Как живут жители небольшой деревни Апанасковичи?

Общество

Вы шукаеце прыгожыя мясціны на беразе возера з ветлівымі жыхарамі і цікавым мінулым – калі ласка, вам якраз сюды. Запрашаем у вёску Апанаскавічы Ушацкага раёна!
Калі я казала пра бераг возера – ведайце, гэта не турыстычная “ўлоўка”, а чыстай вады праўда: вёска стаіць на ўзгорку, пад якім размясцілася славутае ў рыбацкіх колах возера Чарсцвядскае. Акрамя таго, вяскоўцы маюць поўнае права ганарыцца яшчэ і лесам, які, напэўна, шмат гадоў быў ім замест магазіна. Хоць сапраўднай крамы тут ніколі не было, затое аўтамагазін прыязджае строга па раскладзе-.

Крыху гісторыі

Населены пункт Апанаскавічы вядзе сваю гісторыю з 16 стагоддзя ў складзе Полацкага ваяводства ВКЛ. Спачатку вёскай валодаў пан Герчык, а потым – Свяршчэўскі і яго жонка Алена. А ў сучасных вяскоўцаў ёсць свае версіі аб паходжанні вёскі. Так, Валянціна Іванаўна Касьмін, якая жыве ў Апанаскавічах ужо каля 50 гадоў, згадзілася паведаміць нам адну з іх.
… Даўно, калі нас яшчэ на свеце не было, жыў у гэтых краях пан. Меў ён шмат земляў ва ўладанні. Але была ў яго адна загана – вельмі ён любіў у карты гуляць. Затое да простых людзей ставіўся добра, не тое, што іншыя.
Аднойчы поспех адвярнуўся ад пана. У той раз на кон былі пастаўлены не грошы, а панская маёмасць – гулялі на зямлю. Ці то пан не разлічыў сваіх сіл, ці то сапернік аказаўся намнога спрытнейшы, але пан прайграў. А раз паабяцаў, то доўг вяртаць трэба. Абжытыя землі пан не дужа хацеў аддаваць. Тады ўспомніў ён, што ёсць жа ў яго глухі лес, у які людзі толькі па грыбы ды па ягады ходзяць. Падумаў пан, ды і аддаў гэтую зямлю. Новы гаспадар лесу заслаў туды трох чалавек і загадаў выкарчаваць яго, а потым і жыць там. Вочы баяцца, а рукі робяць. Пачалі туды людзі з іншых месцаў з’язджацца. А першага чалавека, які жыць там пачаў, Апанасам звалі. Адтуль і пайшла назва вёскі Апанаскавічы.
Існуе і іншая версія. Паводле яе, адна сям’я вельмі правінілася перад панам. За гэта ён выслаў людзей жыць у густы лес. А яны там не прапалі. Абжыліся, пабудавалі хату. А гаспадара той сям’і звалі Апанасам.
Легенды легендамі, але атрымоўваецца, што аповеды вяскоўцаў зыходзяцца ў адным — назву вёсцы дало імя яе жыхара. Дарэчы, калі працягваць пра гістарыю, то нельга не згадаць 1781 год, калі ў Апанаскавічах была пабудавана праваслаўная царква Святога Духа; 1864 год – дата адкрыцця ў вёсцы народнага вучылішча. А ў 1930 годзе быў утвораны калгас.

Разам не сумуюць

Сям’я Маскаленкаў – карэнная, апанаскавіцкая. Алена Васільеўна і Іван Ананьевіч з усмешкай прыгадваюць свае школьныя гады: маўляў, не тое, што цяпер у вас – вучыся – не хачу. Тады не тое што паперы ў дастатку, нават чарніла не было – пісалі бурачным сокам, які хутка высыхаў і станавіўся амаль нябачным. Вось і рабілі так дамашнія заданні. А падручнікаў у вочы не бачылі. 
Івана Ананьевіча, тады вучня-пераростка, пасля вайны адправілі толькі ў другі клас. Таму школу закончыць ён так і не паспеў – прама з-за вучнёўскай парты забралі ў армію. Пасля службы падаўся ў сталіцу на трактарны завод, але ў горадзе неяк не прыжыўся. Вось і атрымалася, што дзе нарадзіўся, там і згадзіўся.
У 1962 годзе атрымаў правы вадзіцеля, і з гэтага часу пачынаецца працоўны шлях Івана Ананьевіча, які доўжыўся 32 гады. Замест машыны яму, як маладому, далі толькі раму і кабіну, і ён сам даводзіў яе да толку. А яшчэ за ўсё жыццё ні разу не быў у адпачынку. Прозвішча Івана Ананьевіча заносілася на Дошку гонару Ушацкага раёна.
Яго жонка, Алена Васільеўна, таксама з самага дзяцінства шукала заробак. Дзе яна толькі не працавала! І на сушыльным заводзе, і ў бальніцы санітаркай, і на будоўлі ФАПа. Потым пайшла ў калгас. Працавала адразу ў двух месцах: днём – у брыгадзе, ноччу – вартаўніком. Гэта быў самы складаны час для маладой сям’і. Нараджаліся дзеці. А дэкрэтны адпачынак быў зусім кароткі. Але выхад быў знойдзены: з дзецьмі сядзела свякроўка.
Алена Васільеўна – жанчына вельмі чулая: і пасмяецца, і паплача. На яе думку, хоць і быў цяжкі час, але было ж не толькі дрэннае. Жанчына ўспамінае, як моладзь, і яна ў тым ліку, абсталявала пустое памяшканне пад сельскі клуб. Самі клеілі, фарбавалі, прыбіралі, сцэну зрабілі. А потым адпачывалі там. Свае, мясцовыя хлопцы і дзяўчаты, ладзілі цікавыя канцэрты, танцавалі, спявалі. І з Ушач да іх прыязджалі з праграмамі. Нават кіно прывозілі. А за добрыя выступленні прызы невялікія давалі.
Зараз дзеці ўсе ў горадзе. Прыязджаюць наведаць бацькоў, калі выпадае хвілінка. Але Іван Ананьевіч з Аленай Васільеўнай не сумуюць, бо людзі, якія ўсё жыццё пражылі разам, з паўслова разумеюць адзін аднаго.

Прысвяціла жыццё медыцыне

Надзея Авер’янаўна Станевіч у Апанаскавічах жыве не з самага нараджэння, але вёску палюбіла моцна.
Усё сваё жыццё жанчына прысвяціла медыцыне. А пачалася любоў да гэтай справы з паступлення ў Полацк у двухгадовую школу медсясцёр. Пасля здачы апошняга экзамену аб’явілі, што пачалася вайна. Хоць Надзея і не была на фронце, але таксама ўнесла сваю часцінку ў Вялікую Перамогу: шыла адзенне партызанам, капала разам з усімі траншэі, будавала доты. 
Пенсіянерка ўспамінае, як у іх хаце кватараваў Раманаў, камандзір партызанскай брыгады імя Ракасоўскага. Прыгадвае яна і тое, як потым чарговае заданне абярнулася для Раманава гібеллю.
Толькі па заканчэнні вайны пачалася медыцынская кар’ера Надзеі Авер’янаўны. Першае месца яе працы – бальніца ў Зарачанах. Адтуль яе накіравалі ў новы ФАП у вёску Рог. Затым была задумана вялікая справа – пабудаваць у Галюгах бальніцу на 10 ложкаў. І самі медработнікі хадзілі на будоўлю, як на працу.
У 1949 годзе Надзея Авер’янаўна выйшла замуж. Муж яе таксама быў медыцынскім работнікам, толькі крыху ў іншай сферы. Сяргей Юльянавіч Касьмін лячыў хатнюю жывёлу.
Жанчына з усмешкай на вуснах успамінае, як адзначалі ўсе святы разам з мужам. Асабліва ёй падабаўся дзень провадаў зімы. Тады збіралася шмат людзей, спявалі песні, каталіся на санках. А яшчэ прывозілі ў вёску кіно. Вось гэта была падзея!
Цяпер пенсіянерка жыве адна. Мужа не стала яшчэ ў 1992 годзе, а дзяцей Бог не даў. Але на працягу ўжо больш 12 гадоў да Надзеі Авер’янаўны прыходзіць сацыяльны работнік – Алена Іванаўна Гайко, якая дапамагае весці гаспадарчыя справы ды і ўвогуле не дае пенсіянерцы сумаваць.

Сведка гераічных падзей

Вайну ў Апанаскавічах старэйшае пакаленне памятае добра. Але ўсе як адзін прыгадваюць, што немцы ў вёску заглядвалі рэдка: яшчэ б, гэта ж была партызанская зона. Але калі яны ўсё ж прыходзілі, то гора хапала ўсім…
Сёння ў Апанаскавічах жыве ветэран Вялікай Айчыннай вайны Яўген Сямёнавіч Касьмін, які мае медалі “За перамогу над Германіяй”, “За ўзяцце Будапешта”. Не так даўно на старонках “раёнкі” быў артыкул, прысвечаны яго франтавой дзейнасці. Таму зараз хочацца расказаць, чым ён займаўся ў мірны час. А гаварыць, паверце мне, ёсць пра што. 
Гэты чалавек асвоіў шмат прафесій. Так, у 1947 годзе Яўген Сямёнавіч – інспектар па малацэ ва Ушачах. З 1948 на працягу дваццаці гадоў працаваў брыгадзірам у мясцовым калгасе: даглядаў свіней, цялят, вырошчваў бульбу, лён, гарох. І трэба сказаць, паспяхова працаваў. Толькі льну здавалі тады на 55 тысяч рублёў (на той час за 5 тысяч можна было купіць аўтамабіль). За плячыма ў яго яшчэ і праца асемянатара.
Вучыцца ніколі не позна – гэта пра яго. Справа ў тым, што Яўгена Сямёнавіча ўжо ў сталым узросце накіравалі асвойваць прафесію механізатара ў Полацк.
Карацей кажучы, усё сваё пасляваеннае жыццё Яўген Сямёнавіч прысвяціў працы ў калгасе. Мянялася толькі назва гаспадаркі: спачатку “Камунар”, потым – “Пралетарыя”, “Савецкая Беларусь”. А сутнасць захавалася: працавалі на роднай зямлі сумленныя і адказныя людзі, такія, як Яўген Сямёнавіч Касьмін.

Цікавы выпадак

У студзеньскім нумары “Рэспублікі” за 2007 год з’явіўся артыкул “Кто владеет самыми забавными номерами мобильных телефонов в Беларуси”. У ліку такіх апынулася і жыхарка Апанаскавіч – Галіна Канстанцінаўна Васюкова. Як аказалася, яна валодала нумарам тэлефона, які з’яўляецца дакладным значэннем хуткасці святла ў вакууме – 299792,5 км/с (299-79-25). Жанчына спачатку не паверыла, што ёй тэлефануюць з газеты: можа, гэта хлопцы, якія цераз дом жывуць, жартуюць. “Я на шклозаводзе да пенсіі працавала. Фізіка ўжо даўно была, нічога не памятаю. Хоць тэлефон у нас сапраўды цікавы”, — расказвала мая зямлячка, якой, нажаль, няма ў жывых.

Заканчваючы аповед пра вёску Апанаскавічы Ушацкага раёна, хочацца дадаць, што далёка не пра ўсіх цікавых людзей я расказала. Напрыклад, заўсёды радуе вока прыгожы і акуратны двор Нэлі Іванаўны і Яўгена Іларыёнавіча Маскаленкаў. Абавязкова гасцінна вас сустрэнуць у хаце Васіля Васільевіча і Валянціны Іванаўны Касьміных. Марыя Фамінічна Голік і Ганна Пятроўна Троцкая запросяць у дом пагаварыць. А Надзея Сямёнаўна Неруганёнак і Алена Сямёнаўна Голік пацікавяцца, як справы, як вучоба. Адным словам, тут жывуць працавітыя і сумленныя людзі. Толькі хочацца пажадаць, каб часцей наведваліся іх дзеці і ўнукі, каб гучаў у гэтых прыгожых мясцінах звонкі дзіцячы смех.

К.ГАЙКО.

Фота  Н.БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *