Программа «Чистые поля» в Ушачском районе

Общество

Уздоўж дарог і каля палёў, пэўна, многім давялося бачыць людзей, якія займаліся высечкай кустоўя і дрэў. Але нямногія зразумелі, з якой мэтай праводзіцца такая работа.

На Віцебшчыне ў рамках спецыяльнай абласной праграмы “Чыстыя палі” ва ўсіх раёнах разгорнута масавая работа па ачыстцы палёў ад драўнінна-хмызняковай расліннасці, ліквідацыі вымачак. У нашым раёне, як у нямногіх іншых, вельмі маленькая контурнасць палёў, а вызваленне зямлі ад кустоўя дазволіць уключыць у севазварот дадатковыя гектары і павялічыць сярэднюю контурнасць палёў. Без гэтага немагчыма паўнацэнная і эфектыўная работа энерганасычанай тэхнікі, якой у апошні час папоўніліся паркі ўсіх гаспадарак.

Дзякуючы праграме “Чыстыя палі”, якая падштурхнула да прыняцця неадкладных мер, не толькі пашыраюцца пасяўныя плошчы, але і прыводзяцца ў парадак землі, павышаецца культура земляробства, адпаведна паляпшаецца знешні выгляд. Кіраўніцтвам вобласці пастаўлена задача мець сярэднюю контурнасць ворыўных зямель 15-20 гектараў, што дазволіць на 30 працэнтаў зэканоміць гаруча-змазачныя матэрыялы, на 10 скараціць расход насення, угнаенняў і сродкаў абароны раслін. Павелічэнне сярэдняга контуру зямель сельскагаспадарчага прызначэння можа павысіць прадукцыйнасць аднаго гектара на 20-25 %.

На будучых нівах КУСГП “Дубраўка” мы засталі за нялёгкай працай работнікаў прадпрыемства меліярацыйных сістэм, якія вялі барацьбу за карысныя гектары ўздоўж дарогі на Бешанковічы. Арганізавана яны высякалі кустоўе.

– Канечне, цяжка працаваць, цэлы дзень з пілой у руках, кожны крок ногі правальваюцца пад зляжалы снег, не так лёгка перамяшчацца, аднак вынік работы бачны,  – гавораць працаўнікі УП “Ушацкае ПМС”. Вынік работы сапраўды бачны. За тыдзень ўздоўж дарогі наведзены прыкметны парадак на працягу не аднаго кіламетра, адразу мяняецца знешні выгляд. А вызваленыя гектары хутка прынясуць карысць. Асваенне новых зямель і атрыманне дадатковых ураджаяў – надзейны шлях да харчовай бяспекі. Ды і высечанае кустоўе служыць раёну – ідзе на выраб шчапы. На выкананне праграмы “Чыстыя палі” на тэрыторыі Віцебшчыны з абласнога бюджэту вырашана выдзеліць 25 мільярдаў рублёў, сродкі ў раён ужо паступілі. Усяго ж у вобласці плануецца ачысціць ад кустоўя 100 тысяч гектараў зямель, заданне па Ушацкім раёне – 3 тысячы гектараў. В.ПОЛАЗАВА. На здымку: брыгада П.М.Сазонава.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *