Ольга Ивановна Рубаник

Наш современник Общество

Вольга Іванаўна Рубанік нямала гадоў адпрацавала ў сельскім магазіне вёскі Мосар. А дома быў агарод, гаспадарка, якія таксама патрабавалі працоўных намаганняў.
– Карову, парсюка, кабылу трымалі з мужам да апошняга, – расказвае жанчына. – І пасля таго, як чатыры гады назад яго не стала, яшчэ не ўсё адразу збыла. Гэта цяпер, у свае 77 гадоў, цяжка стала з жывёлай спраўляцца. Але агарод яшчэ трымаю.
На прысядзібным участку Вольгі Іванаўны, сапраўды, усё дагледжана.
А як заходзіш у двор, адразу звяртаеш увагу, што ля хаты адведзена месца для адпачынку. Вакол зялёная трава, але гэта не пустазелле, а акуратна падкошаны раслінны дыванок. Стаіць альтанка. І на зялёным фоне прыгожа цвітуць жоўтыя кветкі, а яшчэ на бліжэйшых градках такога ж колеру вялізныя гарбузы.
– Усяго чатыры калівы прывезла дачка з Наваполацка, – гаворыць Вольга Іванаўна, – а вунь як разрасліся. Добры ўраджай далі. Як і іншая агародніна. 
А яшчэ яна садзіць бульбу. Раней конь быў уласны – на двух суседзяў. Цяпер, гаворыць, прыязджае з Жывалакі на ўласным трактары Мікалай Мароз, дапамагае вырошчваць самы неабходны прадукт уласнай вытворчасці…
Жанчына ганарыцца, што перадала сваю руплівасць, уменне і жаданне працаваць на зямлі дзецям. Прыязджае дапамагаць дачка з зяцем, а сын, які жыве ў Вяркудах, наогул мае ўсё ў сябе на агародзе. Ён – спецыяліст сельскай гаспадаркі.
Г.ВАРАТЫНСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *