Дегустация блюд, выставка работ и веселые конкурсы. В агрогородке Кубличи прошло «Свята беларускай хаты»

Культура

Поўная зала сабралася на раённае свята “Беларускай хаты”, што прайшло на мінулым тыдні ў нашым Кубліцкім сельскім Доме культуры. Тры гадзіны праляцелі як адно імгненне, настолькі ўсё было цікава і выдатна прадумана.

Хоць я як арганізатар школьнага музея такой жа тэматыкі і ўраджэнка Ушаччыны, здаец­ца, усё ведала пра побыт продкаў, усё роўна з цікаўнасцю слухала аповед пра тое, што пад вугал абавязкова закладалі манеты, пра бабін кут, дзе стаяла печ, чырвоны, дзе віселі абразы. Сярод удзельнікаў разгарнулася нават дыскусія, напрыклад, мой муж, прараб па адукацыі, расказваў, што самымі трывалымі, як не дзіўна, лічыліся саламяныя дахі, а на яго малой радзіме ў Гомельскай вобласці пры закладцы фундамента выкарыстоўвалі дубовыя бярвенні.

Была арганізавана дэгустацыя страў, якія гатаваліся ў печы: бульба ў гаршчку, дранікі з мясам, бліны з рознай начынкай, старадаўнія сухарыкі… Тэматычнай таксама аказалася выстава вырабаў нашых умельцаў Надзеі Іванаўны Клындзюк і Аліны Іванаўны Гайковіч – у асноўным вышываныя ручнікі, коўдры, што ўпрыгожвалі літаральна кожную хату. Выдатным было і музычнае аздабленне. Да нас у госці прыехалі артысты з раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. Спадабалася выступленне гурта “Раздолле”, салістаў Аляксандра Грыневіча, Таццяны Нарывончык, Святланы Мушы. Не засталіся ў баку і нашы мясцовыя пастаянныя ўдзельніцы мастацкай самадзейнасці Ганна Пятроўна Дзівульская і Любоў Восіпаўна Гарнак. З’яўляюцца і новыя таленты, напрыклад, малады аператар машыннага даення Канстанцін Кляпец, а таксама школьніца Крысціна Коўшаль. За ўсім музычным суправаджэннем сачыў Канстанцін Тарасеня з РДК. Ну а як весела праходзілі конкурсы, калі з завязанымі вачыма самыя смелыя ставілі ў імправізаваную печ гаршкі, пяклі бліны ці на хуткасць вязалі бярозавыя венікі.

Раённыя святы беларускай хаты, бульбы, малака, возера, ручніка да гэтага часу былі “замацаваны” за Глыбачанскім, Кубліцкім, Вялікадолецкім, Вяркудскім, Матырынскім клубамі адпаведна. Сёлета накірункі памянялі, такім чынам гледачы даведваюцца пра новыя акалічнасці з жыцця нашых продкаў.

Вялікі дзякуй хочацца сказаць за свята літаральна ўсім яго ўдзельнікам, асабліва арганізатарам, нашым работнікам СДК Святлане Аркадзьеўне Лабёнак і Таццяне Іванаўне Касцючэнка.

Ніна Аляксееўна МАЦВЕЕНКА,
аг.Кублічы.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *