На Ушаччине состоялся юбилейный, 25-й турнир по дзюдо, посвященный памяти С.Шедько

Cпорт

Лічба 25 падвоеным чынам акрэсліла сёлетні турнір па дзюдо памяці С.Шэдзько. Апроч таго, што гэта майская дата з’яўляецца днём нараджэння трэнера, дык і самі спаборніцтвы праводзіліся ва Ушачах у 25-ы раз. За чвэрць века пасеянае вялікім энтузіястам на ўшацкай глебе зерне спартыўных адзінаборстваў дало багатыя ўсходы – сваіх юных падапечных на юбілейны турнір ужо прывезлі не толькі былыя выхаванцы Станіслава Анатольевіча, а і іх вучні.

Ю.Антуновіч і К.Зуева віншуюць пераможцаў (срэбраны прызёр – У.Пугач).

Унушальным быў сёлета спіс ганаровых гасцей. “Мы заўсёды прыязджаем ва Ушачы з асаблівым пачуццём: надзвычай прыемна бачыць, што наш родны чалавек застаецца тут культавай асобай”, – адзначаюць дачка трэнера Ганна Шэдзько і яго сястра Вера Анатольеўна Смоліна. Не прапускае ніводнага мемарыяла свайго вучня яго першы настаўнік Уладзімір Міхайлавіч Панкрацьеў. Стараюцца вызваліць 25 мая ад спраў, каб прыгадаць спартыўнае юнацтва і ўшанаваць памяць любімага трэнера, Анастасія Архіпава, Наталля Снежань, Алена Карэйша, Аксана Есіпава, Ганна Кроцік. Спецыяльна прыехаў на мемарыял з Масквы Юрый Антуновіч. “Станіслаў Анатольевіч моцна паўплываў на фарміраванне маёй асобы: па яго прыкладзе я атрымаў трэнерскую прафесію, а галоўнае – правільныя маральныя арыенціры”, – адзначыў ён. Не забываюць праведзеныя ў зале юнацкія гады Дзмітрый Броўка і Дзмітрый Барадзёнак, Яраслаў Васілеўскі і Дзяніс Папко. Былыя выхаванцы С.Шэдзько па добрай традыцыі выступаюць у ролі спонсараў мемарыяла, і дзякуючы ім пераможцы і прызёры юбілейнага турніра атрымалі не толькі медалі і кубкі, а і цудоўныя памятныя падарункі з адпаведнай сімволікай.

Паядынак вядзе М.Паршонак.

Але пяройдзем да галоўных асоб спартыўнай падзеі. На татамі сёлета выйшла аж 220 дзяўчынак і хлопчыкаў 2010-2014 гадоў нараджэння. Традыцыйна вялікую каманду выставілі гаспадары, і юныя дзюдаісты не падвялі сваіх трэнераў Веру Кіліну, Святлану Фядосенку і Кацярыну Маркевіч. З неверагодным жаданнем ішоў да “золата” Максім Паршонак. Вельмі крыўдна склаўся для яго нядаўні выязны турнір, дзе ў вынікі ўмяшаўся судзейскі фактар, таму хлопчык хацеў даказаць сваю сілу – і бліскуча з гэтым справіўся! Асаблівым стала першае месца і для Каці Рубанік, бо ў фінале яна адолела моцную палачанку, якой дагэтуль пастаянна саступала. Асаблівы падтэкст мела перамога Карыны Лецкай, якая спаборнічала ў фінале са сваёй сяброўкай. Практычна “не заўважыла” саперніц наша новая зорачка Аліса Зуева – дастойная прадаўжальніца справы сваёй старэйшай сястры Крысціны, якая і сама выступае, і ўжо трэніруе дзяцей у сталічным клубе адзінаборстваў (на ўшацкія спаборніцтвы яна прывезла 15 выхаванцаў). Ужо не першае “золата” здабылі для каманды дзве нашы Сашы – Міхаль і Храмёнак. А вось перамога Ксюшы Цвяцінскай, якая адолела фаварытку з Віцебска, стала прыемным сюрпрызам. Падтрымаў сястрычку і брат Максім, які ўзняўся на п’едэстал за “срэбрам”. Другія месцы заваявалі таксама Улада Цюкала, Жэня Крывёнак, Даша Кіслякова, Улад Пугач і Ягор Бараніч, трэцімі сталі Ангеліна Алексяёнак, Жэня Майсяёнак, Віка Пятніца, Павел Крывёнак і Макар Звольскі.

К.Цвяцінская.

“Пасля гэтага турніру дзеці вельмі натхнёныя, мараць хутчэй працягнуць трэніроўкі ў спартыўным лагеры. Асобную падзяку хочацца выказаць за прызы: сын і дачка ўжо ўяўляюць, як будуць ездзіць на спаборніцтвы з новым рукзаком, піць ваду з “фірменнай” фляжкі”, – распавядаюць бацькі юных дзюдаістаў Вольга і Станіслаў Цвяцінскія.

А.Карэйша ўзнагароджвае А.Храмёнак.

Юбілейны турнір атрымаўся яркім і масавым: ды і хіба магло быць інакш ва Ушачах, дзе столькі людзей любяць і шануюць дзюдо.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *