Памяці воінаў інтэрнацыяналістаў

В памяти их имена

 

Роўна 21 год таму апошні салдат Савецкай Арміі пакінуў Афганістан, закончылася вельмі доўгая, з вялікімі ахвярамі вайна. Ды не ўсім пашанцавала вярнуцца да блізкіх жывымі, “груз 200” – гэтыя авіярэйсы сталі сімвалам жалобы па тых, хто загінуў у той далёкай краіне. Але памяць аб тых, хто выканаў свой воінскі абавязак да канца, у сэрцах і душах баявых сяброў засталася назаўсёды. Праўда, радзеюць і іх рады, бо вайна адклала сваё на лёсы і здароўе. PICT0055

Таму ў сёлетні Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў баявыя сябры наведаліся не толькі да магіл тых, хто загінуў непасрэдна ў Афгане, але і да тых, хто пакінуў жыццё ўжо ў мірны час.

Традыцыйна чакалі ў Мажуйках Ганна Тарасаўна і Міхаіл Макаравіч Ключонкі дарагіх ім “афганцаў”, а гэтыя бацькі загінуўшага Мікалая ў далёкім 1988-м сталі амаль роднымі для іх. Ганна Тарасаўна наогул лічыць сваімі дзецьмі, вельмі ўдзячная за тое, што захоўваюць памяць аб іх сыночку.

Бяда з’яднала яе з яшчэ адной жанчынай – Валянцінай Аляксандраўнай Клачок з Дубінца. Без перабольшвання можна сказаць, што яны парадніліся, самым патаемным дзеляцца паміж сабой, падтрымліваюць адна адну.

Не абыходзіцца ў гэты дзень без слёз, але адчуваюць жанчыны, што памяць аб іх дзецях жыве, а гэта таксама немалая падтрымка.

Кожную магілку былых воінаў наведалі ў гэты дзень старшыня раённага Савета дэпутатаў І.М.Падгол, намеснік старшыні райвыканкама В.І.Карчэўская, раённы ваенны камісар У.Я.Пальчэх разам з былымі інтэрнацыяналістамі. Вянкі і кветкі прынеслі яны, а таксама ўручылі матэрыяльную дапамогу.

Настаўнік Вялікадолецкай школы А.В.Рудкоўскі, які ўзначальвае раённую арганізацыю грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане”, ведае пра лёсы ўсіх, хто быў на той вайне. І не толькі хто жыве ў раёне. На жаль, на могілках у Вялікіх Дольцах стала яшчэ адным пахаваннем больш – жыць бы яшчэ былому капітану медыцынскай службы, які выратаваў не адно жыццё, Р.Аніскевічу, ураджэнцу вёскі Старына.

 

Р.КАРПАЎ.

На здымках:

сястра і маці Мікалая Ключонка з воінамі-інтэрнацыяналістамі; на магіле сына Валянціна Аляксандраўна Клачок.

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *