С 17 января в магазинах дают социальную скидку. Кому и в каких торговых точках Ушаччины её можно получить?

Общество

Пагадненне аб продажы самых патрэбных прадуктаў харчавання для пенсіянераў, інвалідаў, мнагадзетных сем’яў і тых, хто гадуе дзіця-інваліда, а таксама атрымлівае штомесячную адрасную дапамогу, падпісана паміж урадам – Міністэрствам па антыманапольным рэгуляванні і гандлі – і 16 буйнымі гандлёвымі сеткавікамі. Сярод іх такія вядомыя як “Карона”, “Грын”, Віталюр”, “Суседзі”, “Еўраопт”, “Санта”, “Дабраном”, “Белкаапсаюз”. Для нашага раёна актуальныя чатыры апошнія, у магазінах якіх мы і высвятлялі, як дзейнічае пагадненне на практыцы.

З 17 студзеня ўразлівыя катэгорыі грамадзян набываюць сацыяльназначныя тавары з 10-працэнтнай скідкай

У “Еўраопце” адказ на гэтае пытанне атрымала адразу ля кас, паколькі супрацоўнік Наталля Барысава тлумачыла ўмовы адной з кліентак: “Прыходзіце з пашпартам і пенсіённым ці інвалідным пасведчаннем і пішаце заяву. Калі карта нашай сеткі ёсць, то яе набываць не трэба, калі не, купіце за 99 капеек. На працягу трох дзён яна актывуецца – атрымае статус сацыяльнай і пэўныя прадукты вы будзеце набываць з 10-працэнтнай скідкай”.

Агульная зніжка ў месяц складзе 29 рублёў, калі тавараў з пераліку вы набудзеце на 288,01 рубля – бюджэт пражытачнага мінімуму і максімальнаая месячная сума пакупак са скідкай.

Пералік тавараў, які, дарэчы, быў вывешаны ля кас, вывучала Галіна Дольнікава. “Тут усё тое, што я набываю: бульба, мяса, капуста і нават яблыкі”. Яна таксама напісала заяву, а з магазіна пайшла не дамоў, а да знаёмай, каб і яна атрымала сацыяльную картку. У панядзелак у “Еўраопце” было толькі 15 заяў, у аўторак – 27, у сераду – ужо 51. “У рыначныя дні людзей яшчэ больш, ды і інфармацыя хутка распаўсюджваецца. Напрыклад, я сказала сваёй маці, многія пачулі ад знаёмых, а самыя адукаваныя – праз інтэрнэт. Ужо 15 студзеня прыходзілі і цікавіліся, – расказвае дырэктар магазіна Аксана Васільеўна Саднікава. – Ды і ў гандлёвай зале гучыць сацыяльная рэклама, дзяўчаты на касе падказваюць пажылым. У тым выпадку, калі хворы чалавек або інвалід не ў стане самастойна аформіць дакументы, ды і наогул па магазінах не ходзіць, то за яго гэта могуць зрабіць блізкія родныя ці, скажам, сацыяльны работнік. Хаця ёсць і такія, хто горда паведамляе, што ў яго прыстойная пенсія і ў падтрымцы не мае патрэбы”.

А вось у “Дабраноме” прыгаданыя скідкі дзейнічалі ўжо з раніцы 17 студзеня. “Наша сетка загадзя падрыхтавалася да новаўвядзення, многія людзі ведалі пра дзяржаўную падтрымку, таму прыходзілі з дакументамі ў панядзелак і атрымлівалі “Маю карту”, якая актывуецца з моманту разліку, і таму адразу набывалі тавар са скідкай. Калі не могуць прыйсці самастойна, то патрэбна даверанасць ад імя чалавека, якому належаць льготы. На раніцу чацвярга намі было выдана ўжо 250 картак, пераважна пенсіянерам”, – патлумачыла загадчыца “Дабранома” Кацярына Уладзіміраўна Марковіч, якая прынесла ў гандлёвую залу чарговы стос анкет. За сталамі з узорамі іх запаўнення, а таксама ля кас 20 студзеня стаялі чэргі пенсіянераў. Некаторыя, як Г.Б.Троцкая, даведаліся пра льготы непасрэдна перад разлікам, Т.Б.Бугай прыйшла з адпаведнымі дакументамі, ну а Н.І.Смаргун карыстаеццца “Маёй картай” з панядзелка. “Вельмі выгадная скідка, і на ўсе патрэбныя тавары. Шкада, што толькі на паўгода”, – выказвалася Ніна Іванаўна. Я ж пацікавілася таварным чэкам адной з пакупніц, якая толькі што аформіла карту. Яблыкі і алей сапраўды патаннелі на 10 працэнтаў, а вось курыны супавы набор – не. Так што калі для вас скідка прынцыповая, цікаўцеся поўным пералікам ці пытайцеся ў прадаўцоў. Бо, напрыклад, на хлеб з семкамі ці на шматкі аўсяныя з курагой яны не дзейнічаюць.
Ва Ушацкім філіяле Віцебскага аблспажыўтаварыства таксама чакаюць паступлення спецыяльных картак. Як нам паведаміла яго дырэктар Лілія Альбінаўна Долгая, адпаведныя змены адбудуцца і ў праграмах. Паколькі вядзецца цэнтралізаваны ўлік пакупак пэўным кліентам у межах адной сеткі, то зніжкі пакуль будуць дзейнічаць толькі ў двух магазінах райцэнтра “Родным куце” і “На Віцебскай”, дзе наладжаны аўтаматызаваны ўлік. Плануецца, што ў лютым гэты спіс пашырыцца.

Пагадненне падпісана на паўгода, гэта значыць, што скідкі будуць дзейнічаць да 17 ліпеня 2022 года.

А вось многія наведвальнікі “Санты” апынуліся ў ільготным спісе аўтаматычна. “У нас з кастрычніка для пенсіянераў, інвалідаў, мнагадзетных сямей дзейнічала акцыя, па якой тавар набываўся з 3- або 5-працэнтнай скідкай, – тлумачыць загадчыца Святлана Віктараўна Сапега. – Калі ўшачане мелі сацыяльную карту нашай гандлёвай сеткі, то на іх (замест прыгаданай вышэй) распаўсюджваецца 10-працэнтная на ўказаны дзяржавай пералік тавараў. З 17 студзеня дабавілася толькі катэгорыя малазабяспечаных, якія атрымліваюць штомесячную сацыяльную адрасную дапамогу. Ім, а таксама тым, хто не меў сацыяльнай карты (яна прадаецца з 80-працэнтнай скідкай – 20 капеек), трэба запоўніць заяву. За тых, хто не можа самастойна, прымем дакументы ад родных. Карта актывуецца на працягу 2 тыдняў, дакладную дату пакупнік даведаецца праз смс-паведамленне, гэта можа быць і на наступны дзень”.

Вольга КАРАЛЕНКА.

Са скідкай прадаюцца:

  • Мука пшанічная, шматкі аўсяныя, крупа пярловая, хлеб жытні і жытнёва-пшанічны, макаронныя вырабы, ялавічына, свініна (акрамя бескасцёвага мяса), мяса курэй, малако, кефір, смятана, тварог, сыр (цвёрды, паўцвёрды, сычужны), яйка, масла, алей, свежыя яблыкі, капуста белакачанная, цыбуля, буракі, морква, бульба, цукар, для дзіцячага харчавання – кансервы мясныя, мясараслінныя, фруктовыя, кашы і іншыя сухія прадукты. З поўным пералікам знаёмцеся ў гандлёвых кропках.
  • Зніжка дзейнічае на прадукты харчавання без дабавак, не распаўсюджваецца на акцыённы тавар і можа быць меншай, калі 10-працэнтная скідка перавышае гандлёвую надбаўку.
  • Адзінай сацыяльнай карты не існуе. Але аформіць яе грамадзяне, якія маюць на гэта права, могуць у кожнай гандлёвай сетцы.


Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *