Юные дзюдоисты Ушаччины успешно провели соревнования в Витебске и вернулись с наградами

Cпорт

Юныя ўшацкія дзюдаісты па-добраму прывучылі землякоў да медалёвых поспехаў, вось і на нядаўніх восеньскіх турнірах у Віцебску пацвердзілі, што статус СДЮШАР наша ўстанова атрымала недарэмна.

Яшчэ больш прадстаўнічым, чым звычайна, аказаўся сёлета абласны турнір памяці У.Гракава: прыехалі на яго не толькі прыдзвінскія дзюдаісты 2009-2010 гадоў нараджэння, а і спартсмены з Магілёўскага вучылішча алімпійскага рэзерву, а таксама дзве расійскія каманды. Але нашы дзяўчаты не разгубіліся. Так, у вазе да 36 кг ушацкім стаў практычна ўвесь п’едэстал! Схватка ж за выхад у фінал паміж Алісай Зуевай і магілёўскай дзюдаісткай аказалася бадай самай відовішчнай на турніры: перамогу наша спартсменка вырвала ў апошнія імгненні. Ва ўпартай барацьбе праходзіў і фінальны паядынак, дзе Аліса ўзяла верх над сваёй сяброўкай Уладай Цюкала, “бронза” дасталася Кацярыне Рубанік.

Так атрымалася, што Саша Міхаль і Карына Лецкая, якія звычайна выступаюць у вазе да 44, былі вымушаны заявіцца ў больш цяжкую – 48 кг. Шансы на поспех, канечне, зменшыліся, але дзяўчаты праявілі баявы характар: Карына, саступіўшы ў першай схватцы, сабралася і выйграла ўсе астатнія, заваяваўшы «бронзу», у кроку ад п’едэстала спынілася Аляксандра.

14-15-гадовыя барцы тым часам змагаліся ў турніры на прызы старшыні Савета абласнога аддзялення Беларускай федэрацыі дзюдо. “Бронзу” ў камандную скарбонку паклала Паліна Пацэвіч, крыху не пашанцавала нашым хлопцам Паўлу Шакуту і Яўгену Крыскевічу, якія сталі 4-мі. Што ж, будзе стымул упарта трэніравацца, каб з наступных спаборніцтваў прывезці яшчэ больш трафеяў.

Святлана ФЯДОСЕНКА, трэнер Ушацкай СДЮШАР.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *