36 лет бухгалтерскому делу посвятила А.Н.Пугач

Наш современник Сельское хозяйство Экономика и малый бизнес

Звычайна героямі публікацый аб сельскай гаспадарцы становяцца працаўнікі палёў, жывёлаводы, а работа спецыялістаў застаецца ў цяні. А вельмі многія з іх заслугоўваюць увагі і слоў удзячнасці за самаадданую працу. Такія, як Антаніна Мікалаеўна Пугач, якая 36 гадоў аддала бухгалтарскай справе, працуючы ў КУСГП “Глыбачаны”. Усяго некалькі дзён таму гэтую ветлівую і добразычлівую жанчыну калектыў праводзіў на заслужаны адпачынак. Наша з ёй размова адбылася, калі Антаніна Мікалаеўна ўжо распараджалася сваім вольным часам. Не стрымліваючы эмоцый, жанчына шчыра дзялілася сваёй радасцю ад таго, што нарэшце адпачне, і адначасова смуткам, што развіталася з калектывам, да якога так моцна прырасла. Як і наогул да Ушаччыны, дзе яна нарадзілася і пражыла ўсё жыццё.

У 1975 годзе пасля заканчэння Полацкага сельскагаспадарчага тэхнікума па размеркаванні прыехала працаваць у “Глыбачаны” на пасаду бухгалтара і з таго часу так і не мяняла месца працы, апошнія 11 гадоў была галоўным бухгалтарам. Яна як ніхто выдатна ведае абстаноўку ў гаспадарцы, усіх былых і цяперашніх работнікаў. За такі працяглы час мянялася сітуацыя ў краіне, раёне, а Антаніна Мікалаеўна заставалася вернай роднай гаспадарцы і сваёй справе.

Амаль кожны год у сельгаспрадпрыемства прыходзяць працаваць маладыя бухгалтары, кожнаму А.М.Пугач з усёй душой імкнулася дапамагчы разабрацца і ўнікнуць у справу. На жаль, нямногія з маладых спецыялістаў затрымліваюцца больш тэрміну адпрацоўкі, не прываблівае іх жыццё ў сельскай мясцовасці і палохаюць цяжкасці.

– Людзі, якія лічаць, што прафесія бухгалтара зусім нескладаная, памыляюцца, – гаворыць жанчына, – канечне, гэта не фізічная праца ў полі, але на табе ляжыць вялікая адказнасць за правільнасць балансаў, справаздач, налічэнняў. Трэба быць у курсе ўсіх змен, новаўвядзенняў. Вельмі часта брала і работу дамоў, каб усё паспець. А хатніх спраў на вёсцы, вядома, хапае… Тым не менш, работа для мяне была ў радасць.

Разам з мужам, які таксама ўжо на пенсіі, трымаюць немалую падсобную гаспадарку, ёсць прысядзібны ўчастак, дзе ўсё вырошчваюць для сябе, а таксама свой сад. Пастаяннага догляду патрабуе і дом на новай і прыгожай вуліцы аграгарадка.

Хоць і сумуе крыху Антаніна Мікалаеўна, нязвыкла пакуль, але ўжо плануе, як будзе спакойна, нікуды не спяшаючыся, рабіць усе свае справы, на якія ў апошнія гады не заўсёды хапала часу.

У гэтыя выхадныя да Антаніны Мікалаеўны прыедуць з гарадоў дзеці і любімы ўнук, каб павіншаваць і разам адсвяткаваць прайшоўшы юбілей і свята работнікаў сельскай гаспадаркі.

В.ПОЛАЗАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *