За примерами благоустройства — в Великие Дольцы

Благоустройство

У гэтым годзе раённы Савет дэпутатаў практыкуе такую эфектыўную форму работы, як выязны прэзідыум. На сённяшні дзень яна падаецца больш дзейснай, бо дазваляе дэталёва, на месцах разглядаць пэўныя пытанні. Апошняе пасяджэнне прэзідыума, якое адбылося на гэтым тыдні, прайшло на тэрыторыі Вялікадолецкага сельсавета і было прысвечана тэме добраўпарадкавання.

У пашыраным пасяджэнні прэзідыума раённага Савета дэпутатаў акрамя членаў прэзідыума ўдзельнічалі старшыні сельскіх Саветаў дэпутатаў, прадстаўнікі раённых службаў, а таксама намеснік начальніка аддзела па рабоце органаў мясцовага кіравання і самакіравання ўпраўлення арганізацыйна-кадравай работы Віцебскага аблвыканкама А.П.Бруцкі. 
Вялікадолецкі сельсавет быў невыпадкова абраны месцам правядзення мерапрыемства, бо работа па добраўпарадкаванні на аб’ектах сацкультбыту тут вядзецца на належным узроўні. З уводам аграгарадка значна змяніўся знешні выгляд населенага пункта. Сельскі дом культуры, сельвыканкам, школа, бальніца – сацыяльныя аб’екты, якія з’яўляюцца прыкладам добраўпарадкавання. Тут пастаянна падтрымліваецца парадак. Гэта адзначыў у сваім дакладзе і старшыня Вялікадолецкага сельскага Савета дэпутатаў М.К.Ляшкевіч. У гэтым годзе вялікую дапамогу ў навядзенні парадку ў населеных пунктах сельсавета аказалі прадпрыемствы і арганізацыі раёна. Была адзначана работа раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, прамкамбіната, лясніцтва, школ, інспекцыі па падатках і зборах па Ушацкім раёне. Нядобрасумленна аднесліся да аказання шэфскай дапамогі Ушацкі аддзел фонду сацыяльнай абароны насельніцтва. Добра папрацавалі на тэрыторыі сельсавета замацаваныя шэфы горада Полацка – “Лакаматыўнае дэпо Полацк” нават аказала спонсарскую дапамогу, зрабілі і ўстанавілі прыгожыя вароты каля будынка сельвыканкама, металічныя канструкцыі вертыкальнага азелянення.  
Разам са станоўчымі момантамі ў плане добраўпарадкавання існуюць і праблемы. Адна з іх – вываз бытавых адыходаў у населеных пунктах. Паўсюдна кантэйнераў для смецця не хапае, спецыяльна адведзеныя для гэтых мэт міні-палігоны знаходзяцца не блізка, а таму многія выкідваюць смецце дзе прыйдзецца. Па-ранейшаму лічыцца праблемай наяўнасць баршчэўніку, актыўна вядзецца работа па яго знішчэнні. Таксама вострае пытанне – пустуючыя і старыя дамы, якія падлягаюць зносу, але не заўсёды лёгка гэта зрабіць, у прыватнасці, знайсці іх уладальнікаў. У кожным населеным пункце ёсць такія вось непрыглядныя будынкі, якія пагаршаюць знешні выгляд нашых вёсак. Толькі на тэрыторыі Вялікадолецкага сельсавета іх больш за 70.
Тэму старых і пустуючых дамоў, выканання Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 3 лютага 2006г. №70 “Аб упарадкаванні ўліку і скарачэнні колькасці пустуючых і старых дамоў з гаспадарчымі і іншымі пабудовамі ў сельскай мясцовасці” прадоўжыла старшыня раённага Савета дэпутатаў А.В.Пашковіч. З моманту дзеяння Указа на тэрыторыі раёна выяўлена 189 пустуючых і 336 старых дамоў. У гэтым годзе знесена 26 пустуючых і 268 старых дамоў. Значную дапамогу ў гэтай рабоце аказваюць прадпрыемства меліярацыйных сістэм, аддзел па надзвычайных сітуацыях. Многія вызваленыя ўчасткі карыстаюцца попытам і прадаюцца з аўкцыёну.
План правядзення прэзідыума ўключаў наведванне шэрагу аб’ектаў, дзе на належным узроўні працуюць калектывы і вядзецца комплекснае добраўпарадкаванне тэрыторыі. Удзельнікі мерапрыемства пабывалі ў Вялікадолецкай сельскай ўчастковай бальніцы, якая падчас будаўніцтва аграгарадка была перанесена ў будынак былога дзіцячага сада. Выконваючая абавязкі галоўнага ўрача і дэпутат раённага Савета дэпутатаў А.М.Крыштопенка азнаёміла прысутных з работай бальніцы, дзе створаны выдатныя ўмовы для прыёму і лячэння пацыентаў, у належным стане ўтрымліваецца сам будынак і прылягаючая тэрыторыя. 
Найлепшым прыкладам добраўпарадкавання з’яўляецца Вялікадолецкая сярэдняя школа, дзе намаганнямі ўсяго калектыву і вучняў наведзены ідэальны парадак на тэрыторыі, увасоблены ў жыццё незвычайныя, арыгінальныя ідэі. Створана выдатная матэрыяльна-тэхнічная база, зроблена ўсё для паўнацэннага развіцця дзяцей. Удзельнікі пасяджэння былі ўражаны такім парадкам. Аб’ектамі наведання сталі таксама магазін аграгарадка і комплексны прыёмны пункт.
На прэзідыуме разгледжана таксама пытанне “Аб этнаканфесіянальнай сітуацыі на тэрыторыі раёна”, з якім выступіў галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама Д.Л.Раманоўскі. Прааналізаваны ход выканання пратакола даручэнняў па выкананні заўваг і прапаноў выбаршчыкаў, якія паступілі ў ходзе правядзення справаздач дэпутатаў раённага Савета дэпутатаў у чэрвені 2011 года. У канцы пасяджэння былі падведзены вынікі, вырашаны іншыя рабочыя пытанні.
Не абышлося і без прыемных момантаў, галоўнаму спецыялісту райсавета Валянціне Мікалаеўне Сляцкай за шматгадовую добрасумленную працу была ўручана Грамата абласнога Савета дэпутатаў. Завяршылася мерапрыемства невялікім канцэртам мастацкай самадзейнасці, падрыхтаваным Вялікадолецкім сельскім Домам культуры. Асабліва цёпла госці віталі самадзейны калектыў “Дальчаначка” і яго мастацкага кіраўніка П.Алексяёнка.
В.ПОЛАЗАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *