В Ушачской ЦРБ появилась новая платная услуга — кодирование от алкогольной зависимости

Здравоохранение

Для тых, каму надакучыла сяброўства з зялёным змеем, хто самастойна не можа адмовіцца ад “градусных” напояў, – прыемная навіна. На бягучым тыдні ва Ушацкай цэнтральнай райбальніцы з’явіўся новы від платных паслуг – кадзіроўка ад алкагольнай залежнасці.

Цяпер жыхарам раёна не трэба шукаць спецыялістаў з іншых гарадоў – за гэты ўчастак работы адказвае наш псіхіятр-нарколаг, які прайшоў навучанне па методыцы кадзіравання і атрымаў адпаведную спецыялізацыю. Удакладніць інфармацыю, а таксама запісацца на праходжанне працэдуры можна непасрэдна на прыёме ў названага доктара ці па тэлефоне 5-03-94.

Па прынцыпе “на ўсялякі выпадак” закадзіравацца не атрымаецца. Каб упэўніцца, што працэдура вам рэальна патрэбная, спецыяліст папярэдне правядзе дыягностыку. Нагадае і пра тое, што да кадзіроўкі нельга ўжываць спіртное мінімум 10-14 дзён.

– Для тых, хто столькі не ўтрымаецца, таксама існуе выйсце, – расказвае ўрач псіхіятр-нарколаг П.Г.Пугач. – Калі прыйдзе чалавек, які здолеў пратрымацца без спіртнога ўсяго 3-4 сутак, і скажа: не магу больш трываць – ці зараз закадзіруйце, ці абавязкова “сарвуся” – не адмовім! Праўда, працэс будзе крыху іншым: каб ачысціць ад рэшткаў алкаголю кроў, перад унутрывенным увядзеннем прэпаратаў і псіхатэрапіяй пацыента “пракапаем”. Кошт пры гэтым акажацца вышэйшым: замест 100 рублёў (пасля 2 тыдняў цвярозасці) – да 150 ці нават 200.

Варта адзначыць, што праводзіцца працэдура цалкам ананімна. Нават доктару можаце не называць сваё імя. Ад “лішніх вачэй” падстрахуе і тое, што праводзіцца кадзіроўка не ў яго кабінеце, а ў памяшканні дзённага стацыянару, дзе ў вызначаны час, а гэта ад адной да дзвюх гадзін, застаяцеся толькі вы і ўрач.

– Карыстаючыся выпадкам, нагадаю землякам і пра рэабілітацыйную праграму “Новы стандарт” для залежных ад алкаголю, наркатычных рэчываў і гульняў пацыентаў, – кажа Паліна Генадзьеўна. – Паўдзельнічаць у ёй на добраахвотнай аснове можна на базе Віцебскага клінічнага цэнтра псіхіятрыі і наркалогіі, Полацкай абласной псіхіятрычнай бальніцы. У занятках прымаюць удзел не толькі спецыялісты медустаноў, але і прадстаўнікі духавенства, таварыства “Ананімныя алкаголікі”. На ўвесь перыяд рэабілітацыі, а гэта 28 дзён, працаздольным грамадзянам выдаецца “бальнічны”. Пасля ж пройдзенага курсу – для замацавання эфекту – прапануецца бясплатная кадзіроўка.

Дарэчы, за 2020 год такую рэабілітацыю ў Полацку прайшлі 4 жыхары Ушаччыны, у 2021-м – 11. Большасць з іх – 70 працэнтаў – дагэтуль алкаголем не злоўжываюць.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *