікава”, – адзначае Валянціна Пятроўна. А што яна сапраўды няблага асвоілася, паказала экскурсія, падчас якой загадчыца падрабязна і дасціпна тлумачыла, як зерне з машыны пярвічнай ачысткі праз норыі, шнэкі і бункеры трапляе ў петкус.

Справіўшыся з падрыхтоўкай насення для азімай сяўбы, тут узяліся за яравое: ужо ачысцілі 30 тон пшаніцы і 38 ячменю. Гэты сезон быў няпростым: не хапала людзей і тэхнікі, выходзіла са строю абсталяванне. Зусім нядаўна ў “Дземенцы” нават дапамагалі іншым ачышчаць травы, але ж механізмы ўсё больш зношваюцца. “Калі паломка сур’ёзная – выклікаем “цяжкую артылерыю” з інжынернай службы. З дробнымі стараемся спраўляцца самі, – расказвае загадчыца. – Замену сітаў і іншую наладку ажыццяўляюць трактарыст Аляксандр Шарыпа і рабочыя ўчастка”.

З падначаленымі Валянціна Пятроўна адразу знайшла агульную мову. Чалавек яна спагадлівы, але дзе трэба – праявіць і строгасць. Добрымі памагатымі аказаліся і падлеткі, якія працавалі на зернятоку ў гарачы час жніва. На ўчастку шмат няпростай ручной работы. Тая ж старажытная напольная сушылка, канечне, не ідзе ні ў якое параўнанне з сучаснымі, але даводзіцца працаваць з тым, што ёсць – і работнікі стараюцца дастойна выконваць важную місію.

“Канечне, працоўнае месца далекавата: да Ушач дабіраюся на аўтобусе, адтуль на машыне падвозіць хтосьці з кіраўніцтва, а вечарам, бывае, дырэктар Васіль Уладзіміравіч Хамёнак і ў Сарочына адвязе. Увогуле падабаецца добразычлівая атмасфера ў калектыве і тое, як адміністрацыя ставіцца да работнікаў”, – адзначае Валянціна Пятроўна. Свабодны ж час яна прысвячае дзвюм дачушкам, якіх пасля заўчаснай смерці мужа гадуе адна: старэйшая вучыцца ў каледжы, малодшая – у школе, і абедзве стараюцца радаваць сваю цудоўную маму.

Наталля БАГДАНОВІЧ.


 

Пераможцамі спаборніцтва сярод сельскагаспадарчых арганізацый раёна за дасягненне лепшых вынікаў у развіцці аграпрамысловага комплексу ў 2021 годзе прызнаны:

Сярод старшых камбайнераў і камбайнераў сельскагаспадарчых арганізацый:

АЎДОШКА Сяргей Сяргеевіч з філіяла “Маяк-Ушацкі” ААТ “Полацкі КХП”, які на камбайне “Нью-Холанд” намалаціў 1271 тону зерня;
СПІРЫДЗЁНАК Анатоль Дзмітрыевіч і ПЛІГАЎКА Аляксандр Сцяпанавіч з ААТ “Ільюшынскі”, якія на камбайне КЗС-1218 “Палессе” намалацілі 1218 тон зерня;
МАЛАХАЎ Аляксандр Аляксандравіч з КУСГП “Глыбачаны”, які на камбайне КЗС-1218 “Палессе” намалаціў 1101 тону зерня;
ТАРАКАНАЎ Уладзімір Мікалаевіч з КУСГП “Глыбачаны”, які на камбайне КЗС-1218 “Палессе” намалаціў 744 тоны зерня;
ВУСЬКО Сяргей Міхайлавіч з КУСГП “Вялікодолецкае”, які на камбайне “Ліда-1300” намалаціў 489 тон зерня;
СТУПКО Мікалай Уладзіміравіч з ААТ “Ільюшынскі”, які на камбайне КЗС-10 К “Палессе” намалаціў 436 тон зерня.

Сярод камбайнераў кормаўборачных машын:

БАРАЎЦОЎ Аляксандр Уладзіміравіч з ААТ “Агра-Селішча”, які на камбайне КВК-800 нарыхтаваў 10236 тон зялёнай масы.
КАРАТКЕВІЧ Пётр Феліксавіч з філіяла “Маяк-Ушацкі” ААТ “Полацкі КХП”, які на камбайне КЗР-10 нарыхтаваў 10100 тон зялёнай масы;
ВАШЧАНКА Уладзімір Анатольевіч з філіяла “Маяк-Ушацкі” ААТ “Полацкі КХП”, які на камбайне КВК-800 нарыхтаваў 8553 тоны зялёнай масы.

Сярод вадзіцеляў транспартных сродкаў, занятых на корманарыхтоўцы:

ЖАВАРАНАК Анатоль Мікалаевіч з ААТ “Агра-Селішча”, які на трактары МТЗ-3022 перавёз 3436 тон зялёнай масы;
ПРАШКЕВІЧ Дзмітрый Сяргеевіч з філіяла “Маяк-Ушацкі” ААТ “Полацкі КХП”, які на трактары МТЗ-1221 перавёз 3344 тоны зялёнай масы.
СЕЛЕЗЕНЬ Аляксандр Віктаравіч з ААТ “Ільюшынскі”, які на трактары МТЗ-3522 перавёз 3333 тоны зялёнай масы.

Сярод аператараў машыннага даення:

БАЖАНАВА Алена Васільеўна з КУСГП “Вялікадолецкае”, якая надаіла на карову 2432 кілаграмы малака і забяспечыла прырост гэтага паказчыка да ўзроўню мінулага года;
КАСЯК Валянціна Сяргееўна з КУСГП “Вялікадолецкае”, якая надаіла на карову 2334 кілаграмы малака і забяспечыла прырост гэтага паказчыка да ўзроўню мінулага года.

Сярод трактарыстаў-машыністаў:

на трактарах з магутнасцю рухавіка да 100 конскіх сіл:
БУЙНІЦКІ Віктар Мікалаевіч з ААТ “Ільюшынскі”, які на трактары МТЗ-952 выпрацаваў 2612 умоўных эталонных гектараў;
КАЧАН Генадзь Віктаравіч з КУСГП “Вялікадолецкае”, які на трактары МТЗ-82 выпрацаваў 2251 умоўны эталонны гектар;
РУДЗЁНАК Фёдар Раманавіч з філіяла “Маяк- Ушацкі” ААТ “Полацкі КХП”, які на трактары МТЗ-82 выпрацаваў 2032 умоўныя эталонныя гектары;

на трактарах з магутнасцю рухавіка ад 100 да 250 конскіх сіл:
СПІРЫДЗЁНАК Анатоль Дзмітрыевіч з ААТ “Ільюшынскі”, які на трактары МТЗ-1221 выпрацаваў 3112 умоўных эталонных гектараў;
РАЖНОЎСКІ Міхаіл Міхайлавіч з філіяла “Маяк- Ушацкі” ААТ “Полацкі КХП”, які на трактары МТЗ-1221 выпрацаваў 2656 умоўных эталонных гектараў;
БУКА Віталь Віктаравіч з КУСГП “Вялікадолецкае”, які на трактары МТЗ-1221 выпрацаваў 2570 умоўных эталонных гектараў;

на трактарах з магутнасцю рухавіка звыш 250 конскіх сіл:
ЛІТВІН Андрэй Пятровіч з КУСГП “Глыбачаны”, які на трактары МТЗ-3022 выпрацаваў 5439 умоўных эталонных гектараў;
БУРАК Дзмітрый Аляксандравіч з ААТ “Ільюшынскі”, які на трактары МТЗ-3022 выпрацаваў 5281 умоўны эталонны гектар.
УСОВІК Анатоль Віктаравіч з ААТ “Ільюшынскі”, які на трактары МТЗ-3022 выпрацаваў 5118 умоўных эталонных гектараў;

Сярод аператараў на вырошчванні і адкорме буйной рагатай жывёлы:

ПЛІСКЕВІЧ Аксана Пятроўна з КУСГП “Глыбачаны”, якая атрымала 726 грамаў сярэднясутачных прываг і забяспечыла прырост гэтага паказчыка да ўзроўню мінулага года;
ЧУЛЬБА Галіна Іванаўна, САЎЧАНКА Мікалай Аляксандравіч, ДЗІУЛЬСКАЯ Аксана Аляксандраўна з філіяла “Маяк-Ушацкі” ААТ “Полацкі КХП”, якія атрымалі 683 грамы сярэднясутачных прываг і забяспечылі прырост гэтага паказчыка да ўзроўню мінулага года;
БУЧЫНСКІ Васіль Васільевіч, ГРУДСКІ Андрэй Аляксеевіч з філіяла “Маяк-Ушацкі” ААТ “Полацкі КХП”, якія атрымалі 649 грамаў сярэднясутачных прываг і забяспечылі прырост гэтага паказчыка да ўзроўню мінулага года.

Сярод аператараў па абслугоўванні свіней:

МАКАРАНКА Аксана Генадзьеўна, аператар па абслугоўванні свіней, свінаматак з прыплодам вытворчага ўчастка “Хадакова” ЗАТ “Віцебскаграпрадукт”, якая атрымала ў сярэднім на адзін апарос 13,3 парасяці, 215 грамаў сярэднясутачных прываг;
ШАЎРОВА Таццяна Віктараўна, аператар па абслугоўванні свіней, свінаматак з прыплодам вытворчага ўчастка “Хадакова” ЗАТ “Віцебскаграпрадукт”, якая атрымала ў сярэднім на адзін апарос 13,2 парасяці, 215 грамаў сярэднясутачных прываг.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *