В Ушачах прошла районная спартакиада трудовых коллективов

Cпорт

Імкненне быць лепшым закладзена ў чалавечай прыродзе. Трансфармуецца яно і на адносіны паміж калектывамі. І калі сярод прадстаўнікоў адной сферы дзейнасці можна вылучыць лідараў, параўнаўшы вытворчыя паказчыкі, то як, напрыклад, высветліць, хто больш варты пашаны – энергетыкі ці сувязісты, дзе працуюць больш згуртаваныя і адданыя свайму калектыву людзі – у сферы адукацыі ці лясной гаспадаркі? І ўсе ж атрымаць адказ на гэтыя пытанні можна – трэба проста пабываць на раённай зімовай спартакіядзе працоўных калектываў.

Сёлета паспрачацца за першынство выказалі жаданне 25 каманд, а барацьба, як і летась, ішла ў васьмі відах праграмы. Пачалося ж спартыўнае свята з урачыстага адкрыцця, падчас якога быў узняты Дзяржаўны флаг (ганаровае права зрабіць гэта атрымалі леташнія пераможцы – прадстаўнікі лясгаса), а ўдзельнікі пачулі падбадзёрваючыя словы ад намесніка старшыні райвыканкама В.І.Карчэўскай.
І вось спартакіяда стартавала, як і раней, адначасова па многіх відах.
“… Першае месца ў спаборніцтвах па падняцці гіры заняў… трэба называць прозвішча?” – агучваў пазней вынікі турніру начальнік аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама С.Ціханёнак, і аб тым, што пытанне было рытарычным, сведчыў дружны адказ прысутных: “Уладзімір Аўдошка!” Як і ў мінулыя гады, дырэктар ЦБП “Беларусбанка” быў відавочным фаварытам, прадэманстраваў сапернікам майстар-клас. Зрэшты, былі ў гэтым відзе і іншыя дастойныя выступленні. Стабільна ў абодвух практыкаваннях праявіў сябе прадстаўнік вузла электычнай сувязі Сяргей Васілеўскі, які заняў другое месца.
– Вынік мог быць і лепшым, але апошнія тры гады, пасля таго, як стаў мнагадзетным татам, на практыкаванні з гірай проста не хапае часу, – патлумачыў Сяргей і дадаў, што адновіць трэніроўкі.
Трэцім жа прызёрам у гэтым відзе стаў прадстаўнік Ушацкай школы Алег Лемеш.
Гарачыя баталіі разгарнуліся ў вельмі відовішчным дыгатлоне. Па выніках паядынкаў высветлілася, што самыя моцныя рукі ў прадстаўніка аддзела па надзвычайных сітуацыях Дзмітрыя Цюкалы, другое і трэцяе месцы адпаведна ў Андрэя Васіленкі з райспажыўтаварыства і Уладзіміра Урбана з ДРБУ-105. А вось Анатоль Амбражэвіч з райгаза, які спыніўся ў адным кроку ад п’едэстала, тым не менш лічыць сваё выступленне паспяховым. Ён упершыню спрабаваў сябе ў дыгатлоне, але каманду не падвёў (аб тым, як адчайна змагаўся, сведчылі сцёртыя да крыві мазалі на далонях). На пытанне ж, якім чынам гэты падцягнуты мужчына “выпрацаваў” такую моц у руках, усміхнуўся:
– 15 гадоў на развозцы балонаў – выдатная трэніроўка.
Высветліць, у каго самыя моцныя рукі, мелі магчымасць і жанчыны, якія спаборнічалі ў адцісканні ад гімнастычнай лаўкі. Тут фаварыты пацвердзілі свой статус: Алена Апёнак з райгаза і Таццяна Гулевіч з ЖКГ паказалі аднолькавы вынік, а першая атрымала перамогу толькі з-за таго, што выступала раней, і саперніца ведала яе вынік. Выдатна сябе праявіла і Ала Сынкова (аддзел адукацыі), якая адціснулася толькі на адзін раз менш. Хочацца адзначыць, што ўдзельніцы гэтага віду былі самымі дружнымі і добразычлівымі – хварэлі адна за адну, удалыя выступленні саперніц сустракалі апладысментамі, а Алена Апёнак пасля аб’яўлення вынікаў была не столькі ўзрадавана сваёй перамогай, колькі засмучана другім месцам Таццяны, і нават звярнулася за тлумачэннем да суддзяў.
Вельмі шчыльныя вынікі паказалі і мужчыны-гімнасты. Сяргей Пацэвіч з ПМК-66 падцягнуўся на перакладзіне толькі на адзін раз больш за другога і трэцяга прызёраў Вячаслава Ягадку (РАУС) і Сяргея Сляцкага (Беларусбанк).

А вось удзельнікі наступнага віду вызначалі, у каго самыя моцныя ногі, вынослівы арганізм і добрая тэхніка лыжнага ходу. Аказалася, што ў каманды ААТ “Ільюшынскі”. Другое месца занялі прадстаўнікі КУСГП “Арэхаўна”, трэцяе – Белаграпрамбанка. Дарэчы, гэты від моцна “падкасіў” выратавальнікаў, якія сёлета выступалі ў спартакіядзе асобнай камандай і не здолелі запоўніць жаночую вакансію ў лыжнай эстафеце.
Затое прадстаўнік названай арганізацыі Андрэй Уліновіч добра праявіў сябе ў дартсе, дзе заняў другое месца. Трэцім у гэтым відзе стаў Сяргей Мялешка з агароднінасушыльнага завода, а роўных тут не было Сяргею Каваленку з КУСГП “Арэхаўна”. Хлопец прызнаўся, што апошнім часам захапіўся гэтай гульнёй і перыядычна адточвае дома сваё майстэрства. Былі сярод удзельнікаў і тыя, хто ўпершыню трымаў у руках дроцікі.
– Баялася, што ўвогуле не траплю ў мішэнь, але навічкам шанцуе, і я паказала неблагі вынік! Дартс мне вельмі спадабаўся! – падзялілася ўражаннямі прадстаўніца каманды меліяратараў Вольга Анкудовіч.
Паспаборнічаць у трапнасці мелі магчымасць і стралкі. Цікава, што від гэты стаў самым прадстаўнічым у плане ўдзелу ў ім кіраўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый. Сярод стралкоў быў заўважаны і старшыня райвыканкама Алег Анатольевіч Кавалёнак, які абараняў, і не без поспеху, гонар каманды. Лепшым жа снайперам стаў камунгасавец Валерый Волкаў, другое месца прынёс “Ушачырайгазу” яго дырэктар Аляксей Кавалёў, на трэцім – прадстаўнік Ушацкай школы Аляксандр Тарасеня. У першай шасцёрцы – кіраўнікі “Ільюшынскага” і ДРБУ-105 Сяргей Халімоненка і Анатоль Коцур. Сярод прадстаўніц слабага полу лепшы вынік (5 месца) у Вольгі Чумаковай з аддзела культуры, якая прызналася, што метка паражаць мішэні навучылася ў стралковай секцыі ў Глыбачанскай школе.
Самая працяглая і бескампрамісная барацьба ішла ў турніры шашыстаў. Першынстваваў у ім Канстанцін Дабравольскі (ПМК-66), другім стаў Уладзімір Ярмош (лясгас), трэцім – Мікалай Захарэнка (райгаз). Дарэчы, у гэтым відзе выступаў самы ўзроставы ўдзельнік спаборніцтваў, прадстаўнік каманды райвыканкама Уладзімір Малаткавец, які атрымаў ад арганізатараў спецыяльны прыз. У асабістым заліку ў шашках і стральбе спаборнічалі старшыні сельвыканкамаў – перамога дасталася Васілю Шнітко з Ушацкага.
Як заўсёды, нікога не пакінуў абыякавым апошні від спартакіяды – перацягванне каната. Тут знайшлося месца і вяселлю (асабліва падчас выхаду жаночай каманды Ушацкай школы, якая, дарэчы, атрымала прыз глядацкіх сімпатый), і гарачым спрэчкам наконт судзейскіх рашэнняў, і нечаканым выйгрышам, здавалася б, прайграных паядынкаў. Запомнілася дружная каманда вузла электрычнай сувязі, дзе поруч з мужчынамі адчайна змагалася прадстаўніца прыгожай паловы чалавецтва Святлана Філімонава, якой быў потым уручаны прыз “За волю да перамогі”. Крыху не пашанцавала дужым хлопцам з “Райаграсэрвіса”. Літаральна вырвалі перамогу ў вельмі моцных камунгасаўцаў прадстаўнікі райспажыўтаварыства і занялі ганаровае трэцяе месца. А ў фінале мужныя выратавальнікі здолелі перамагчы волатаў з лясгаса. Гэтыя дзве каманды, дарэчы, занялі ў агульным выніковым пратаколе спартакіяды адпаведна трэцяе і чацвёртае месцы. Вельмі паспяховым можна прызнаць “сярэбранае” выступленне райгазаўцаў.
Ну а пераможцам спартакіяды стала каманда УП ЖКГ. “Яшчэ некалькі гадоў таму камунальнікаў ніхто не ўспрымаў усур’ёз. Цяпер жа вы – сапраўдная баявая каманда, якой па плячы любыя вышыні”, – зазначыў С.Ціханёнак падчас уручэння медалёў пераможцам. Сакрэт іх поспеху не толькі ў наяўнасці добрых спартсменаў, але і ў моцным калектыўным духу. Мяркуйце самі: каб не падвесці каманду, Таццяна Гулевіч прыйшла на спаборніцтвы з тэмпературай, а калі перад стартам стала вядома, што з-за хваробы ў эстафеце не змогуць прыняць удзел два лепшыя спартсмены, на трасу выйшла Алена Гусева, і хоць апошні раз яна апранала лыжы ў далёкія студэнцкія гады, але пакінула на лыжні ўсе сілы, і каманда паказала дастойны вынік.
Чарговая спартакіяда стала гісторыяй. Хтосьці здолеў праявіць свае адметныя якасці, нехта проста добра адпачыў і даў выхад эмоцыям. Але я ўпэўнена: кожны, хто пабываў на спартыўным свяце, ніколькі не пашкадаваў, што менавіта такім чынам правёў гэты дзень свайго жыцця.
Н.БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *