Что ждёт гостей фестиваля «Роковый берег» в Ушачах?

Главное Культура

Многія нашы чытачы, напэўна, ужо бачылі ў сацсетках анонс мерапрыемства, што разгорнецца ва Ушачах 25 ліпеня. Гэта фестываль “Рокавы бераг”, які мусіць стаць адной з самых яркіх культурных падзей лета. Пра ідэю, мэту і праграму фэсту – наша размова з загадчыкам сектара культуры Ушацкага райвыканкама Лідзіяй Шкаруба.

– Анансуючы летась рэтра-фестываль “УХО”, Вы зазначалі, што хочаце зрабіць падобныя летнія мерапрыемствы традыцыйнымі, прычым ладзіць іх у рознай тэматыцы. Сёлета на чарзе – рок?

– Эпіцэнтрам яркіх музычных падзей звычайна становяцца буйныя гарады, але мы маем намер даказаць, што дух жывога гуку і класнага настрою можа ўладарыць і ўдалечыні ад мегаполісаў. Рок – гэта стыль, які здольны аб’яднаць пакаленні. На такіх канцэртах няма пафасу, а артысты і гледачы знаходзяцца на адлегласці выцягнутай рукі, таму мяркуем стварыць на “Рокавым беразе” атмасферу драйву і сяброўства. Дарэчы, сёлета месцам правядзення фэсту стане летні амфітэатар ля раённага цэнтра культуры.

– Па якім прынцыпе фарміравалі праграму?
– Хочам, каб пляцоўка фестывалю паспрыяла падтрымцы таленавітых беларускіх музыкантаў. Зноў запрасілі да нас унікальную і яркую Ганну Шаркоўскую – сучасныя кампазіцыі, якія яна выконвае на цымбалах, падабаюцца гледачам любога ўзросту. Не сумняваемся, што “задасць жару” рок-калектыў “Замкавая гара”, а кавер-група “Без цукру” нагадае ўсім лепшыя хіты гэтага жанру. Ну а DJ Party ў фінале фэсту парадуе моладзь.

– Што апроч музычных нумароў чакае гасцей?
– Цікавым інтэрактывам стане тэматычны квіз, падчас якога каманды сяброў, калег і проста незнаёмых раней гледачоў паспаборнічаюць у веданні гісторыі рока, паспрабуюць разгадаць музычныя рэбусы, вызначыць шлягеры па першых нотах. Вогненных фарбаў імпрэзе дадасць фаер-шоу. Што да фестывальнай ежы, дык і тут пастараемся прыемна здзівіць гасцей: замест стандартнага фастфуда прапануем крэатыўнае кулінарнае падарожжа. А падсілкавацца дакладна спатрэбіцца, каб адрывацца разам з музыкантамі з 16.00 да 2.00, кошт білета складзе 20 рублёў.

Шчыра спадзяёмся, што “Рокавы бераг” акажацца максімальна прывабным як для суровых рокераў, так і для ўсіх жыхароў і гасцей Ушаччыны!

Гутарыла Наталля БАГДАНОВІЧ.
На здымках: гурт “Замкавая гара”;
Г.Шаркоўская.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *