Ушачская районная ветеранская организация отметила 35-летний юбилей

Общество

Да Ушацкай дзіцячай школы мастацтваў 12 сакавіка сцякалася чарада людзей. Праўда, рухалася яна няспешна, бо не вучні збіраліся на заняткі, а ветэраны Ушаччыны на ўрачыстасць, прысвечаную 35-годдзю ўтварэння раённай арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў.

У.Мамаеў, Лідзія і Уладзімір Малаткаўцы, С.Хадан, П.Мажэйка.

Горача віталіся ў фае, не імкнуліся хутчэй праходзіць у залу. Многія доўга не бачыліся, таму распытвалі адзін аднаго пра агульных знаёмых, дзяцей, навіны і здароўе. Так, менавіта каранавірус абмежаваў апошнім часам іх сустрэчы. Таму такім жаданым аказалася мерапрыемства.

Некаторыя прыйшлі загадзя больш чым за гадзіну, як Ніна Восіпаўна Есіпава. Яна прыцягвала ўвагу прысутных да выставы, у якой кветкі са стужак і вышыванкі ў яе выкананні і Тамары Ільінічны Галай, вязанне і рэчы з бісеру Людмілы Аляксееўны Асташкевіч, карціны з бяросты і лялькі Людмілы Мікалаеўны Цяцеркі. Больш, канечне, абмяркоўвала з жанчынамі тэхніку, паколькі яркія работы нельга было не заўважыць.

С.Тарасеня, Д.Крупеня.

На 27 лютага 1987 года – момант утварэння раённай ветэранскай арганізацыі, у жывых было 1875 удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. Зараз засталося толькі пяць.

Змястоўную выставу – гісторыі ветэранскай арганізацыі – падрыхтавалі супрацоўнікі музея. У ёй біяграфіі першага і другога старшынь арганізацыі, франтавікоў Міхаіла Рыгоравіча Казлоўскага і Івана Кірылавіча Падворнага, фотаздымкі з архіва Уладзіміра Мікалаевіча Малаткаўца. Ён узначальваў арганізацыю дзесяць год, з 2006 па 2016, таму шмат было годных спраў, падарожжаў, свят. “Нішто не цэніцца так дорага і не каштуе так дзёшава, як увага”. Гэты дэвіз, пакладзены ў аснову дзейнасці арганізацыі, ён дэманстраваў падчас работы і агучыў, выступаючы са сцэны.

А падымаліся на яе ў гэты дзень многія. Віншавала ветэранаў са святам і ўручыла Ганаровыя граматы і Падзякі Ушацкага райвыканкама і раённага Савета дэпутатаў яго старшыня Наталля Мікалаеўна Марковіч. Удастоена Ганаровай граматы райвыканкама і дзейнасць усёй Ушацкай ветэранскай арганізацыі, а яе кіраўнік Ніна Аляксандраўна Васілеўская адзначыла самых актыўных сваіх памочнікаў – старшынь пярвічак: бальніцы – Людмілу Міхайлаўну Шарыпенка, Ушацкай школы – Сяргея Трафімавіча Белавусава, вёсак Мосар – Т.І.Галай, Двор Пліна – Надзею Восіпаўну Дунец, аграгарадкоў Ільюшына – Таццяну Віктараўну Аўтух, Вяркуды – Ніну Васільеўну Кірпічонак. Віталі ветэранаў намеснік старшыні райвыканкама, старшыня раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын Алена Васільеўна Пашковіч і прадстаўнікі іншых грамадскіх аб’яднанняў.

Т.Галай, А.Кучко.

Беларускае грамадскае аб’яднанне ветэранаў Ушаччыны складаецца з 32 пярвічных арганізацый і 2832 членаў.

Завадатар пярвічкі вёскі Дубраўка Алена Захараўна Кучко прыгадала пра значныя справы сваёй арганізацыі: пошук імёнаў і ўстаноўку з дапамогай Фонду міру помніка на брацкай магіле ў вёсцы Усая, добраўпарадкаванне адкрытай царквы. А з апошніх, бытавых – падвоз гатовых дроў усім жадаючым пенсіянерам. Агучыла яна і яшчэ адзін нязменны дэвіз ветэранаў: “Я люблю цябе, жыццё”. А што гэта так, прадэманстраваў самы сталы ўдзельнік свята і адзіны на ім ветэран Вялікай Айчыннай вайны Дзям’ян Уладзіміравіч Крупеня. У свае 95 год ён супрацоўнічае як са школьнікамі Глыбачанскай школы, так і студэнтамі Полацкага ўніверсітэта, піша сцэнарыі. “Як я рады, што прыехаў. Гэта варта было зрабіць нават толькі дзеля аднаго канцэрта. Так усё прадумана, прыгожа. Вялікі дзякуй!” – некалькі разоў казаў ён, звяртаючыся ў тым ліку да калег-культработнікаў і супрацоўнікаў школы мастацтваў. А праграма сапраўды была складзена адпаведна густаў ветэранаў і выклікала слёзы: падабраны песні іх маладосці, на экране – здымкі савецкіх часоў.

Л.Шарыпенка, В.Балаболкіна.

Наколькі насычаным будзе жыццё людзей “залатога ўзросту”, залежыць ад пазіцыі актывістаў і іх саміх. На вёсцы гэта зрабіць складаней, ну а ўшачане калі і не былі знаёмы раней, выдатна ведаюць адзін аднаго дзякуючы гурткам на любы густ. Аддзяленне для пажылых людзей у Градзянцы, аздараўленчы клуб “Імпульс”, цікавых сустрэч “Ушачане”, хор народнага клуба “Ветэран”. І яны ўсе запатрабаваныя. Ну а апошні, канечне, адкрываў святочны канцэрт. На сцэне, дарэчы, было нямнога спевакоў. Больш – у зале. Напрыклад, Сяргей Ананьевіч Тарасеня, Лідзія Міхайлаўна Малаткавец, Валянціна Мікалаеўна Лукашонак зараз не наведваюць заняткі хору, але членамі клуба “Ветэран” з’яўляюцца, бо членства ў ім – пажыццёвае. І калі спачатку асобныя ветэраны нягучна падпявалі куплеты, то потым спявала ўжо ўся зала.

Чарговае мерапрыемства стала гіс­торыяй.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *