В Полоцке прошел культурно-спортивный фестиваль «Вытокі. Крок да Алімпу»

Культура

Летась у нашай краіне з поспехам стартаваў маштабны культурна-спартыўны праект “Вытокі. Крок да Алімпу”, галоўнымі арганізатарамі якога выступілі Нацыянальны алімпійскі камітэт і Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі. У другім сезоне маршрут форума праходзіць праз Рэчыцу, Столін, Навагрудак, Горкі, Капыль, а напрыканцы мінулага тыдня фестываль гасцінна прымаў старажытны Полацк, які адзначыў сёлета сваё 1160-годдзе.

А.Субоцін, В.Лукашэнка, І.Марковіч ля помніка “Вызваленцам Полацка”.

Калыска дзяржавы і край ратных подзвігаў

Праект ставіць перад сабой мэту пазнаёміць людзей з гістарычнай спадчынай нашай зямлі, раскрыць патэнцыял рэгіёнаў праз спорт, культуру, навуку і адукацыю. Кожны горад прэзентуе свае славутасці – у тым жа, што ў калысцы нашай дзяржаўнасці, на зямлі Францыска Скарыны і Еўфрасінні Полацкай іх вельмі шмат, упэўніліся журналісты рэспубліканскіх і рэгіянальных СМІ падчас спецыяльнага прэс-тура, запрашэнне на які атрымалі і прадстаўнікі “Патрыёта”.

Зыходнай жа кропкай маршруту стаў сучасны аб’ект – ААТ “Полацкшкловалакно”. Прыбыўшы на яго тэрыторыю, мы ўбачылі сапраўдны “горад у горадзе”, прамысловы гігант плошчай у мільён квадратных метраў з самым сучасным абсталяваннем, прасторнымі цэхамі, а колькасць яго работнікаў прыкладна роўная ўсяму даросламу насельніцтву Ушач. Гэта адзіны ў Беларусі вытворца матэрыялаў са шкловалакна, які выпускае больш 900 відаў прадукцыі, запатрабаванай у 55 краінах свету.

У цэху “Полацкшкловалакна”.

Вядома ж, у Год гістарычнай памяці немагчыма было абмінуць тэму Вялікай Айчыннай. Усе ўшачане бачылі танк ТО-34, устаноўлены на кальцавой развязцы пры ўездзе ў Полацк. Аднак не кожны ведае, што гэты помнік увекавечвае подзвіг экіпажа, які загінуў пры вызваленні горада. Камандзір Васіль Халеў і яго сябры пракладалі шлях савецкай пехоце, а калі варожы снарад разарваў гусеніцу, не адступілі з пазіцыі і расстрэльвалі фашыстаў, пакуль не скончыліся боепрыпасы і полымя не ахапіла танк… Дарэчы, пасля вайны помнікамі ў розных куточках Беларусі сталі два дзясяткі баявых машын.

Да глыбіні душы працінае мемарыяльны комплекс памяці ахвяр фашызму “Урочышча Пяскі” – жахлівае месца, дзе гітлераўцамі было знішчана каля 40 тысяч чалавек – ваеннапалонных, партызан, падпольшчыкаў і мірных жыхароў. Шчымлівай і ўражваючай атрымалася патрыятычная акцыя, падчас якой полацкія акцёры “ажывілі” трагічныя старонкі гісторыі, а прысутныя ўшанавалі памяць загінуўшых мінутай маўчання і ўсклалі кветкі да мемарыялу.

Жыць з сэнсам і ў гармоніі з сабой

Моцныя ўражанні пакінула ўнікальная экспазіцыя мастацкай галерэі – філіяла нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка, размешчаная ў корпусе былога езуіцкага калегіума – усім аматарам гісторыі і мастацтва проста неабходна яе наведаць! Ну а тым, хто выбірае будучае месца вучобы (ды і ўсім цікаўным людзям), варта пабываць у старажытным будынку Полацкага дзяржуніверсітэта, дзе ў 1812-м годзе была адкрыта езуіцкая акадэмія, якая лічыцца першай беларускай ВНУ. Сёлета па ініцыятыве ўніверсітэта яму было прысвоена імя Еўфрасінні Полацкай. Яшчэ адной адметнай падзеяй стала назначэнне новага рэктара – і хоць на пасадзе Юрый Раманоўскі толькі некалькі дзён, з функцыяй гіда справіўся выдатна, распавёўшы пра традыцыі і адметнасці ўніверсітэта.

Іх жа тут незлічона! Свае рытуалы звязаны са скульптурамі студэнта і прафесара, Рэктарскім уваходам, які адчыняецца толькі двойчы ў год (1 верасня праз яго пройдуць 983 першакурснікі), дух стагоддзяў захоўвае ўнутраны двор са старажытным калодзежам і гадзіннікам, дзе пад гукі студэнцкага гімна адбываецца шэсце гістарычных персанажаў. Але найбольш уразіла ўсіх “гаворачая механічная галава”, якую сканструяваў два стагоддзі таму вучоны-вынаходнік Габрыэль Грубер. Зараз механізм адноўлены, і падобны на Сакрата старац адказвае на любыя пытанні. Журналісты паспрабавалі паставіць яго ў тупік, аднак мудрэц не дазволіў у сабе ўсумніцца: так, на пытанне “У чым сэнс жыцця?” трапна зазначыў, што ён у тым, каб жыць з сэнсам, жанчыне, што пыталася, як стаць мудрай, параіў не толькі назапашваць веды, а і быць у гармоніі з сабой, а дзяўчыне-студэнтцы даў наказ для поспеху на экзамене “ўсміхацца прафесару так прыгожа, як зараз мне”.

Працягнулі праграму першага дня семінары па актуальных пытаннях падрыхтоўкі беларускіх спартсменаў, майстар-класы і канцэрты.

Ад хакея да сумо

Асноўныя ж падзеі фестывалю разгарнуліся ў суботу. У яго ўрачыстым адкрыцці прыняў удзел прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Віктар Лукашэнка, які зазначыў, што полацкая зямля з’яўляецца вытокам усёй дзяржаўнасці, усяго беларускага, а таму фестываль з адпаведнай назвай проста не мог абмінуць гэты горад. Ён уручыў старшыні Полацкага райвыканкама Ігару Марковічу сертыфікат на 100 тысяч рублёў для развіцця спартыўнай інфраструктуры.

У Віцебскай вобласці працуюць амаль 4 тысячы аб’ектаў, дзе могуць займацца спортам аматары і прафесіяналы.

“Цаглінкай у будынак папулярызацыі спорту і здаровага ладу жыцця” назваў праект кіраўнік Прыдзвінскага рэгіёну Аляксандр Субоцін. І сапраўды, цэнтральная плошча горада ператварылася ў стракатую спартыўную пляцоўку. У кожным куточку разгортвалася цікавае дзейства, можна было паспрабаваць сябе ў якасці весляра, фехтавальшчыка, стралка з лука і нават стаць сумаістам, дадаўшы целу штучнага аб’ёму. А яшчэ зрабіць фота ў форме хакейнай зборнай і атрымаць аўтограф зорак беларускага спорту – такіх, напрыклад, як уладальніца алімпійскага “срэбра” і “бронзы” ў групавых практыкаваннях па мастацкай гімнастыцы Ксенія Санковіч.

Сям’я Клімашэўскіх.

А жадаючым прыняць удзел у алімпійскім квэсце нават давялося выстройвацца ў чэргі. Прайшоў два дзясяткі пляцовак, выканаў усе заданні і з гонарам прадэманстраваў нам прыз – музычную калонку – школьнік Гоша Аваднёў, які прагульваўся па плошчы разам са старэйшай сястрой Дашай і мамай Тамарай Уладзіміраўнай. А вось галаве іх сям’і Сяргею Яўгенавічу было не да адпачынку: начальнік полацкага гаррайаддзела па надзвычайных сітуацыях адказваў не толькі за бяспеку мерапрыемства, а і за работу забаўляльнай пляцоўкі выратавальнікаў. “Тут весела і цікава!” – дзяліліся эмоцыямі Таццяна і Злата Клімашэўскія, якія прыбылі ў Полацк разам з іншымі ўшачанамі спецыяльна арганізаваным рэйсам аўтобуса аддзела па адукацыі. А ў “Горадзе майстроў” мы палюбаваліся вырабамі, што прывезлі на фэст ушацкія рамеснікі.

Ліліся песні над Дзвіною

Не абышоўся без нашага прадстаўніцтва і конкурс маладых выканаўцаў. За права выступіць на галоўнай сцэне фестывалю змагаліся 130 вакалістаў вобласці, але журы вылучыла толькі па сем лепшых у дзвюх узроставых групах. У іх лік трапіла і выхаванка эстраднага аддзялення нашай ДШМ Надзея Раманоўская. Песню на роднай мове яна выканала ўпэўнена і пранікнёна і пачула ад гледачоў крыкі “Брава!”.

Высока ацаніла патэнцыял юнай зорачкі член журы конкурса, вядомая беларуская актрыса і спявачка Аляксандра Гайдук і згадзілася даць для нашай газеты эксклюзіўны каментарый:

Н.Раманоўская і А.Гайдук.

“Другі год прымаю непасрэдны ўдзел у рабоце праекта і магу сказаць, што арганізатары прыдумалі суперфармат для прыцягнення жыхароў рэгіёнаў да заняткаў спортам. Ведаеце, сёлета ў Навагрудку паспрабавала сама прайсці квэст – і гэта аказалася так захапляльна! Калі на пляцоўцы біятлона выбіла ўсе пяць мішэняў – нават не паверыла сваім вачам! А ўявіце, як гэта стымулюе дзяцей, якія абавязкова папросяць бацькоў адправіць іх у секцыі. Арганічна ўпісаўся ў праект і музычны конкурс, які адкрывае новыя імёны. У апошнія гады я аб’ехала шмат гарадоў, у тым ліку і падчас адбору ўдзельнікаў для беларускага “Х-Фактару”, і магу засведчыць, што Віцебшчына – адзін з самых таленавітых рэгіёнаў. На сённяшнім конкурсе ўзровень выканаўцаў вельмі ўразіў – асабліва ў малодшай групе, дзе выступала ваша канкурсантка, – там усе спявалі, як дарослыя!”

Праект абавязкова будзе працягвацца і пашырацца. І няма сумненняў, што з “Вытокаў” нехта зробіць свой першы крок да Алімпу – а гэтым словам можна назваць не толькі спартыўны трыумф, а і дасягненне адметных вышынь у любой абранай справе.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *