Кормозаготовка в ОАО «Агро-Селище»

Сельское хозяйство

Не першы год зладжана і арганізавана ў час корманарыхтоўкі ААТ “Дземенец” і “Агра-Селішча” адзіным звяном нарыхтоўваюць кармы. Вось і сёлета механізаваны атрад з “Дземенца” прыбыў на палеткі сваіх калег у Селішча, ужо некалькі дзён кіпіць работа.
Сёлета плануецца нарыхтаваць 3239 тон сенажу, а таксама 3409 тон сіласу, што складзе 29 цэнтнераў кармавых адзінак травяністых кармоў на ўмоўную галаву. Скасіць травы неабходна на плошчы больш 540 гектараў. Такія задачы пад сілу працаўнікам. Хоць і існуюць праблемы: часта выходзіць са строю тэхніка, кошт на многія запчасткі вялікі, ёсць недахоп кадраў, з-за чаго немагчыма арганізаваць двухзменную работу.
Мінулы год паказаў, што ёсць магчымасці для таго, каб поўнасцю забяспечыць сябе кармамі. Больш таго, упершыню ў гаспадарцы не толькі задаволілі ўласныя патрэбы, але нават і змаглі прадаць тысячу тон, атрымаўшы пры гэтым прыбытак больш 150 мільёнаў рублёў. А былі часы, калі самім прыходзілася закупляць кармы, шукаць за межамі гаспадаркі месцы, дзе можна было б нарыхтаваць зялёную масу.
Правяленая трава ляжыць у валках, адзін круг – і прычэп ужо напаўняецца “зялёнкай”. За штурваламі кормаўборачных камбайнаў правераныя кадры, перадавікі гаспадарак – Ігар Васільевіч Мамон і Пётр Феліксавіч Караткевіч. Тры адзінкі задзейнічаны на адвозцы – Мікалай Уладзіміравіч Яловік з “Дземенца” і селішчанцы Анатоль Мікалаевіч Жаваранак і Анатоль Генадзьевіч Падрэз (на здымку). Для заахвочвання працаўнікоў у час корманарыхтоўкі прадугледжана ўнутрыгаспадарчае спаборніцтва, лепшыя будуць адзначацца прэміямі.
Закладваць сянаж пачалі ў траншэю каля малочнатаварнай фермы ў Селішчы, а ўбіраюць з прылягаючых палёў, таму тэхніка, задзейнічаная на адвозцы, паспявала спраўляцца з аб’ёмам работы. Працуюць таксама граблі, касілкі. 
Немалаважным момантам корманарыхтоўкі з’яўляецца якасць закладзеных кармоў, таму кантралююць тэмпературу, вільготнасць. Арганізавана кругласутачная трамбоўка, тым больш што ў такое спякотнае надвор’е падсохлая трава горш утрамбоўваецца.
Рабочы дзень механізатараў пачынаецца ў 6 гадзін раніцы і заканчваецца познім вечарам. Наладжана харчаванне ў полі – падвозяць абеды і вячэры, а таму работа надоўга не спыняецца. У першыя дні закладвалі прыкладна па 150 тон сенажу, зараз корманарыхтоўка набірае ўсё большыя тэмпы. У хуткім часе механізаваны атрад з “Агра-Селішча” адправіцца ў “Дземенец”, каб не зацягваючы, у аптымальныя тэрміны закласці якасны корм.
В.ПОЛАЗАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *