Ушачский квартет «Вдохновение» стал лауреатом первой степени на международном проекте «Кубок Дружбы»

Культура Общество

Яркім выступленнем на міжнародным тэлепраекце “Кубак Дружбы” парадаваў у мінулыя выхадныя вакальны квартэт “Натхненне”. Наш народны калектыў стаў лаўрэатам першай ступені і атрымаў захопленыя водгукі журы!

“Кубак Дружбы” за пяць год свайго існавання ператварыўся ў самы маштабны творчы праект краіны. Сёлета на сталічнай сцэне ДК МАЗ за чатыры конкурсныя дні было паказана каля 800 нумароў, усяго ж у Мінск прыехала парадка 6800 канкурсантаў і гасцей. Асабліва запатрабаванай традыцыйна аказалася вакальная намінацыя – тут дэманстравалі свае таленты і зусім юныя спевакі, і прафесіяналы з вялікім вопытам. Да апошніх, безумоўна, належыць і наш квартэт. “З выбарам конкурснага матэрыялу мы не вагаліся: у Год гістарычнай памяці палічылі правільным выканаць песню “Праважала сына маці”. Да таго ж наш раён з гераічнай гісторыяй хацелася прэзентаваць менавіта нумарам ваеннай тэматыкі”, – расказвае кіраўнік калектыву Ж.Савіцкая. Гэты твор з рэпертуара славутых “Песняроў” Жанна Віктараўна апрацавала для харавога выканання, і на сцэне конкурсу ён гучаў а-капэла на чатыры галасы. Дарэчы, многія ўшачане назіралі за гэтым у трансляцыі на YouTube-канале праекта, а відэазапіс нумара можна паглядзець у групе “Патрыёта” “ВКонтакте”.

Выступілі нашы спявачкі бездакорна і натхнёна: нумар атрымаўся вельмі шчымлівым і пранікнёным. Лаўрэацкі дыплом яны атрымалі з рук дырэктара фестывалю “Славянскі базар у Віцебску” Глеба Лапіцкага. А яшчэ адзін член журы – музычны рэдактар расійскіх тэлешоу “Голас” і “Голас. Дзеці” Наталля Шаміладзэ – падышла да ўшачанак пасля канцэрту, каб выказаць персанальны камплімент. “Проста выключны прафесіяналізм! Вы, дзяўчаты, напэўна, з Нацыянальнага цэнтра імя Мулявіна?” – удакладніла яна і была моцна здзіўлена, даведаўшыся, што Жанна Савіцкая, Алена Сазонава, Алеся Іўліева і Ірына Коршун – звычайныя выкладчыкі правінцыяльнай школы мастацтваў.

“Вярталіся дамоў са шчаслівым адчуваннем таго, што былі часцінкай цудоўнага дзейства, на якім дастойна прадставілі родную Ушаччыну, – адзначаюць спявачкі. – Хочам выказаць вялікую падзяку ўсім землякам, якія за нас перажывалі і дасылалі СМС-паведамленні для глядацкага галасавання. Ваша падтрымка нам вельмі дапамагла!”

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *