Подведены итоги вступительной кампании: ушачские школьники показали хорошие результаты

Общество

Падведзены вынікі ўступнай кампаніі ў вышэйшыя, сярэдне-спецыяльныя навучальныя ўстановы, а таксама ў прафесійна-тэхнічныя вучылішчы. Пра тое, наколькі яна стала паспяховай для выпускнікоў школ Ушацкага раёна, нам расказала метадыст вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі райвыканкама Алена Мечыславаўна ЖУК.

Паспяховасць школьнага навучання многія ацэньваюць па колькасці набраных выпускнікамі балаў на цэнтралізаваным тэсціраванні і прэстыжнасці навучальнай установы, у якую яны паступілі. Калі судзіць па гэтых мерках, то можна сказаць, што нялёгкая школьная дыстанцыя ў адзінаццаць гадоў завяршылася абсалютнай перамогай для адной трэцяй сёлетніх абітурыентаў. 39 са 122 выпускнікоў школ раёна ў гэтым годзе сталі студэнтамі вышэйшых навучальных устаноў. Уступныя іспыты пры паступленні многія з іх вытрымалі бліскуча.
Вышэйшыя навучальныя ўстановы, якія выбралі нашы выпускнікі, папулярныя і даволі прэстыжныя. Як звычайна, пальма першынства сярод іх належыць ПДУ і ВДУ імя П.М.Машэрава. Па-ранейшаму запатрабаванымі ў выпускнікоў застаюцца педагагічныя спецыяльнасці – сёлета па дадзеным профілі паступіла 9 былых школьнікаў, а таксама сельскагаспадарчыя (7) і медыцынскія (4).
Радуе тое, што былыя школьнікі пацвярджаюць свае веды падчас здачы ўступных экзаменаў у вышэйшыя навучальныя ўстановы. Медаліст гэтага года Леанід Сазанкоў паспяхова справіўся з тэсціраваннем па ўсіх прадметах і стаў студэнтам бюджэтнай формы навучання БДУІР. Удзельнікі і прызёры раённага, абласнога этапаў рэспубліканскай алімпіяды Маргарыта Літвін, Уладзіслаў Грак, Юлія Дзямешка, Алена Зімніцкая, Павел Кірпічонак, Лілія Жодзік таксама паступілі ў абраныя імі ВНУ.
Асабліва хацелася б адзначыць паспяховасць паступлення выпускнікоў сельскіх школ: 22 з 68 сталі студэнтамі вышэйшых навучальных устаноў. Найлепшых паказчыкаў у гэтым годзе дабіліся калектывы Вяркудскай, Арэхаўскай і Ільюшынскай школ, дзе працэнт паступлення ў ВНУ склаў 100, 55,5 і 50 працэнтаў адпаведна.
Школа – гэта не толькі жамчужына ведаў, гэта і асяроддзе, дзе сталее асоба і вызначаецца са сваім далейшым прафесійным выбарам. І таму важна ўжо за школьнай партай займацца ўдумлівай прафарыентацыяй старшакласнікаў, знаёміць іх з запатрабаванымі ў нашай мясцовасці спецыяльнасцямі. Добра гэта разумеюць педагогі Мосарскай, Ільюшынскай, Глыбачанскай і некаторых іншых школ, выпускнікі якіх з году ў год становяцца студэнтамі ВНУ сельскагаспадарчага профілю. Сёлетні год – не выключэнне: выбралі адпаведныя спецыяльнасці і паступілі ў ВНУ два выпускнікі Мосарскай школы, два – Ільюшынскай, адзін – Глыбачанскай.
Даволі паспяховымі для нашых юнакоў і дзяўчат сталі таксама вынікі прыёмнай кампаніі ў сярэдне-спецыяльныя навучальныя ўстановы, прафесійна-тэхнічныя вучылішчы – 42 і 38 паступіўшых адпаведна.
Хочацца спадзявацца, што ўсе “новаспечаныя” студэнты не расчаруюцца ў выбраных спецыяльнасцях, будуць упэўнена крочыць па нялёгкай і вельмі адказнай дарозе да прафесійнага прызвання.
Падрыхтавала
К.КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *