Каковы демографические показатели в Ушачском районе в текущем году?

Демография

На нядаўнім пасяджэнні раённага савета па дэмаграфічнай бяспецы разглядаўся шэраг надзённых пытанняў: ад прычын смяротнасці ўшачан да прыняцця ў рэгіёне мер, накіраваных на павелічэнне нараджальнасці. У зацікаўленым дыялогу прымалі ўдзел прадстаўнікі раённага кіраўніцтва, медыцыны, адукацыі і іншых арганізацыйных структур.

За два месяцы і 22 дні 2013 года на Ушаччыне памерла 94 чалавекі (у 2012 – 93). Сёлета ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года зменшылася смяротнасць грамадзян працаздольнага ўзросту – 11 выпадкаў. Для 31 жыхара раёна жыццё абарвалася на восьмым дзясятку, для 38 – на сёмым, для 7 – на шостым, для 9 – на пятым, для 5 – на чацвёртым. На жаль, бягучы перыяд 2013-га азмрочаны таксама 2 смярцямі маладых людзей ва ўзросце ад 18 да 29 гадоў, столькі ж малышоў не дажылі нават да годзіка…
Самую вялiкую ўдзельную вагу ў агульнай структуры смяротнасцi склалі захворваннi сістэмы кровазвароту – ад іх памерла 47 чалавек. Па старасці памерла 26 грамадзян. На долю анкалогіі сёлета прыпала ўжо 6 смерцяў, ад атрыманых траўм загінула 5 ушачан.
Па выніках 2012 года найбольш нізкі ўзровень смяротнасці назіраўся ў Наваполацку, Віцебску, Полацку, Оршы, а таксама ў Лепельскім і Чашніцкім раёнах. На жаль, адваротны паказчык зарэгістраваны ў Расонскім, Аршанскім, Міёрскім і Ушацкім раёнах.
Як адзначаюць медыкi, многiя няўважлiва ставяцца да свайго здароўя i неактыўна ўключаюцца ў працэс яго захавання. А мiж iншым, ранняя дыягностыка захворванняў дапамагае пазбегнуць многiх непрыемнасцяў. Грамадзянам трэба штогод праходзіць агульны медыцынскі агляд, а кіраўнікам арганізацый – сачыць за тым, каб іх падначаленыя не ігнаравалі гэтае жыццёва важнае патрабаванне.
За адзначаны перыяд ва Ушацкім раёне нарадзілася 19 дзяцей, што на 12 менш, чым у 2012-м. Як паказвае статыстыка, нараджальнасць на тысячу насельніцтва ў нас складае ўсяго 1,3 працэнта. Для дасягнення даведзеных адпаведным рашэннем Віцебскага аблвыканкама дэмаграфічных паказчыкаў на 2013 год ва Ушацкім раёне неабходна павялічыць нараджальнасць з 10,5 да 11,3 праміле.
Каб дэмаграфічная сітуацыя ў раёне была больш спрыяльная, неабходны сумесныя намаганні дзяржаўных органаў і арганізацый, працоўных калектываў, грамадскіх аб’яднанняў. У сувязі з гэтым савет прыняў рашэнне ўзмацніць міжведамаснае ўзаемадзеянне ў рабоце па недапушчэнні гібелі і траўматызму людзей, папярэджанні і змяншэнні колькасці смерцяў ад знешніх прычын. Будзе прадоўжаны сістэмны маніторынг дэмаграфічных паказчыкаў у раёне.
* * *
Па даных Галоўнага статыстычнага ўпраўлення Віцебскай вобласці, на 1 студзеня 2013 года ва Ушацкім раёне пражывала 14 тысяч 580 чалавек (гарадское насельніцтва – 6047 грамадзян, сельскае – 8533). Менш за ўсё жыхароў зарэгістравана на Расоншчыне – 10196, не могуць пахваліцца густанаселенасцю таксама Дубровенскі (15665), Лёзненскі (16440), Шаркаўшчынскі (16764) і Бешанковіцкі (16777) раёны. Найбольшая ж колькасць насельніцтва пражывае ў Глыбоцкім (38894) і Пастаўскім (37546) раёнах.
К.КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *