В Ушачах провели соревнования среди жителей района по игре в дартс

Cпорт

Складана прыгадаць больш дэмакратычную гульню, чым дартс. Дакладна кідаць дроцікі ў мішэнь могуць нават дзеці і пажылыя людзі, для гэтага неабавязкова мець атлетычную фігуру ці надзвычайны ўзровень IQ. Турнір па дартсе можна арганізаваць нават на сяброўскім пікніку, ушачане ж пастаянна ўключаюць яго ў праграму раённай спартакіяды працоўных калектываў. А каб лепшыя снайперы мелі магчымасць паспрачацца ў трапнасці не толькі раз у год, раённы фізкультурна-спартыўны клуб арганізаваў асобныя спаборніцтвы па гэтым відзе.

Мішэнь у дартсе павінна вісець на вышыні 1.73 метра ад зямлі, а ігрок кідае дроцікі з адлегласці 2,37. У гэтай гульні каля 20 разнавіднасцяў, удзельнікі турніру спаборнічалі ў “Вялікім раўндзе”. Ігракі па чарзе кідалі па тры дроцікі ў сектары мішэні, пачынаючы з першага (у ім за кожнае трапленне налічваўся бал) і заканчваючы дваццатым, дзе кожны поспех каштаваў 20 балаў). Трапленне ў зоны падваення ці патраення сектара давала адпаведны ачковы бонус, а завяршаўся круг кідкамі ў “яблычак” (цэнтр мішэні), што прыносіла 25 ці 50 ачкоў. З першых сектараў лідарства захапіў прызнаны мэтр гульні Ігар Шышко, але сапернікі не давалі яму пайсці ў адрыў. Як і ў нядаўнім чэмпіянаце па настольным тэнісе, быў зараджаны на самы высокі вынік Віктар Леў­шык. “Карыстаючыся выпадкам, хачу падзякаваць прафоргу ясляў-сада №2 Таццяне Васілеўскай, якая прапанавала мне паўдзельнічаць у турніры – хоць праводзіцца ён у асабістым заліку, але і спартыўны гонар сваіх арганізацый мы, канечне, пры гэтым адстойвалі”. Роўна правёў спаборніцтвы былы футбаліст-прафесіянал Андрэй Лодзіс, даказаўшы, што трапнасць уласціва яму не толькі ва ўдарах па мячы, а і ў дзеяннях рук.

У выніку “золата” з сумай 370 ачкоў заваяваў І.Шышко, да апошняга сектара меў шансы на перамогу В.Леўшык, але адстаў на 39 балаў, “бронза” дасталася Андрэю. Добрыя шансы на прызы меў сямейны дуэт Рамана і Мікалая Фядосенкаў, аднак на серыях кідкоў у самых “дарагіх” сектарах ім крыху не хапіла вязення. “Значыць, трэба трэніравацца яшчэ больш!” – зазначыў Мікалай Леанідавіч і дадаў, што атрымаў у гэты дзень вялікую порцыю адрэналіну, за што, прынамсі, і любіць спорт. Турнір сапраўды аказаўся відовішчным: сярод сапернікаў не было тых, хто спадзяваўся толькі на ўдачу, бо, як прызналіся дартсісты, у кожнага з іх дома вісіць мішэнь і маецца прафесійны набор дроцікаў. Але думаецца, што вельмі многім ушачанам па сілах парушыць гегемонію гэтай “касты”, так што будзем чакаць наступных гарачых баталій.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *