С открытым сердцем к людям. Татьяна Бондарева — лучший депутат, хороший работник

Экономика и малый бизнес

Таццяна Барысаўна Бондарава – наш лепшы дэпутат! – гавораць у сельвыканкаме. Яна наш незаменны работнік – сцвярджаюць калегі, яна – самая лепшая і любячая маці, жонка, бабуля — кажуць родныя. Я ж ужо некалькі гадоў ведаю яе як сціплага, добрага, вельмі чулага чалавека, які заўсёды з усёй душой адгукаецца на тую ці іншую просьбу. Такі склад характару ў гэтай жанчыны – спаўна аддаваць сябе сям’і, рабоце, грамадскім абавязкам.
Таццяна Барысаўна ўмее знайсці падыход да людзей, умее падабраць патрэбныя словы ў той ці іншай сітуацыі, падтрымаць і дапамагчы. Часам нават здаецца, што яна мае адукацыю псіхолага, хаця на самой справе яна бухгалтар і менавіта з гэтай пасады пачала сваю дзейнасць у 1980 годзе ў калгасе “Дружба”, прыехаўшы сюды з Лепельшчыны. У свеце лічбаў і балансаў яна працавала да 2002 года, а потым стала працаваць на мясцовым паштовым аддзяленні, дзе пастаянна прыходзіцца быць з людзьмі. У 2008-м Таццяна Барысаўна заняла пасаду намесніка дырэктара ААТ “Ільюшынскі” па ідэалагічнай рабоце. Сёння ідэолаг у калектыве – гэта чалавек, які добра ведае настрой работнікаў, умела арганізоўвае мерапрыемствы, ніколі не забудзе пра святы працаўнікоў. Гэта, пэўна, толькі адзін працэнт ад таго, што ўваходзіць у абавязкі і што трэба рабіць Т.Б.Бондаравай. У гэтым годзе ёй была выказана падзяка аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама за добрасумленную працу, высокі прафесіяналізм у рабоце і актыўны ўдзел у грамадска-палітычным жыцці раёна.
Акрамя гэтага жанчына з’яўляецца дэпутатам Жарскага сельскага Савета дэпутатаў і таксама сумленна адносіцца да гэтага статусу.
– У Рагуцкіх, якія ўваходзяць у маю выбарчую акругу, перыядычна ўзнікаюць праблемы з водазабеспячэннем, мы разам са старшынёй сельвыканкама, пры ўдзеле гаспадаркі імкнёмся як мага хутчэй вырашаць гэтае пытанне, – з неабыякавасцю і непадробным перажываннем за справу гаворыць Таццяна Барысаўна.
– Сярод дэпутатаў сельскага Савета Т.Б.Бондарава праяўляе найбольшую актыўнасць. Дзякуючы сваёй пасадзе яна мае магчымасць дапамагчы нам у вырашэнні якіх-небудзь пытанняў, напрыклад, пры расчыстцы дарог у такое вось снежнае надвор’е. Таксама яна ўваходзіць у склад усіх камісій, створаных пры сельвыканкаме, заўсёды прымае ўдзел у іх рабоце, прысутнічае на сесіях сельскага Савета, праводзіць работу з нядобранадзейнымі сем’ямі, – такую характарыстыку Таццяне Барысаўне дала старшыня сельскага Савета дэпутатаў С.Ц.Міхейка.
Нездарма па выніках работы за мінулы год Т.Б.Бондарава была прызнана лепшым дэпутатам. За гэта не прадугледжана вялікіх узнагарод, гэта проста прызнанне работы, штуршок да далейшай дзейнасці.
Нягледзячы на такую занятасць на рабоце, Таццяна Барысаўна не абдзяляе ўвагай сваіх родных – мужа, дачок, унучак, стварае ўтульнасць у сваім доме.
Кажуць, таленавіты чалавек – таленавіты ва ўсім. Дадзенае выказванне можна “перафразаваць” і да гэтай жанчыны, у якой спалучаюцца ўсе станоўчыя рысы, уменне прафесіянальна выконваць сваю работу і несці людзям дабро, ствараць сямейны дабрабыт.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *