В деревне Лутово Сельцо начала работать мини-станция обезжелезивания воды

Общество

У апошні дзень студзеня ў Лутаве Сяльцы пачала працаваць міні-станцыя абезжалезвання. Будавалася яна ўсяго чатыры дні.

“Спецыяльна набралі слоік вады не з кухоннага фільтра, а з-пад крана – яна не рыжая, як звычайна. Нізкі паклон Уладзіміру Паўлавічу, кіраўніцтву райвыканкама, спецыялістам водаканала за такі падарунак”, – спакойна адказаць на пытанне аб зменах у якасці пітной вады ў Алены Лаеўскай не атрымалася. Жанчына вельмі эмацыянальна абрысоўвала, што было раней, і што зараз: “Сёлета мянялі ацяпляльную сістэму, яна толькі два гады як працуе, а поліпрапіленавая труба ўжо напалову забіта ржой. Кухонны фільтр мянялі кожны месяц і гэта пры тым, што ёсць і агульны на доме. Ванну быццам карычневую куплялі…”.

Як паведаміў С.Аліхвер, са 140 свідравін Полацкага і Шумілінскаша раёна, якія знаходзяцца на абслугоўванні водаканала, толькі ў трох населеных пунктах утрыманне жалеза не пераўзыходзіць норму. Знаходзяцца яны ў Шумілінскім раёне.

“З кампотам” у шклянцы прыходзіў на прыём да старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь У.П.Андрэйчанкі і старэйшына вёскі Лутава Сяльцо Віктар Васільевіч Федарэнка. Скаргі жыхароў, канечне, былі абгрунтаванымі, таму і знаходзілася пытанне на кантролі. Вырашыць яго імгненна не атрымалася. Па-першае, вада практычна па ўсёй Беларусі, а не толькі на Ушаччыне, не адпавядае нормам, таму станцыі абезжалезвання будаваліся спачатку ў буйных населеных пунктах. Па-другое, рэспубліканская праграма “Чыстая вада” фінансавалася Еўрапейскім банкам рэканструкцыі і развіцця, які спыніў выдачу рэсурсаў, таму нават планавыя аб’екты “закансерваваныя”. Але больш таннае тэхнічнае рашэнне адшукалі спецыялісты “Віцебскводаканала” – распрацавалі міні-станцыі, а іх падначаленыя з Полацкага структурнага падраздзялення ўстанавілі іх летась у 18 населеных пунктах свайго рэгіёну. Аднак нягледзячы на прастату выканання і знешняе падабенства, яны не сёстры-блізняты.

– Спачатку робіцца разгорнуты аналіз вады і зыходзячы з гэтага падбіраюцца рэагенты, – тлумачыць інжынер-механік цэха водападключэння “Полацкводаканала” Сяргей Міхайлавіч Аліхвер. – Напрыклад, вада ў Лутаве Сяльцы па ўтрыманні жалеза пераўзыходзіць норму ажно ў 10 разоў, абцяжарана яна і металамі марганцу, якія цяжка выдаляюцца і патрабуюць больш кіслароду. Таму ў фільтры далучаны складаныя сарбенты, у тым ліку спецыяльны каталізатар для больш хуткага расшчаплення аксідаў, якія асядаюць у выглядзе шматкоў. Увогуле станцыя ўяўляе сабой два фільтры з насыпным матэрыялам і аэрацыйную калону для акіслення металаў, а таксама фільтр грубай ачысткі, які абараняе аўтаматычныя клапаны.

Па даных Полацкводаканала ніжэй нормы ўтрыманне жалеза ў такіх населеных пунктах Ушацкага раёна: Баравыя, Вацлавова, Дубінец, Касары, Лясіны, Лагі, Малыя Дольцы, Садкі.

Уся гэта складаная хімія ўнутры. На паверхні, наадварот, усё проста – насып і частка апошняга бетоннага кола, у якіх і памяшчаюцца фільтры. “Побач два адстойнікі, з якіх будзем выпампоўваць брудную ваду, як і наогул абслугоўваць станцыю абезжалезвання, дзе выконвалі ўсе падрыхтоўчыя работы, – паказвае свой новы аб’ект старшы майстар Ушацкага ўчастка “Полацкводаканала” Андрэй Сяргеевіч Дзямешка. – Заменена і электрападача. У адрозненні ад вялікіх станцый, за гэтай давядзецца больш старанна даглядаць. Раз у месяц будуць рабіцца і пробы вады”.

Вольга КАРАЛЕНКА.

На здымках: А.Дзямешка ля міні-станцыі абезжалезвання; вада ў ванне да 31 студзеня, у слоіку – пасля.



1 комментарий по теме “В деревне Лутово Сельцо начала работать мини-станция обезжелезивания воды

  1. Очень интересно, но нет самого главного: какова производительность станции и какова её стоимость?

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *