COVID-19 не дремлет: в Ушачском районе факты заболеваемости фиксируются практически ежедневно

Здравоохранение

Пандэмія COVID-19 ужо больш за два гады трымае ў напружанні ўсе краіны свету. Не жадаючы адступаць перад вакцынамі і лекамі, каранавірус пастаянна муціруе. Адзін за адным з’явіліся варыянты альфа, бэта, гама, дэльта і, нарэшце, амікрон-штам. Адразу некалькі яго падвідаў цыркулююць зараз у Беларусі. Галоўная іх асаблівасць – павышаная заразнасць: лічыцца, што адзін хворы ўяўляе небяспеку як мінімум для 12 акружаючых (раней – для 6).

Эпідсітуацыю, якая назіраецца зараз ва Ушацкім раёне, спакойнай назваць нельга. Факты захваральнасці на каранавірус рэгіструюцца практычна штодня – на 22 жніўня на ўмовах самаізаляцыі з пацверджаным COVID-19 знаходзіўся 21 пацыент, у інфекцыйным аддзяленні райбальніцы праходзілі лячэнне яшчэ тры. “У большасці выпадкаў гаворка ідзе пра лёгкую форму цячэння захворвання, – кажа загадчык паліклінікі П.Г.Пугач. – Сярод найбольш частых сімптомаў – павышаная тэмпература цела, пяршэнне ў горле, кашаль, галаўныя болі, слабасць. Цяжкіх форм, на шчасце, пакуль не было. Аднак не варта правяраць свой арганізм на вынослівасць – у грамадскіх месцах насіце маскі, захоўвайце сацыяльную дыстанцыю і іншыя меры прафілактыкі каранавіруса!”.

Дарэчы, самай дзейснай з іх застаецца вакцынацыя. Штодня на Ушаччыне прышчэпку ад COVID-19 атрымлівае па 70-80 чалавек. Высокую актыўнасць у гэтым пытанні дэманструюць сельскія жыхары – імунізацыю яны праходзяць у мясцовых медустановах ці ўвогуле па месцы працы, жыхарства.

У ліку нядаўніх новаўвядзенняў – магчымасць правакцынаваць дзяцей ва ўзросце ад 5 (раней – ад 12) гадоў. Для гэтай катэгорыі, як і для цяжарных жанчын, выкарыстоўваецца выключна прэпарат кітайскай вытворчасці. Ён, а таксама расійскія “Спутнік V” і “Спутнік-Лайт” ва Ушачах маюцца ў дастатковай колькасці.

Калі ж папярэдзіць захворванне не атрымалася, не адкладвайце візіт да медыкаў. Па словах Паліны Генадзьеўны, з мінулага тыдня ў паліклініцы пачаў работу інфекцыйны кабінет – пацыентаў з павышанай тэмпературай цела (дарэчы, заходзіць папярэдне ў рэгістратуру ім не рэкамендуецца) тут прымае малады ўрач-інтэрн. Для мінімізацыі кантактаў пацыентаў з магчымым каранавірусам і без яго падзелены па часе і патокі на флюараграфічнае абследаванне, здачу аналізаў. Ва ўсіх кабінетах, холе паліклінікі рэгулярна праводзіцца неабходная дэзапрацоўка.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *