Весеннее бедствие, или Как спасатели борются с палом сухой растительности?

Профилактика и безопасность

Прыгадваць падзеі мінулага тыдня жыхары Строктаў будуць яшчэ доўга. І ўяўляць, што магло быць, калі б імкліва падступаючы агонь да вёскі не патушылі. Два гады таму ў Шчучынскім раёне за выпальвання травы згарэла ўся вёска – 24 дамы, уцалеў толькі адзін. За два гады населены пункт так і не адбудаваўся.

– Наш раён гэтай вясной у пяцёрцы лідараў у вобласці па колькасці ўзгаранняў у экасістэмах, менш чым за месяц ужо 20 разоў выязджалі на тушэнне сухой расліннасці, у пяці выпадках палы прывялі да пажараў – з травой згарэлі дом і 4 гаспадарчыя пабудовы. Дарэчы, адзін з гэтых выпадкаў якраз у Строктах, але хтосьці, на жаль, не вынес урок і зноў кінуў запалку. Гэта было зусім не радавое ўзгаранне. Ачаг ішоў з балота ў бок вёскі. Полымя – вышынёй каля трох-чатырох метраў, а моцны вецер раскідваў іскры на яшчэ большую адлегласць. Каб утаймаваць стыхію і выратаваць вёску, на дапамогу нам прыйшла тэхніка “Маяка-Ушацкага”, лясгаса, ЖКГ. Нават такой унушальнай камандай давялося працаваць не адну і не дзве гадзіны, – расказвае начальнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях І.В.Кошкін.

Між тым, ва ўсіх гэтых службаў зараз свая гарачая пара – сяўба, пасадка лесу, навядзенне парадку. Колькі сіл і сродкаў было затрачана ў адных толькі Строктах. Не кажучы, пра ўсе 20 прыгаданых вышэй выездаў ушацкіх выратавальнікаў. Але не гэта самае страшнае. А маштаб трагедыі, калі б у тую ж самую хвіліну на другім канцы раёна гэтак жа падступаў агонь да яшчэ адной, дзвюх ці трох вёсак… Дарэчы, у гэты ж дзень ушацкія выратавальнікі тушылі ўзгаранні не толькі ў Строктах і Цялічыне, а і выяджалі на дапамогу суседзям – у Блізніцы гарэла ферма.

Сёлета ў Беларусі палы забралі жыцці ўжо амаль двух дзясяткаў чалавек!

А яшчэ паспяваюць праводзіць прафілактычную работу праз сельскія сходы, рэйды па раёне. У адзін з такіх далучыліся і мы. І за прыкладамі парушэнняў правіл далёка ісці, а дакладней ехаць, не прыйшлося: у Арэхаўне двое мужчын палілі смецце і дошкі ў двух кроках ад надворнай пабудовы. “Нагадаю, што спаліць адходы на ўчастку можна, аднак вытрымліваючы дыстанцыю ад пабудоў, саломы, дрэў і пры адсутнасці ветру. Не трэба легкадумна ставіцца да гэтага – парыў падхопіць іскры і ў адно імгненне перанясе яго на ваш дом ці суседскую сядзібу”, – папярэджвае інспектар РАНС К.Карзянок. Да гэтага варта дадаць і яшчэ адзін момант: не пакідаць агонь без нагляду. Так, на адной з вуліц у Вяркудах дагарала куча лісця, а паблізу нікога не было.

Падчас рэйду ўпэўніліся, што ўзгаранняў у экасістэмах у гэтым сезоне было больш двух дзясяткаў – вясеннія краявіды за вакном вельмі часта змяняліся чорным плямамі.

Зрэшты, ушацкія медыкі дагэтуль змагаюцца за жыццё пажылой жыхаркі Любжына, якая спрабавала патушыць агонь, які падыходзіў да сядзібы. У адной з вёсак Браслаўскага раёна на мінулым тыдні па такім жа сцэнарыі развіваліся падзеі, але пажылы мужчына загінуў. Варта дадаць, які ўрон прыродзе наносіць агонь – з травой згараюць сотні птушак, вожыкаў, зайчанят, насякомых.

Як жа спыніць вясенняе бедства? У нашай краіне за выпальванне сухой расліннасці прадугледжаны ўнушальны штраф – да 30 базавых велічынь, аднак у большасці выпадкаў складана выявіць віноўніка падпалу. “Своечасова наводзьце парадак на сваіх прысядзібных, дачных участках і прылеглай да іх тэрыторыі – ачышчайце іх ад сухой травы, леташняга лісця і іншага смецця. Тады агню проста не будзе дзе разгуляцца. Папярэдзіць трагедыю дапаможа і ўзворванне сельскагаспадарчых зямель у першую чаргу паблізу населеных пунктаў і лясоў”, – звяртае ўвагу І.В.Кошкін.

Трымаюць руку на пульсе зараз і лягасаўцы: “Ва ўсіх лясніцтвах кантралюем сітуацыю з вышак і пры дапамозе камп’ютарных тэхналогій, робім у лясах мінералізаваныя палосы ў зонах масавага адпачынку абсталёўваюцца спецыяльныя месцы для развядзення вогнішчаў. Хацелася б звярнуцца да ўшачан з просьбай выконваць правілы бяспекі, адпраўляючыся ў лясны масіў”, – кажа інжынер па ахове лесу Ушацкага лясгаса І.С.Шугалей.

Прайшоўшыя ў выхадныя дажджы стабілізавалі абстаноўку, але небяспека не мінавала. Новая трава пачынае зелянець толькі на ачышчаных участках. Шмат яшчэ месцаў, дзе стаіць леташняя сухая расліннасць. Памятайце – яна зусім не просіць агню!



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *