В Ушачах нет проблем с установкой телефонов

Зваротная сувязь

Яшчэ гадоў дзесяць назад мы і ўявіць не маглі, што для выхаду ў інтэрнэт неабавязкова ахвяраваць тэлефоннай лініяй, а пра тое, каб глядзець фільмы “online” і перамотваць рэкламу ў тэлевізары, і гаворкі быць не магло. Сёння ўнікальныя сучасныя тэхналогіі перадачы даных – гэта рэальнасць. Пра некаторыя новаўвядзенні, а таксама пра ўжо добра вядомыя грамадзянам сродкі сувязі пацікавіліся падчас “прамой тэлефоннай лініі” ў начальніка Ушацкага РВЭС А.А.РАДЗЮША.
– Аляксандр Аляксандравіч, ці ёсць зараз праблемы з устаноўкай тэлефонаў?
– Не, такой праблемы даўно няма. На чарзе на сённяшні дзень стаіць толькі 11 чалавек. Па раёне падключаем бесправадныя тэлефоны без абмежаванняў.
– Што новага на сённяшні дзень вы можаце прапанаваць сваім абанентам і тым, хто хоча імі стаць?
– Абаненты паслугі Byfly могуць, не выходзячы з дома, у кабінеце карыстальніка ўзяць “Абяцаны плацеж” і памяняць тарыфны план. Паслуга “Абяцаны плацеж” таксама стала даступнай і абанентам інтэрактыўнага тэлебачання Zala. Што датычыцца апошняга, то зараз яно можа замяніць нават DVD-прайгравальнік з мноствам дыскаў: у любы момант з амаль “бясконцай” колькасці фільмаў, што знаходзяцца ў базе даных, можна выбраць любы і паглядзець у зручны для вас час. Гэта паслуга платная: кошт прагляду аднаго фільма складае каля трох тысяч рублёў.
– Некаторыя карыстальнікі IPTV Zala скардзяцца на тое, што часам знікае (“тармозіць”) малюнак…
– Так, праблема існуе. Намі праводзіцца работа па паляпшэнні якасці прадстаўляемых паслуг і спектры інтэрактыўных функцый, аднак варта разумець, што паслугі гэтыя новыя і на этапе ўкаранення патрабуюць пастаянных дапрацовак. Пры ўзнікненні праблем з якасцю сігналу IPTV Zala звяртайцеся ў наша бюро рамонту. Спецыялісты правераць стан лініі, зробяць усё, што ад іх залежыць. Упэўнены, што ў хуткім часе праблем з якасцю прыёму стане намнога менш.
Ці можна пры выкарыстанні інтэрактыўнага тэлебачання Zala падключаць два і больш тэлевізараў у адной кватэры ці прыватным доме?
– Такая магчымасць ёсць, аднак толькі пры ўмове высокай якасці сігналу. На сённяшні дзень, на жаль, пахваліцца ідэальным станам нашы лініі пакуль не могуць, а таму і падключаць некалькі тэлевізараў няма сэнсу. На будучае скажу: кошт такога падключэння будзе крыху вышэйшым за звычайны.
Раскажыце, калі ласка, пра тэрміны выканання работ супрацоўнікамі вашай арганізацыі па зваротах грамадзян.
– Калі ў жыхароў сельскіх населеных пунктаў узнікаюць праблемы з работай тэлефонаў, выязджаем на месца і ліквідуем паломку ў двухдзённы тэрмін. Для жыхароў райцэнтра ён складае 24 гадзіны. Многае залежыць ад таго, калі паступіў зварот. Некаторыя грамадзяне тэлефануюць нам, скажам, пад вечар у пятніцу і чакаюць хуткага вырашэння праблемы. У такіх выпадках пачатак тэрміну выканання работ пераносіцца на раніцу наступнага рабочага дня. Хачу таксама адзначыць, што знайсці пашкоджанне тэлефоннага кабелю зімой не так проста, а таму часам бывае, што тэрмін выканання работ можа крыху зацягнуцца.
На змену прывычным “радыёкропкам” прыходзяць сучасныя ўльтракароткахвалевыя прыёмнікі. Дзе іх можна набыць і як падключыць?
– Сапраўды, многія жыхары нашага раёна ўжо адчулі на сабе вартасці такіх прыёмнікаў: яны кампактныя, бяспечныя, добра ловяць сігнал шасці і нават больш каналаў. Набыць УКХ-радыёпрыёмнік можна ў РВЭС, патэлефанаваўшы нам і зрабіўшы адпаведны заказ. Мы самі прывязём яго і ўстановім. На сённяшні дзень кошт прыёмніка складае 180 тысяч рублёў. Мы прапануем нашым кліентам растэрміноўку аплаты на шэсць месяцаў.
* * *
Падчас “прамой лініі” А.А.Радзюшу паступалі і іншыя пытанні прыватнага характару. Усе яны датычыліся работы радыё. Аляксандр Аляксандравіч узяў на заметку ўсе адрасы і паабяцаў, што ў самы бліжэйшы час брыгада выедзе на месца і пастараецца ліквідаваць недахопы.
К.КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *