Успехи и проблемы ушачских льноводов

Сельское хозяйство

Ушацкія льнаводы ў апошні час знаходзяцца, як кажуць, у падвешаным стане: гэтымі днямі павінна вырашыцца будучае прадпрыемства. Але, да іх гонару, турботы адмоўна не адбіліся на працоўным настроі калектыву. Як сведчанне таму – хутка і зладжана праведзеная пасяўная кампанія, якая была завершана аднымі з першых у вобласці. Асноўны сакрэт поспеху ў грунтоўнай і скрупулёзнай падрыхтоўцы да сяўбы: з восені былі падабраны плошчы, узнята ўсё зябліва, унесены гліфасаты і калійныя ўгнаенні. Зараз працаўнікі атрымалі невялікую перадышку: можна падвесці пэўныя вынікі, адзначыць лепшых – што мы, дарэчы, і робім.
Калі размова заходзіць пра перадавікоў, ільнозаводаўцы ледзь не ў адзін голас называюць прозвішча Віктара Уладзіміравіча Маковіча. І гэта не дзіўна: ён на сваім СПУ-4 засеяў 425,3 гектара зямлі (з 500 агульных, што апрацоўвае сёлета прадпрыемства).
– Папрацаваць давялося нямала: выязджалі ў поле ў 6 раніцы, вярталіся дадому ў прыцемках. Свайго маленькага сыночка, можна лічыць, месяц не бачыў: адпраўляюся на работу – ён яшчэ спіць, прыйду ўвечары дадому – ён ужо спіць. Добра, што мне з жонкай пашанцавала: яна ўсё разумее і не скардзіцца, што ў гэтыя напружаныя дні ад мяне мала дапамогі, – расказвае Віктар.
Дарэчы, працавіты хлопец і сёння не мае магчымасці ўволю адпачыць – зараз ён займаецца апырскваннем палеткаў, што дазволіць знішчыць шкодных для пасеваў ільну насякомых.
Вядома ж, у агульны поспех унеслі значны ўклад і іншыя працаўнікі прадпрыемства. Перадпасяўную апрацоўку глебы на агрэгаце АКШ якасна правялі М.У.Ціханёнак і С.А.Глінскі (кожны апрацаваў больш за 240 гектараў). В.Р.Башун на РДУ ўнёс мінеральныя ўгнаенні на 438 гектарах плошчаў. Дапамагаў яму на пагрузчыку В.П.Рудзёнак – менавіта яго майстэрства дазволіла ўпершыню абысціся без ужывання ручной сілы. Падвозіў угнаенні А.В.Клопаў. А.У.Арцюх і П.А.Дук на дыскатары АДН займаліся пярвічнай апрацоўкай глебы. Не абышлося і без эксперыментаў: сёлета ўпершыню прымянілі пракатванне глебы пасля пасеву – для “дружных” усходаў. Адказваў за гэты працэс М.М.Рубанік. Зладжанай рабоце механізатараў садзейнічалі Ю.М. Контараў (ён заўсёды своечасова падвозіў паліва для тэхнікі), М.А. Лецкі (яго з’яўлення на полі механізатары асабліва чакалі, бо ён прывозіў працаўнікам гарачыя абеды). Прыклалі руку да агульнага поспеху А.Д.Свідзінскі, С.М.Жогаль і А.М.Каваленка, якія займаліся пратручваннем насення. На ўчастках, дзе былі вялікія вымачкі, і куды не маглі заехаць АКШ, працаваў на МТЗ І.І.Багданаў. Нельга не адзначыць і тых работнікаў, хто забяспечваў дзейнасць завода ў перыяд пасяўной. Не былі ў баку спецыялісты – інжынеры, бухгалтары – яны кантралявалі работу, выязджалі ў поле. Вядома ж, вельмі многае залежыць і ад кіраўніка, а на льнозаводзе ён руплівы гаспадар.
Такім чынам, гарачая вясновая пара для ўшацкіх ільнаводаў завершана. Але лета і восень прынясуць яшчэ безліч работы – такі лёс у працаўнікоў сельскай гаспадаркі. Хацелася б, каб гэты вельмі прыемны і працавіты калектыў і надалей дзейнічаў сумесна, паспяхова і на агульную карысць.
Н.БАГДАНОВІЧ.
На здымку: В.У.Маковіч. 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *