25 июля — День пожарной службы

Cлужба-101 К профессиональному празднику

На пажар у вёсцы Сарочына машына, у якой знаходзіліся начальнік каравула №1 Мікалай Шустроў і старшы пажарны Сяргей Валодчанка, прыбыла першай. Дзеянні пажарных у такіх выпадках разлічаны да дробязяў: задача начальніка каравула – імгненна ацаніць абстаноўку, высветліць верагоднасць знаходжання ў палаючым доме людзей, старшы пажарны ў гэты час павінен абясточыць пабудову – з дапамогай рубільніка або проста абрэзаўшы правады.

З сівой даўніны па цяперашні час

Старажытныя летапісы данеслі да нас звесткі аб вогненных катаклізмах сярэднявечча, якія знішчалі цэлыя населеныя пункты. Аднак толькі ў 14-16 вяках у гарадах, атрымаўшых Магдэбургскае права, пачалі ўвасабляць у жыццё так званыя «вогненныя парадкі» — правілы пажарнай бяспекі. У прыватнасці, у іх сцвярджалася, што тушэнне пажараў — абавязак усіх гараджан, і тых, хто ад яго ўхіляўся, прымушалі сілай або прыгаворвалі да пакарання. Па начах па вуліцах хадзілі «клікуны», якія нагадвалі аб неабходнасці асцярожнага абыходжання з агнём. Пазней былі створаны кругласутачныя службы нахт-вахцёраў, якія размяшчаліся ў будках на скрыжаваннях цэнтральных вуліц. У 18 веку пачалі ўзводзіць высокія вежы, адкуль пастаянна назіралі за горадам: іх называлі пажарнымі каланчамі. 11 такіх пабудоў захаваліся ў Беларусі да цяперашняга часу.
У пачатку 19 века тушэнне пажараў увайшло ў абавязкі палкоў унутранай варты. У 1853 годзе Указам Імператара Мікалая І быў зацверджаны «Нармальны табель складу пажарнай часці ў гарадах». Штатны расклад быў зацверджаны і для 34 населеных пунктаў, што знаходзяцца на тэрыторыі сучаснай Беларусі, у тым ліку Полацка, Лепеля, Дзісны. У адпаведнасці з гэтым дакументам штат пажарнай часці вызначаўся па колькасці насельніцтва: у гарадах да 2 тысяч — 5 пажарных, ад 2 да 5 — 12, ад 5 да 10 — 26 і гэтак далей. 25 ліпеня 1853 года Мінскай думай была прынята пастанова «Аб новым устройстве ў Мінску пажарнай каманды і зацвярджэнні яе штату» — з таго моманту арганізацыя пажарнай справы была пастаўлена на дзяржаўны ўзровень, таму гэты дзень быў прыняты за пачатак існавання пажарнай службы ў Беларусі і адзначаецца як дзяржаўнае свята. У гэты ж час пачалі прымацца правілы супрацьпажарнай бяспекі: забаранялася будаўніцтва дамоў з саламянымі дахамі, хаджэнне з адкрытым агнём без ліхтару, курэнне ў двары і гумне і г.д.
Тым не менш стан пажарнай аховы адставаў ад развіцця гарадоў, а пажарныя каманды па жаданні губернатараў ці паліцмайстараў выкарыстоўваліся на ўсялякіх работах: вазілі дровы і ваду, чысцілі снег і нават знішчалі бадзяжных сабак. Прэстыж пажарных каманд стаў узнімацца, калі на службу ў іх сталі набіраць людзей па вольным найме. Адначасова ўдасканальвалася ўзбраенне і прыёмы барацьбы з пажарамі. На рубяжы 20 века пажарная служба трывала стала на ногі, а колькасць катастрафічных пажараў значна зменшылася.
Першыя звесткі аб пажарнай камандзе ў г.п.Ушачы датуюцца 1905 годам. “Баявы арсенал” ушацкіх пажарных быў тады надзвычай сціплы: 400-літровая бочка з вадой, рыдлёўкі, вёдры, багры, сякеры, кароткія рукавы і грувасткая ручная помпа – усё гэта перавозілася на конях. Толькі ў 1946 годзе іх замяніла пажарная машына на базе ГАЗ-2А, якую ўшачанам выдзелілі з Полацка.
Зараз у склад Ушацкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Віцебскага абласнога ўпраўлення МНС Рэспублікі Беларусь уваходзяць пажарная аварыйна-выратавальная часць №1 г.п.Ушачы, пажарныя аварыйна-выратавальныя пункты №11 агр.Вялікія Дольцы, №12 агр.Глыбачка, №13 в.Двор Пліна.
Толькі за першае паўгоддзе 2013 года асабовы склад дзяжурных змен ажыццявіў 479 выездаў, з іх 19 – на тушэнне пажараў, падчас якіх было выратавана 4 чалавекі, 6 галоў жывёлы, 36 пабудоў.
З развіццём сучасных тэхналогій карэнным чынам памянялася экіпіроўка, аснашчанасць пажарных, аднак асноўнае засталося нязменным: як і ў часы сівой даўніны гэтыя людзі, рызыкуючы жыццём, уступаюць у небяспечнае адзінаборства з вогненнай стыхіяй.

Будні першага каравула

Пажар пачаўся ў размешчанай ля параднага ўваходу кухні, а жыхары дома, па звестках суседзяў, знаходзіліся ў пакоі на другім баку высокага цаглянага будынка. Каб выратаваць іх, трэба было пранікнуць у дом праз вакно. Перад двума пажарнымі паўстала дылема, вырашыць якую трэба было імгненна: ці апранаць процівагазы? Вядома ж, гэта дазволіць пазбегнуць атручвання прадуктамі гарэння, аднак на абавязковую праверку работы сродкаў уласнай абароны патрабуецца дзве хвіліны – ці ёсць у іх гэты час? Мікалай і Сяргей аднадушна вырашылі пайсці на рызыку, каб павялічыць шансы на выратаванне жыхароў палаючага дома. Хутка ўзабраўшыся па лесвіцы, Сяргей трапіў у пакой, дзе заўважыў жанчыну і праводзіў да вакна: там яе прыняў Мікалай. А вось з гаспадаром атрымалася складаней: ён быў нецвярозы і ўспрымаў рэчаіснасць неадэкватна. Выратавальнікам давялося нават прымяніць сілу, каб прымусіць яго пакінуць дом. Але на гэты раз усё абышлося, узгаранне хутка было патушана…
Аднак, далёка не заўсёды надзвычайныя сітуацыі заканчваюцца так удала. На ўсё жыццё Сяргею Валодчанку запомніўся выпадак, калі гадоў 8 таму падчас трамбоўкі сянажнай траншэі перавярнуўся “Кіравец”, у кабіне якога знаходзіліся трактарыст, яго малады напарнік і 10-гадовы хлопчык. Першымі да месца здарэння прыбылі Сяргей і начальнік каравула Ігар Елісееў (ён у мінулым годзе скончыў службу ў МНС). У той час у арсенале выратавальнікаў не было сучаснага магутнага абсталявання: разразаць кабіну, каб вызваліць пацярпелых, давялося з дапамогай гідраўлічных нажніц. Першым вырашылі ратаваць хлопчыка: увесь час Ігар трымаў малога за руку, каб хоць крыху супакоіць. Хлопчыка выцягнулі з кабіны і перадалі медыкам. Жывым застаўся і трактарыст, а вось яго напарніку не пашанцавала: ён загінуў у момант аварыі…
Увогуле, работа выратавальніка напоўнена і маральнымі, і фізічнымі выпрабаваннямі. Сяргей Валодчанка прыгадвае, як, атрымаўшы напярэдадні новую прыгожую каску, выехаў у ёй на пажар у Косаўшчыну. У катэджы загарэлася электраправодка, і напалоханыя вартаўнікі замест таго, каб адразу ж выклікаць пажарных, спрабавалі справіцца з узгараннем уласнымі сіламі – напэўна, спадзяваліся, што гаспадар, які быў на той час у сталіцы, не даведаецца пра здарэнне. Пажарныя некалькі разоў спрабавалі ўвайсці ў дом, каб лакалізаваць ачаг узгарання, аднак ён ператварыўся ў сапраўднае пекла. Калі ж полымя дабралася да другога паверха, дзе захоўвалася паляўнічая зброя, пабудова ўспыхнула, як свечка. Пажарным прыйшлося прыкласці нямала намаганняў, каб выратаваць ад агню суседнія пабудовы. Не вытрымала выпрабавання вогненнай стыхіяй і новая каска старшага пажарнага: з белай яна ператварылася ў рудую, а шкло стала непразрыстым…
Ёсць у суровых буднях выратавальнікаў і месца гумару. Не так даўно, напрыклад, адзін мужчына настолькі р’яна спрабаваў прарвацца праз ачапленне да сваёй палаючай хаты, што пажарныя спалохаліся: мабыць, яны нешта ўпусцілі, і ў доме застаўся хтосьці з яго родных. Аднак, як высветлілася, пагарэлец пераняў прыклад героя Віцына з “Джэнтльменаў удачы” – праўда, імкнуўся выратаваць з агню не чырвонец, а схаваную ў хаце бутэльку гарэлкі.
Падобныя гісторыі – і гераічныя, і трагікамічныя – можа прыгадаць любы баец каравула №1. Больш двух дзясяткаў гадоў работы ў МНС за плячыма камандзіра аддзялення Уладзіміра Лісічонка, амаль столькі ж часу аддаў небяспечнай выратавальнай службе Алег Севярын, які зараз паспяхова выконвае адказную работу дыспетчара. У вадзіцеляў Сяргея Бугая і Сяргея Пузаткі працоўны стаж пакуль невялікі, але ўжо зараз бачна, што яны не памыліліся з выбарам прафесіі.
…“Спадарожнага ветру” жадаюць перад вахтай маракам, “чыстага неба” – лётчыкам. Калі ж на дзяжурства збіраецца Сяргей Валодчанка, яго 11-гадовая дачка Дзіяна зычыць бацьку “сухіх рукавоў”. Гэтае ж пажаданне хочацца адрасаваць іншым байцам каравула №1, іх калегам з аддзела МНС, усім пажарным-выратавальнікам Беларусі. А вось звычайны выраз “поспехаў у рабоце” ў адносінах да іх хацелася б замяніць на пажаданне як мага радзей атрымліваць магчымасць праяўляць свой высокі прафесіяналізм.

Ёсць кім ганарыцца

Штогод за сваю нялёгкую працу ўшацкія выратавальнікі ўдастойваюцца заслужаных узнагарод. Атрымаць высокую адзнаку ў дзень юбілею пажарнай службы асабліва пачэсна. Сёлета прыемныя эмоцыі адчуюць: старшы пажарны ПАВЧ №1 Сяргей Леанідавіч Валодчанка, якому загадам міністра па надзвычайных сітуацыях прысвоена званне прапаршчыка, вадзіцель ПАВЧ №1 Канстанцін Леанідавіч Галай, які атрымае грамату МНС, камандзір аддзялення ПАВЧ №1 Мар’ян Антонавіч Бельскі – яму будзе ўручана Ганаровая грамата УМНС, пажарны ПАВП №11 аграгарадка Вялікія Дольцы Віктар Уладзіміравіч Волах, які атрымае грамату УМНС.
Узнагароды гэтым і іншым работнікам будуць уручаны на ўрачыстым мерапрыемстве, прысвечаным 160-годдзю пажарнай службы Рэспублікі Беларусь, якое адбудзецца 25 ліпеня ў РДК. Падарункам героям свята стане спецыяльна падрыхтаваны канцэрт. Да ўдзелу ў мерапрыемстве запрашаюцца ўсе жадаючыя. Пачатак – у 16 гадзін.

Н.Багдановіч.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *