В Ушачах в торжественной обстановке чествовали победителей районного конкурса по благоустройству

Общество

Ёсць у календары культурна-масавых падзей раёна мерапрыемства, інтарэс да якога ва ўшачан заўсёды надзвычайны. Галоўнымі яго героямі могуць стаць любыя арганізацыі, вёскі ці гаспадары сядзіб – трэба толькі паставіць мэту і плённа папрацаваць над яе ажыццяўленнем. Размова ідзе пра ўрачыстасць па ўшанаванні пераможцаў раённага агляду-конкурсу на лепшае добраўпарадкаванне і санітарны стан населеных пунктаў, утрыманне аб’ектаў вытворчага і сацыяльна-культурнага прызначэння. І трэба сказаць, што ў гэты раз імпрэза была асабліва чаканай: складаная эпідсітуацыя прымусіла перанесці яе з традыцыйнай лістападаўскай даты на пачатак студзеня, ад чаго мерапрыемства набыло і ўзнёслае каляднае аздабленне.

Сёстры Н.Конух, С.Гара, ­В.Жураўская (на пярэднім плане) з групай падтрымкі.

Стваралася святочная атмасфера ўжо ў фае раённага цэнтра культуры і народнай творчасці, дзе майстры Дома рамёстваў, клуба “Адраджэнне”, цэнтра дзяцей і моладзі прэзентавалі выставы сваіх вырабаў. Ну а пра адметную грамадска-палітычную падзею, якая ў хуткім часе мае адбыцца ў нашай краіне, нагадваў стэнд “Галоўны Закон Рэспублікі Беларусь”, аформлены раённай бібліятэкай.

У сваёй прывітальнай прамове старшыня райвыканкама С.С.Садоўскі падкрэсліў, што навядзенне парадку на зямлі, фарміраванне ў насельніцтва высокай культуры быту ўваходзіць у лік важнейшых напрамкаў дзяржаўнай палітыкі. Летась у раёне ў гэтым плане зроблена нямала: пад пастаяннай увагай былі месцы воінскіх пахаванняў, актыўна вялася барацьба з распаўсюджаннем баршчэўніку, выдаляліся аварыйныя дрэвы, прыбіраліся стыхійныя сметнікі, акультурваліся месцы адпачынку, прырос зялёнымі насаджэннямі райцэнтр. Асноўная частка запланаваных мерапрыемстваў выканана, аднак наперадзе яшчэ шмат работы: так, асаблівай увагі патрабуе навядзенне парадку на фермах і мехдварах, у неахайным стане знаходзяцца многія могілкі, чакаюць зносу трухлявыя будынкі ды і гаспадарам некаторых жылых дамоў варта паклапаціцца пра больш прывабны выгляд сваіх падворкаў.

Сям’я Гаманёк з Касароў.

Ды ўсё ж акуратных, дагледжаных вытворчых аб’ектаў і прыватных сядзіб у нашым раёне значна больш – што і засведчыла ўрачыстасць. Па традыцыі першымі заслужаныя дыпломы, кветкі і каштоўныя падарункі атрымалі з рук С.С.Садоўскага і старшыні раённага Савета дэпутатаў Н.М.Марковіч кіраўнікі арганізацый. Ужо як дзяжурны факт мы ўспрымаем чарговую перамогу Ушацкага раёна газазабеспячэння ў намінацыі “Лепшае прадпрыемства г.п.Ушачы”: і гэта нядзіўна, бо тут пастаянна ўдасканальваюць і без таго шыкоўную тэрыторыю, ля якой проста нельга прайсці, не спыніўшы захоплены погляд. Каласальная работа праведзена за год ва Ушацкім лясгасе і без перабольшвання можна сказаць, што ўсе лясніцтвы маглі б прэтэндаваць на перамогу ў “лесагаспадарчай” намінацыі, бо з’яўляюцца ўпрыгожаннем адпаведных вёсак і аграгарадкоў. Аднак лаўры дасталіся абноўленаму аб’екту – фантастычнаму па выглядзе Ушацкаму доследна-вытворчаму лясніцтву.

А.Хамёнак.

нымі трафеямі ўзнялася загадчык магазіна “Родны кут” вёскі Сарочына Юлія Алегаўна Аўтух: гэта гандлёвая кропка на ажыўленай трасе годна нясе сваю місію аб’екта, па якім судзяць пра наш раён. А вось для загадчыка ясляў-сада №4 ­г.п.Ушачы Вольгі Мікалаеўны Тычына гэта быў “дэбют” – зрэшты, цалкам заслужаны, бо ў 2021-м годзе тэрыторыя ўстановы папоўнілася цэлым шэрагам новых элементаў і кампазіцый. Прыемна было бачыць сярод лаўрэатаў Вяркудскі дом культуры – Святлана Сямёнаўна Грак не так даўно ўзначаліла ўстанову, але вакол яе сфарміравалася дружная група энтузіястаў з ліку работнікаў і наведвальнікаў, якія і мерапрыемствы разам рыхтуюць, і над упрыгожваннем тэрыторыі шчыруюць.

Заўсёды вялікая канкурэнцыя ў намінацыі “Лепшы аб’ект аграгарадка” – і для лідарства ў ёй супрацоўнікам пажарнага аварыйна-выратавальнага паста №11, размешчанага ў Вялікіх Дольцах, давялося шчыра папрацаваць. Але вынік таго варты: будынак радуе вока абноўленым фасадам і дахам, на тэрыторыі з’явілася шмат дэкаратыўных раслін, рэтра-кампазіцыя з пажарнай бочкай на колах. “Над пераўвасабленнем працавалі ўсе супрацоўнікі, – расказвае начальнік паста Юрый Аляксандравіч Кісель. – Напрыклад, дзякуючы залатым рукам камандзіра аддзялення Сяргея Іванавіча Лісоўскага і яго калег у нас з’явілася вельмі прыгожая альтанка, а дыспетчар цэнтра аператыўнага ўпраўлення Наталля Сямёнаўна Пячура паспрыяла стварэнню кветкавых кампазіцый”.

Н.Марковіч і С.Садоўскі віншуюць сям’ю Кляпец.

Па праве лепшым сельскім населеным пунктам прызнана вёска Гута Жарскага сельсавета. Вялікі ўклад у гэта ўнёс яе старэйшына Э.А.Сабіраў – аўтарытэтны лідар і неабыякавы чалавек, заўжды гатовы адстойваць грамадскія інтарэсы. “Гэта перамога – заслуга вяскоўцаў, што стараюцца падтрымліваць парадак на сваіх сядзібах, – зазначае Эрыджан Арэвіч. – Паспрыяў поспеху і той факт, што ў Гуце няма неахайных пустуючых дамоў. Вялікую работу мы правялі па добраўпарадкаванні могілак, прычым да суботнікаў прыцягвалі і мясцовых ураджэнцаў, якія жывуць у гарадах. Доўгачаканай падзеяй стала асфальтаванне дарогі. Ну а падарункавы сертыфікат на набыццё альтанкі, які мы атрымалі за перамогу, дапаможа зрабіць нашу Гуту яшчэ больш прывабнай!”

Хоць не існуе намінацыі “Лепшая вуліца гарпасёлка”, але такое званне сёлета маглі б падзяліць Калінінская і Кастрычніцкая, якія дэлегавалі ў лаўрэацкі пратакол аж чатырох прадстаўнікоў: шыльды “Дом узорнага парадку” ўпрыгожаць фасады сядзіб Сяргея Пятровіча і Ліліі Альбінаўны Долгіх, Аляксея Адольфавіча і Веранікі Васільеўны Герасімавых, а званне лепшых ветэранскіх падворкаў заслужылі Аляксей Міхайлавіч і Наталля Віктараўна Кляпец, Валянціна Дзмітрыеўна Карчэўская. “Гэту ўзнагароду мы павінны падзяліць з маёй мамай Аляксандрай Андрэеўнай Смык, якая ўсё жыццё падтрымлівае парадак на падворку, упрыгожвае яго кветкамі, – адзначае В.Герасімава. – Мы ж з мужам пастараліся аздобіць участак сучаснымі элементамі. Так, летась на месцы знесенай старой пабудовы ўладкавалі гульнявую пляцоўку са спецыяльным абсталяваннем: тут і лесвічкі, і арэлі, і пясочніца – сапраўднае раздолле для трох нашых маленькіх унукаў”. Не абавязкам, а любімым хобі лічыць добраўпарадкаванне сям’я Долгіх. Трымаюць яны ва ўзорным стане не толькі дом у райцэнтры, а і бацькоўскую сядзібу ў Крыскавічах. І калі гаспадар адказвае за пабудовы, агароджы і сад, то вотчына гаспадыні – дэкаратыўныя расліны, якія прадстаўлены ў вялікай колькасці і разнастайнасці. Ёсць сярод іх і ўнікальныя для нашага раёна экзэмпляры: напрыклад, скумпія гарбарная – дзівосны кустарнік з бардовымі лістамі і пухнатымі кветкамі-шарамі. “Догляд за раслінамі дазваляе абстрагавацца ад службовых клопатаў і спраў”, – прызнаецца Лілія Альбінаўна.

Вёска Гута.

Нямала прыгожых падворкаў і на вуліцы Еўдакіі Лось, але ўчастак Яўгеніі Андрэеўны і Барыса Іванавіча Акулёнкаў з’яўляецца прыкладам прадуманасці і гарманічнасці. Гаспадары могуць даваць майстар-класы, як з толкам і густам выкарыстаць кожны метр зямлі. А разная альтанка, якую Барыс Іванавіч вырабіў па ўласных чарцяжах, з’яўляецца сапраўдным экспанатам дойліднага мастацтва.

Большую частку года праводзяць на бацькоўскай сядзібе ў Селішчы Алег Уладзіміравіч і Вольга Міхайлаўна Галавач. “Мы добраўпарадкоўваем не толькі сваю, а і прылеглую тэрыторыю. Муж нават заклаў невялікі “дэндрарый”, дзе штогод садзіць маладыя дрэўцы. Ну а маё гарачае захапленне – кветкі. Асабліва люблю бругмансіі, таму і зімой наведваюся ў Селішча, каб іх даглядаць”, – распавядае Вольга Міхайлаўна.

Не збылі і не закінулі бацькоўскі дом у вёсцы Увалокі Сарочынскага сельсавета навапалачанкі Софья Васільеўна Гара і Вольга Васільеўна Жураўская. Ператвараюць сядзібу ў райскі куточак, вырошчваюць кавуны і дыні, упрыгожваюць падворак не толькі раслінамі, а і архітэктурнымі формамі, сярод якіх ёсць нават галерэя карцін з… бутэлечных накрывак. Часта прыязджае з Ушач, каб папрацаваць і адпачыць на сядзібе, і іх малодшая сястра Наталля Васільеўна Конух. Прадстаўнікі гэтай вялікай дружнай сям’і разам сабраліся і на раённай урачыстасці – і проста выпраменьвалі цёплыя пазітыўныя эмоцыі!

Вельмі ўзрушаным выглядаў і адзін з самых узроставых лаўрэатаў – гаспадар лепшага ветэранскага падворка Ушацкага сельсавета Анатоль Антонавіч Хамёнак. У роднай вёсцы Пліна прайшло ўсё яго жыццё, тут разам з жонкай гадаваў сына і дачку, і хоць даўно застаўся ўдаўцом, не апусціў рук і па-ранейшаму ў парадку трымае дом і ўчастак, аздабляе яго дэкаратыўнымі элементамі. “Вялікі дзякуй старшыні нашага сельсавета Міхаілу Пятровічу Хомічу, які вылучыў маю сядзібу, камісіі, што зацвярджала пераможцаў, і, канечне, усім культработнікам і юным артыстам, якія радавалі нас сёння канцэртнымі нумарамі. Як добра, што ў раёне праводзіцца такі конкурс! Думаю, што для многіх ушачан гэта стымул для ўдасканалення: што ні кажы, а быць сярод лепшых вельмі прыемна!” – падзяліўся ўражаннямі Анатоль Антонавіч і запрасіў нас прыехаць у госці. Абавязкова наведаемся мы і да іншых лаўрэатаў, каб больш падрабязна расказаць пра прыгажосць, якую яны ствараюць у родных мясцінах.

Наталля БАГДАНОВІЧ.

Пост у Вялікіх Дольцах.
Сядзіба В.Пятніцы ў Лутавым Сяльцы.
Ля Вяркудскага СДК.


Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *