Районный этап республиканской квест-игры «По следам Победы» прошел на Ушаччине

Образование и молодежь

Па слядах Перамогі прайшліся ўдзельнікі раённага этапу аднайменнай рэспубліканскай квест-гульні, прысвечанай Году гістарычнай памяці. У пошуках фрагментаў пазла, QR-кода камандам з ліку акцябрат і піянераў неабходна было пераадолець шэраг цікавых тэматычных пляцовак.

Так, на “Шыфравальнай” з двух прапанаваных слоў малодшыя школьнікі складвалі пароль – тэрмін ваеннай тэматыкі. На этапе “Ліст з фронту” чыталі зашыфраванае пасланне. Праявілі сябе і ў творчасці: на “Мінным полі” выраблялі снарады ў тэхніцы арыгамі. Дарэчы, менавіта гэтае заданне выклікала асаблівыя цяжкасці – як прызнаваліся многія, лепш папрацавалі б над стварэннем мірных сімвалаў: тых жа галубкоў, кветак. Падчас адмысловага квіза акцябраты праверылі свае веды пра Вялікую Айчынную вайну. А на кропцы “Замочная” без праблем адшукалі схаваныя літары і склалі ключавое слова “Герой”.

Пазнавальныя, творчыя, лагічныя заданні, але ўжо больш складанага парадку, чакалі ў мінулую суботу піянераў. На адным з этапаў ім неабходна было з падліковых палачак сабраць як мага больш відаў вогнішча, назваць іх, на другім – супаставіць фотаздымкі 6 палкаводцаў часоў Вялікай Айчыннай з іх біяграфіямі. Чакала школьнікаў і музычнае выпрабаванне – запісаць назвы 10 праслуханых песень ваеннай тэматыкі. Як арэшкі шчоўкалі юнакі і дзяўчаты пытанні квізу, а на пункце “Пасланне” са знойдзеных фрагментаў складалі QR-код, фатаграфаваліся, выстраіўшы каманду ў форме зоркі.

Набраўшы найбольшую колькасць балаў, пераможцамі абодвух этапаў “Па слядах Перамогі” сталі ільюшынцы – каманды акцябрат і піянераў школы прымуць удзел у абласным этапе квест-гульні. Другое месца сярод малодшых канкурсантаў падзялілі прадстаўнікі Вялікіх Долец і Арэхаўна, трэцяе – Глыбачкі і Ушач. Сярод старэйшых “срэбра” дасталася вучням з Глыбачкі, “бронза” – з райцэнтра і Арэхаўна.

Дар’я КІСЕЛЬ, метадыст раённага цэнтра дзяцей і моладзі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *