Сацыяльна-эканамічнае развіццё раёна за 2009 год

Общество

Дык вось, на фоне сярэднеабласных паказчыкаў раён лідзіруе толькі па чатырох пазіцыях: інвестыцыі ў асноўны капітал па камунальных арганізацыях – 130,8 (па вобласці 112,3), арганізацыях без галіновай падпарадкаванасці – 137,6 (94,9), экспарт паслуг склаў 118,9 працэнта (86,9), валавая прадукцыя сельскай гаспадаркі – 106,9 (106,7). Прычым, у першых двух паказчыках – як перавыкананне раённага задання, так і значны ўклад у развіццё раёна – 57928 мільёнаў рублёў інвестыцый пайшло пераважна на набыццё новай тэхнікі і будаўніцтва, мадэрнізацыю вытворчай базы. Самая вялікая колькасць укладзеных інвестыцый у “Райаграсервісе” – 18306 мільёнаў рублёў.

Моцна кантрастуе з абласнымі лічбамі Ушаччына па экспарту тавараў – усяго 36 працэнтаў, імпарту – 752,8. Калі з першай лічбай усё зразумела – менш удалося прадаць сваёй прадукцыі за мяжу, то такі рост імпарту тлумачыцца адкрыццём новай вытворчасці “Твестуба”, дзе ўсё закупленае абсталяванне – кітайскае.

Па ўсіх астатніх паказчыках мы хоць і адстаём ад абласнога ўзроўню, аднак нязначна.

Выканана таксама заданне па будаўніцтве жылля – 100,3, узроўню сярэднямесячнай зарплаты – 714,4 (701,4), узроўню беспрацоўя – 1,3 працэнта (1,4).

Вытворчасць

Прадпрыемствы раёна можна пералічыць па пальцах, таму нескладана назваць вагу кожнага. Не выйшлі на ўзровень 2008 года па выпуску прамысловай прадукцыі “Прамкамбінат”, ільнозавод і агароднінасушыльны завод, апошні таксама змінусаваў і па выпуску спажывецкіх тавараў. Усяго выпушчана спажывецкіх тавараў на 7 мільярдаў 282 мільёны рублёў, прырост 0,7 працэнта, недавыканана заданне на 12,3 працэнта або 887 мільёнаў, што адпавядае месячнаму аб’ёму вытворчасці.

Калі на агароднінасушыльным заводзе вялося пераўзбраенне і невыкананне насіла і аб’ектыўны характар, то льнозавод мог дабіцца хаця б мінулагодняга паказчыка. Прамкамбінату пры актыўным пошуку заказчыкаў і выйгрышы тэндэраў давялося адмаўляцца ад некаторых дагавораў, каб не працаваць са стратамі. Тэмп росту склаў 98,2 працэнта. Станоўчая дынаміка ў павелі- чэнні аб’ёмаў вытворчасці назіраецца ў камбінаце бытавога абслугоўвання. Прагнознае заданне перавыканана – 116,8 пры плане 114 працэнтаў. Філіял “Ушацкі” ЗАТ “Віцебскаграпрадукт” выпусціў 1083 тоны бялкова-вітамінных дабавак, тэмп росту склаў 107,5 працэнта. Каапнарыхтпрамам аб’ём вытворчасці прамысловай прадукцыі і спажывецкіх тавараў склаў адпаведна 108, і 108,1 працэнта.

Удзельная вага адгружанай прадукцыі да выпушчанай у мінулым годзе склала 99,2 працэнта. Для прадпрыемстваў, выпуск прадукцыі якіх носіць сезонны характар, складскі запас – гэта нармальная з’ява, аднак асноўная прычына наяўнасці складскіх запасаў – складанасці са збытам і нізкая плацежаздольнасць спажыўцоў. Дэбіторская запазычанасць па прамысловых прадпрыемствах склала 4822 мільёны рублёў. Складана канкурыраваць зараз на насычаным таварамі рынку, таму нашым прадпрыемствам трэба шукаць сваю нішу, выпускаць новыя віды і павышаць якасць, на што і нацэлена пераўзбраенне хлеба- і агароднінасушыльнага завода, набываецца новае абсталяванне прамкамбінатам і КБА.

Асноўны рэзерв павелічэння выпуску прадукцыі – стварэнне новых прадпрыемстваў і новых відаў вытворчасці.

Рознічны тавараабарот 

Гандлёвая сетка раёна на працягу не аднаго года прапаноўвае шырокі асартымент тавараў. За мінулы год праз рознічную гандлёвую сетку прададзена тавараў на 59,6 мільярда рублёў. Гэта ў супастаўных цэнах ажно на 62 працэнты больш, чым у 2005 годзе і на 0,2, – за 2008-ы. Айчынныя харчовыя тавары складаюць 94,5 працэнта, а нехарчовыя – 85,2, гэта вышэй, чым абласны паказчык.

Асноўнымі гандлёвымі арганізацыямі па-ранейшаму застаюцца прадпрыемствы спажывецкай кааперацыі, іх вага з 69,9 працэнта павялічылася да 71,6. Кожны ўшачанін набыў тавараў на 2350,2 тысячы рублёў у 2008-м і на 2654,8 – у мінулым годзе. У тым ліку праз спажывецкую кааперацыю адпаведна на 1643 і 1901 тысячу рублёў. Нізкім застаецца тэмп росту рознічнага тавараабароту прадпрыемстваў грамадскага харчавання – 95,7, і ў агульным тавараабароце яно на ўзроўні 2008 года – 5,7 працэнта.

Продаж нехарчовых тавараў павялічыўся з 28,4 да 30,5 працэнта ва ўсім тавараабароце. Узрасла і вага безнаяўных разлікаў – з 1,8 у 2008, да 3,3 працэнта ў 2009-м. Для павелічэння аб’ёму продажу было праведзена 53 кірмашы, 216 выстаў-продажаў, 24 рэкламныя акцыі, 30 чалавек набылі тавары па льготным крэдыце згодна з Указам Прэзідэнта краіны №371.

Прадпрыемствамі гандлю за 11 месяцаў атрымана 136 мільёнаў прыбытку, рэнтабельнасць рэалізаванай прадукцыі склала 3,9 працэнта. Аднак з планавым заданнем па рознічным тавараабароце (118,5 працэнта) раён справіўся толькі на 100,2.

Платныя паслугі

2009 годзе былі аказаны на суму 10777,5 мільёна рублёў, што на 2,2 працэнта больш 2008 года, на аднаго жыхара – 623 тысячы рублёў супраць 520. У тым ліку бытавых – 110,8 і 80,8 адпаведна. Даведзенае заданне недавыканана на 12,8 працэнта. Выручка ад іх склала 1917,7 мільёна або 121,1 працэнта да студзеня-лістапада 2008.

Найбольшая ўдзельная вага ў агульным аб’ёме паслуг даводзіцца на жыллёва-камунальную гаспадарку – 38, санаторна-аздараўленчыя – 15,9, транспартныя – 10,6, сувязі – 10 працэнтаў. У структуры платных бытавых паслуг 24,9 даводзіцца на рытуальныя і абрадавыя, 13,4 – на рамонт і будаўні- цтва жылля, 6,8 – цырульні, 4,3 – паслугі лазняў і душавых. У разрэзе прадпрыемстваў найбольшы аб’ём паслуг даводзіцца на камунгас – 14,5, энергазбыт – 13,7, “Лясныя азёры” – 18,8, АТП №6 – 9,8, “Ушачырайгаз” – 11,3, раённы вузел электрычнай сувязі – 7,5, паштовай сувязі – 2,7, ЦРБ – 2,6, КБА – 2,5.

Праз пластыкавыя карткі аплачана 3,6 працэнта ўсяго аб’ёму паслуг пры заданні 13. Найбольш актыўна аплачваюцца паслугі жыллёва-камунальнай гаспадаркі і сувязі – 65,6 і 16,6 адпаведна.

Экспарт

За чатыры гады экспарт тавараў павялічыўся ў 2,4 раза. У 2009 годзе ён склаў толькі 36 працэнтаў з-за складанасці збыту за мяжу. Так прыватнае прадпрыемства “Алекс-Нутта” заключыла толькі адзін кантракт на суму 75 тысяч долараў, калі ў 2008 на 260, ААТ “Ушачы” – на 30,5 супраць 167,1. Павялічыў продаж замарожаных ягад за мяжу толькі каапнарыхтпрам – на 82,3 тысячы долараў супраць 63,8. Вага гэтага прадпрыемства ў экспарце тавараў вырасла з 10,9 да 39,2 працэнта.

Экспарт паслуг у раёне аказвае пераважна санаторый “Лясныя азёры”. Ад продажу пуцёвак грамадзянам замежных краін атрымана 526,1 тысячы долараў, што на 18,9 працэнта больш, чым у 2008 годзе.

Нягледзячы на высокія тэмпы імпарту тавараў і нізкія экспарту, атрымана станоўчае сальда ў памеры 101,6 тысячы долараў.

Прыбытак

Сабекошт прадукцыі, работ і паслуг за 11 месяцаў 2009 года павялічыўся на 12,4 працэнта і склаў 73,7 мільярда рублёў. Тэмп росту сабекошту на 0,1 працэнта апераджаў рост ад выручкі, таму ў цэлым па раёну ад асноўнага віду дзейнасці і былі дапушчаны страты ў памеры 486 мільёнаў рублёў, а рэнтабельнасць адпаведна – мінус 0,7 працэнта, за студзень-лістапад 2008 года – плюс 1,5. Рэнтабельнымі з’яўляюцца 17 прадпрыемстваў з 29, якія ўлічваюцца афіцыйна. 58,8 працэнта з іх маюць рэнтабельнасць ад 0 да 5 працэнтаў, 29,4 – ад 5 да 10. У цэлым па раёну атрымана 2,9 мільярда чыстага прыбытку, што на 0,9 меней у параўнанні з аналагічным перыядам 2008 года. З прыбыткам спрацавалі ўсе галіны эканомікі, за выключэннем прамысловасці, з 6 прадпрыемстваў 2 маюць страты: агароднінасушыльны завод – 184 мільёны, ільнозавод – 309.

Прадпрымальніцтва

У раёне зарэгістравана 183 юрыдычныя асобы, з якіх 102 адносяцца да прыватнай формы ўласнасці, 189 індывідуальных прадпрымальнікаў. Толькі ў мінулым годзе іх колькасць павялічылася на 26 і 25 адпаведна. Семнаццаць юрыдычных асоб і 2 прадпрымальнікі займаюцца выпускам прадукцыі, 11 і 4 адпаведна – будаўніцтвам, 144 прадпрымальнікі гандлююць. “Азёрныя ростані” – турыстычнае прадпрыемства і са жніўня зарабіла 11,3 мільёна рублёў. Яно, а таксама “Лясныя азёры”, ПУП “ПромСтройЛид”, “Ляснеўшчына”, “Ун-ТоргРэфлекс” скарысталіся льготамі ў падаткаабкладанні.

Павышаныя планы

Ужо зараз планы пяцігодкі перавыкананы па такіх паказчыках, як інвестыцыі ў асноўны капітал, экспарт тавараў, рознічны тавараабарот і платныя паслугі. Аднак гэта не азначае, што прыйшла пара адпачываць. Наадварот, практычна перад усімі прадпрыемствамі і арганізацыямі пастаўлены на 2010 год вельмі высокія задачы. Па ўсіх прыгаданых вышэй паказчыках павелічэнне да ўзроўню 2009 года павінна скласці ад 25 (прамысловасць) да 94 працэнтаў (валавая прадукцыя сельскай гаспадаркі). Як падкрэсліў на пасяджэнні старшыня райвыканкама А.А.Кавалёнак, усе задачы выконваемыя, самы напружаны паказчык для аграрыяў – надаіць 20 тысяч літраў малака.

Раённы бюджэт

У 2009 годзе бюджэт раёна быў перавыкананы на 101 мільён рублёў (план 10844,5, факт – 10945,5). 25,8 працэнта ўсіх даходаў складаюць паступленні з прадпрыемстваў – 2822,8 мільёна рублёў. За кошт павелічэння ставак на зямлю і нерухомасць атрымана 251,6 мільёна, мясцовых падаткаў і збораў – 609,3, ад арганізацый, створаных у малых гарадах і сельскай мясцовасці, – 102, аўкцыёнаў па продажы 19 зямельных участкаў – 63,1, збор з нарыхтоўшчыкаў – 40,7, добраахвотных пералічэнняў фізічных асоб на добраўпарадкаванне – 6,6. Бюджэтнымі арганізацыямі раёна зароблена 601,8 мільёна ад пазабюджэтнай дзейнасці, што на 87,1 мільёна больш, чым у 2008-м. Аднак гадавы план выкананы толькі на 96,4 працэнта. Адной з крыніц папаўнення бюджэту з’яўляецца ліквідацыя запазычанасці перад бюджэтам на суму 452,3 мільёна і па пералічэнні спагнана падаходнага падатку – 310,8. Хоць нядоімка і скарацілася на 245,4 мільёна, графік ліквідацыі запазычанасці не выкананы.

Расходы бюджэту склалі 34150,1 мільёна рублёў і прафінансаваны на 96,8 працэнта. 62,5 працэнта ўсіх расходаў былі накіраваны на сацыяльна-культурную сферу (21356,6 мільёна), 19,6 – на камунальную сферу. Аграпрамысловы комплекс прафінансаваны на 519,2 мільёна, на выкананне праграмы па адраджэнні сяла – 11 мільярдаў рублёў, на добраўпарадкаванне населеных пунктаў – 678,6 мільёна. Бюджэт раёна насіў сацыяльную накіраванасць, гэта тэндэнцыя захаваецца і на 2010 год.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *