Креативные идеи семьи Федосовых из деревни Волчо

Благоустройство Общество

Дзіўнае побач з намі, галоўнае – навучыцца гэта заўважаць. Такую ісціну даказалі Васіль Іосіфавіч і Раіса Андрэеўна Фядосавы з вёскі Ваўчо, якія стварылі на сваім падворку чароўную казку. У якасці сыравіны выкарыстоўвалі ўсе падручныя матэрыялы: пластыкавыя бутэлькі, цвікі, драўляныя дошкі, накрыўкі ад бутэлек, аджыўшыя свой век рэчы. Сапраўдныя творы мастацтва Фядосавы размясцілі на сваім двары. На радасць сабе і на дзіва прахожым і суседзям.

 

Блішчыць на сонцы, здзіўляе і нават асляпляе невялікі домік. Здаецца, апынуўся ў нейкай казцы і перад табой хатка з карамельнымі ўпрыгожаннямі. Але, калі прыгледзецца, разумееш, што гэта не замак з салодкай карамелі і нават не з каштоўных камянёў, а альтанка са звычайных пластыкавых бутэлек ці іх частак, упрыгожаная “каралямі” з накрывак ад так званых “паўтарачак”. Архітэктар і будаўнік гэтай дзіўнай альтанкі – Васіль Іосіфавіч – увесь вольны час прысвячае незвычайнаму хобі. А пачалося ўсё не так даўно. Аднойчы мужчына заўважыў, што пластыкавая бутэлька прыгожа блішчыць на сонцы, і вырашыў зрабіць з яе што-небудзь арыгінальнае для хаты. Нідзе не шукаў праектаў ці распрацовак, рабіў усё метадам спроб і памылак. А ў выніку атрымалася вельмі прыгожа. Асноўная праца звычайна прыходзіцца на зіму, бо летам увесь час аднімае гаспадарка.  
– Усё, што зроблена сваімі рукамі, – прызнаецца мужчына, – прыносіць задавальненне і асалоду. Увечары прысядзем з жонкай у сваім куточку – і адыходзяць усе клопаты, уздымаецца настрой. Лепшай рэлаксацыі і не трэба!  
Нядаўна на падворку Фядосавых з’явілася яшчэ адна незвычайная малая архітэктурная форма – піраміда з гарбузоў і кабачкоў. Пабудаваў яе Васіль Іосіфавіч пасля таго, як сабралі з жонкай ураджай. Выбраў лепшыя “экзэмпляры” і склаў так, як падказала фантазія.
Перад дагледжаным домам размясціліся таксама штучныя бабуля і дзядуля з незвычайным букетам. Рознакаляровыя кветкі не баяцца ні ветру, ні марозу. Уявіце сабе, як прыемна зімовай парой выглянуць у акенца ў траскучы мароз, а там… кветкі. І адразу, напэўна, становіцца цяплей на душы.
Перад вокнамі, у агародчыку Фядосавых з ранняй вясны да позняй восені мноства кветак, якія радуюць прыгажосцю і цудоўным пахам. Гэта адзін з асноўных клопатаў і любімая справа Раісы Андрэеўны. А два лебедзі – сімвал вернасці і кахання – размясціліся на варотах перад домам і добра ўпісваюцца ў вясковую рапсодыю, створаную рукамі працавітых гаспадароў. Вядома, работы шмат: і хата, і падворак патрабуюць пастаяннай увагі. Але для гаспадарлівых людзей любая праца, а тым больш на зямлі – у радасць.
К.КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *