Переориентировали рынки сбыта и больше товаров реализуют населению. Как работает деревообрабатывающий цех Ушачского лесхоза?

Экономика и малый бизнес

Роўна тры гады таму – у лістападзе 2019 года пры Ушацкім лясгасе адкрыўся дрэваапрацоўчы цэх, асноўная мэта якога – продаж прадукцыі з дабаўленай вартасцю. Бо калі кошт куба “кругляку” ў сярэднім 80 рублёў, то такі ж аб’ём дошкі ці бруса – 150-160 долараў. І нягледзячы на тое, што сёлета з-за санкцый для беларускіх дрэваапрацоўшчыкаў быў зачынены еўрапейскі рынак, менавіта экспарт застаецца асноўнай крыніцай збыту прадукцыі, а Ушацкі лясгас займае па гэтым паказчыку адно з лідзіруючых месцаў у вобласці.

Цэх гудзе штодня па 12 гадзін без выхадных, а абгароджаная блакітным металапрофілем тэрыторыя ўся застаўлена гатовай прадукцыяй і будаўнічым лесам.

– Што вы, гэта нямнога, звычайна кругляку больш, – тлумачыць мой гід, майстар ніжняга склада Яўген Міхайлавіч Мягель (на здымку), які прымае ўсе лесаматэрыялы. – І дзве тысячы кубоў лесу адначасова можа быць на пляцоўцы, а гэта прыкладна трэць пяціпавярховага дома.

Але і такія аб’ёмы не замінаюць водпуску гатовай прадукцыі, якая, упакаваная, стаіць і ў спецыяльна пабудаваным сховішчы, і на адкрытай пляцоўцы. Сюды прыязджаюць як аптовыя пакупнікі, так і прыватнікі, адзін з якіх і завітаў разам з намі ў цэх.

Чаргі няма, з наяўнымі ўзорамі, як і раней, можна пазнаёміцца на стэндзе перад варотамі прадпрыемства. А ўшачан сёлета чакалі прыемныя змены. Калі год таму яны не маглі набыць у раёне вагонку і дошку для падлогі, то зараз самы патрэбны для рамонту тавар – у наяўнасці.

Хоць і пайшоў для гэтага лясгас на дадатковыя выдаткі. Справа ў тым, што цэх не мае сушылкі і абсталявання для выемкі пазоў, таму адшукалі партнёраў, якім накіроўваюць дошкі на дапрацоўку і забіраюць гатовы піламатэрыял.

А.Дук, С.Лёля.
С.Жаўронак.
С.Цвяцінскі.
А.Фёдараў.

“Зразумела, што нам выгадней працаваць з вялікімі аптовымі партыямі, – гаворыць галоўны інжынер лясгаса Максім Віктаравіч Абрамчык. – Аднак і раней рэалізоўвалі насельніцтву тавар, а зараз пашырылі прапановы, пераарыентаваліся пад патрэбы людзей, прадаём як неабразную дошку, так і любыя пад заказ. Рэаліі сёлетняга года прымусілі поўнасцю памяняць і рынкі збыту. Калі летась нашымі асноўнымі партнёрамі была Літва і іншыя краіны Балтыкі, то зараз Расія, Азербайджан і Кітай. Трэба зазначыць, што мы хутка перабудаваліся і спад у рэалізацыі прадукцыі назіраўся ўсяго з месяц, хаця патрабаванні ў заходніх і ўсходніх кліентаў адрозніваюцца. Еўрапейскі стандарт – 4,8 метра. Зараз жа робім шасціметровыя піламатэрыялы. Менавіта гэтым абумоўлена і пашырэнне асартыменту для прыватных пакупнікоў, якія для будаўніцтва выкарыстоўваюць менавіта такую даўжыню дошкі і бруса. Самыя хадавыя адпаведна 25 на 150 міліметраў і 50 на 150”.

Аднак каля 80 працэнтаў прадукцыі па-ранейшаму прадаецца на экспарт. А зменамі ў краінах-пакупніках тлумачыцца большая колькасць тавараў на складзе. Раней яго забіралі выключна фуры заказчыкаў, лясгас не займаўся лагістыкай. Зараз велікагрузнымі машынамі піламатэрыялы накіроўваюцца толькі ў Расію, а ў Кітай і Азербайджан – выключна чыгуначным транспартам. Таму дошкі складзіруюцца ў вялікім аб’ёме, некалькі лясгасаў аб’ядноўваюцца і самастойна дастаўляюць яго да станцый у Оршу ці Круляўшчызну. Аб’ём вагона – тры фуры.

Трэба зазначыць, што змены адбыліся і на тэрыторыі дрэваапрацоўчага цэха. Калі пачынаў працаваць, не было ні крытага склада, ні пакояў для адпачынку і ежы. Зараз і абед разагрэць можна, і душ прыняць. Ну а самы лепшы паказчык таго, што работнікаў умовы працы і заробак задавальняюць, – адсутнасць цякучасці кадраў. Завітаўшы ў цэх праз два з паловай года, я пазнала практычна ўсіх работнікаў. Так жа накіроўваў на распілоўку брус Андрэй Сяргеевіч Жаўронак, прымаў машыніст рубільнай машыны Аляксандр Васільевіч Фёдараў, а складалі ў штабелі гатовыя дошкі Сяргей Васільевіч Лёля і Кірыл Паўлавіч Касарэнка. Хіба што станочнік Станіслаў Віктаравіч Цвяцінскі быў не ля дошак, а за штурвалам пагрузчыка. Перамяшчэнне аказалася вымушанай мерай – замяняў захварэўшага калегу, а каб гэта было магчымым, загадзя атрымаў неабходныя допускі. На вытворчасці не можа быць некваліфікаваных спецыялістаў, ну а многія з іх яшчэ і ўніверсалы, каб няспынным быў канвеер.

Вольга КАРАЛЕНКА.



1 комментарий по теме “Переориентировали рынки сбыта и больше товаров реализуют населению. Как работает деревообрабатывающий цех Ушачского лесхоза?

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *