Реконструкция молочно-товарных ферм — будущее отрасли животноводства

Сельское хозяйство

“Вялікае малако” патрабуе і вялікіх капітальных укладанняў. Карэнная мадэрнізацыя аб’ектаў жывёлагадоўлі наспела даўно, і хоць у сённяшніх умовах любое будаўніцтва абыходзіцца “ў капейку”, якіх у сельскагаспадарчых прадпрыемствах лішніх ніколі не бывае, ад гэтай справы залежыць будучыня малочнай галіны.Пры планаванні будаўніцтва фермаў з даільнымі заламі ў нашым раёне праекты максімальна адаптаваліся пад існуючыя ўмовы, калі можна задзейнічаць шэраг пустуючых памяшканняў, прывесці ў парадак існуючыя аб’екты жывёлагадоўлі, а не будаваць новыя комплексы. Вось і пераважаюць зараз у характарыстыцы развіцця гэтай галіны тэрміны “рэканструкцыя”, “мадэрнізацыя”, “капітальны рамонт”.

“Рэканструкцыя малочнатаварнай фермы “Слабада” з будаўніцтвам даільна-малочнага блока ў КУСГП “Арэхаўна” Ушацкага раёна” – такую назву мае праект, згодна з якім буйнейшы жывёлагадоўчы аб’ект гаспадаркі набудзе выгляд, які будзе адпавядаць сучасным патрабаванням. Ён, дарэчы, праглядваецца ўжо зараз. Мантаж жалезабетонных канструкцый даільна-малочнага блока комплексу выканалі спецыялісты з Віцебска, на астатніх відах работ працуюць будаўнікі Ушацкай ПМК-66. Зроблена вонкавая кладка сцен, двух злучальных галерэй, будучай кацельні, падрыхтаваны фундамент пад будаўніцтва ўнутраных сцен даільна-малочнага блока. Асноўныя “маштабныя” віды работ выкананы, таму і не ўбачыў я пры наведванні МТФ “Слабада” магутнай будаўнічай тэхнікі, пад’ёмных кранаў і мноства людзей – прыкмет, па якіх можна лёгка адшукаць любую будоўлю. Брыгада муляраў працавала на вышыні, на кладцы карнізных звесаў адной з галерэй, што злучаюць даільна-малочны блок з памяшканнямі для ўтрымання жывёлы.– Работы на гэтым аб’екце пачаліся яшчэ ў мінулым годзе, калі будавалася падземная частка, а гэта брыгада працуе тут з верасня бягучага года, – кажа прараб ПМК-66 Аляксандр Уладзіміравіч Клопаў. – Матэрыяламі і аб’ёмам работ забяспечаны, людзей падвозім на аўтобусе, але іх не хапае…

Асноўная будаўнічая арганізацыя раёна з’яўляецца таксама генеральным падрадчыкам і на будаўніцтве МТФ “Хадакова” ААТ “Ушацкі райаграсэрвіс”, працуюць і на ўзвядзенні будынка суда ў гарадскім пасёлку. Недахоп кадраў вымушае карыстацца паслугамі субпадрадчыкаў – на прыгаданай ферме былой “Дубраўкі” ў гэты дзень шчыравалі рабочыя аднаго з прыватных прадпрыемстваў. Па словах А.У.Клопава, і яго муляры вымушаны адрывацца на іншыя аб’екты для выканання асобных відаў работ, але ферма ў Слабадзе зараз з’яўляецца для іх усё ж асноўным.Унутры даільна-малочнага блока вядуцца работы па будаўніцтве каналаў гноевыдалення і даільнай ямы, ставіцца апалубка. Бетонныя работы і кладку ўнутраных сцен на падрыхтаваным фундаменце можна рабіць і зімой, выкарыстоўваючы спецыяльныя растворы, тым больш што адсутнасць маразоў спрыяе будаўнікам. Раствор і бетон пры вялікіх сутачных аб’ёмах работ мяшаюць на базе арганізацыі на раствора-бетонным вузле, калі няма неабходнасці – муляры рыхтуюць яго на месцы.

Крыніцы фінансавання работ – сродкі бюджэту, банкаўскія крэдыты і ўласныя сродкі гаспадаркі. Тэрміны будаўніцтва пераносіліся з-за недахопу фінансавання, бо па праекце бюджэтныя сродкі выдзяляюцца толькі на будаўніцтва даільна-малочнага блока. Рэканструкцыя ж памяшканняў комплексу, разлічанага пасля запуску на 600-700 галоў буйной рагатай жывёлы, павінна весціся за ўласныя і крэдытныя рэсурсы, выдзяленне якіх з’яўляецца праблематычным з-за вялікай запазычанасці гаспадаркі.

Акідваючы вокам з вышыні галерэі аб’ект будаўніцтва і крыху задумаўшыся, А.У.Клопаў ацаніў яго гатоўнасць разам з добраўпарадкаваннем тэрыторыі дзесьці на 40 працэнтаў. Калі ж прааналізаваць асваенне грашовых сродкаў, то працэнт выканання будзе яшчэ меншым. З запланаваных на будаўніцтва і рэканструкцыю 7,378 мільярда рублёў асвоена крыху больш чым паўтара мільярда.

Працы на аб’екце яшчэ шмат. Зараз будаўнікі ўжо завяршылі кладку карнізных звесаў і прыступілі да ўзвядзення даху на галерэях, чакаюць свайго часу ўнутраныя работы, без якіх немагчыма закупіць і ўстанавіць новае абсталяванне, адпавядаючае патрабаванням сучасных тэхналогій вытворчасці малака. Аднак толькі рэканструкцыі і стварэння ўмоў на ферме для якаснага павышэння вытворчасці малака недастаткова. Ужо зараз, калі яшчэ вядуцца будаўнічыя работы, трэба клапаціцца пра належную кармавую базу, высокапрадукцыйны дойны статак і кваліфікаваныя кадры, бо без гэтых фактараў і само будаўніцтва, і ўкладанне вялікіх сродкаў страчваюць сэнс.

Д.РАМАНОЎСКІ.



2 комментария по теме “Реконструкция молочно-товарных ферм — будущее отрасли животноводства

  1. А все из-за того что никто ни за что не отвечает Если ты попал в обойму руководящего состава То води руками как хочешь Ну на худой конец пересадят в другое кресло и опять бег по кругу

  2. А что касается РАЙАГРОСЕРВИСА, то вовсе непонятно для кого строят ХАДАКОВО?! Люди увольняются каждый день по несколько человек, зарплату задерживают на месяц и умудряются урезать ещё невыданную НОЯБРЬСКУЮ зарплату, задним числом ставят рабочим вместо 8 часов 6!!! В итоге зарплата после урезаний составила целых 700 тысяч рублей! О какой добросовестной работе может идти речь.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *