Диспансеризация в Беларуси стала обязательной

Здравоохранение

Праходзіць дыспансерызацыю будуць усе катэгорыі насельніцтва: ад нованароджаных да пажылых, нават калі ў чалавека няма захворванняў. Новы парадак устаноўлены Міністэрствам аховы здароўя Беларусі. Адпаведная пастанова ўступіла ў сілу з 1 студзеня 2023-га. Пракаменціраваць новаўвядзенні мы папрасілі загадчыка паліклінікі Ушацкай ЦРБ Паліну Генадзьеўну Пугач:

– Дыспансерызацыю мы праходзілі заўсёды, толькі цяпер яна абавязковая для ўсіх. Дарослым ад 18 да 39 гадоў на такое абследаванне давядзецца трапіць адзін раз у тры гады. Тым, каму 40 і больш – штогод. У 2023-м усе дзеці гэтак жа павінны прайсці дыспансерызацыю. Зроблена гэта для таго, каб своечасова выяўляць захворванні, павысіць працягласць жыцця, развіць моду на здаровы лад жыцця, выхоўваць у людзей адказнасць за сваё здароўе.

– Як на практыцы будзе выглядаць такі медагляд?

– Пачынацца ён будзе з кабінетаў дыспансерызацыі ці даўрачэбнага (абодва – на першым паверсе паліклінікі). Медработнік правядзе невялікае анкетаванне, накіраванае на выяўленне фактараў рызыкі развіцця неінфекцыйных захворванняў. Усе 25 пытанняў – нескладаныя. Напрыклад, ці маецца ў вас хранічнае, прыроджанае захворванне? Варыянтаў адказу тры: “так”, “не”, “не магу адказаць”. Пры гэтым апошні прымаецца як станоўчы – і ў далейшым праводзіцца ацэнка стану здароўя менавіта па гэтым пункце. Па выніках усіх адказаў будзе распрацаваны пералік дадатковых абследаванняў, іх частата. Калі ёсць рызыка развіцця, напрыклад, атэрасклератычнай хваробы сэрца, цукровага дыябету, будуць прызначаны агульны аналіз крыві і мачы, вызначэнне ўзроўню глюкозы крыві, электракардыяграфія, флюараграфія і інш. На месцы спецыяліст прааналізуе вашы медыцынскія дакументы, змерыць артэрыяльны ціск, рост, вагу, акружнасць таліі, разлічыць індэкс масы цела.

– Ці не стане дыспансерызацыя дубліраваннем медкамісіі па допуску да працы?

– Не. Штогадовая медкамісія працуючага насельніцтва накіравана выключна на выяўленне супрацьпаказанняў для занятасці ў пэўнай сферы. Дыспансерызацыя ж – гэта не толькі ацэнка стану вашага здароўя, але і складанне праграмы па яго ўдакладненні ў вузкіх спецыялістаў. Для зручнасці, эканоміі часу можна праходзіць абодва гэтыя віды медабследавання паралельна, а таксама пры знаходжанні пацыента на стацыянарным лячэнні.

– А як з сельскім насельніцтвам?

– Каб ахапіць дыспансерызацыяй максімальную яго колькасць, плануюцца выязныя формы работы, выкарыстанне мабільных медыцынскіх комплексаў. Удакладню таксама: калі пацыенты прайшлі дыспансерны агляд ва ўстановах аховы здароўя па месцы працы, вучобы ці службы, яго вынікі з копіяй уліковай карты адправяць у паліклініку па месцы пражывання і далучаць да амбулаторнай карты.

Прайсці дыспансерызацыю ва Ушацкай ЦРБ можна будзе ў будныя дні з 8.00 да 17.00 і ў суботу з 8.00 да 13.00. Тэлефоны для даведак: 5-77-34 (загадчык паліклінікі), 5-21-57 (рэгістратура).

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *