Набыць атрыбуты навагодняга свята зараз не ўяўляе ніякай праблемы, акрамя фінансавай. Але аказваецца, што для таго, каб падарыць сабе і блізкім навагодняе дзіва, неабавязкова купляць дарагія цацкі і гірлянды – дастаткова прымяніць фантазію і выкарыстаць падручны матэрыял, які часта дома здаецца непатрэбным. А тым, хто ў гэтым сумняваецца, раім наведаць выставу “Калядная казка”, што працуе ў пераднавагоднія і святочныя дні ва Ушацкім музеі народнай славы.Наведвальнікам прапанаваны больш 500 работ, вырабленых рукамі нашых землякоў. Тут і карціны, і выцінанкі, вельмі вялікая разнастайнасць цацак і, канечне, галоўны сімвал свята – навагоднія ёлкі самых розных памераў. Дзіву даешся фантазіі майстроў і пераліку матэрыялаў, выкарыстаных для іх стварэння. Ёлкі і навагоднія цацкі выкананы з дапамогай салома- і бісерапляцення, з паперы, пенапласту, кардону, пацерак, каменьчыкаў, з зярнят кавы і нават з макароны – некаторыя выглядаюць як жывыя і нават не верыцца, што гэта не прырода стварыла такіх прыгажунь.
Не ўсе цудоўныя вырабы ўшацкіх майстроў будуць даступнымі для гасцей выставы, якая працягне сваю работу да 7 студзеня, бо ўжо зараз некаторыя з іх купілі наведвальнікі, скарыстаўшыся такой магчымасцю. Таму вынікі конкурсаў на лепшую ёлку і навагоднюю цацку, што праводзіліся паралельна падчас працы выставы, правялі загадзя – 26 снежня.
Улічваючы разнастайнасць работ і іх арыгінальнасць, журы прыйшлося нялёгка ў вызначэнні пераможцаў. Пакуль майстры-удзельнікі і наведвальнікі выставы разам з работнікамі культуры ўздымалі сабе настрой, удзельнічалі ў цікавым тэатралізаваным прадстаўленні і вадзілі карагоды з Дзедам Марозам і Снягуркай, ля стэндаў і сталоў з работамі разгарнуліся дэбаты па размеркаванні прызавых месцаў.
У конкурсе ёлак другое месца дасталася Тамары Уладзіміраўне Аваднёвай, якая на суд наведвальнікаў і членаў журы прадставіла 7 вырабаў з розных матэрыялаў. Лепшай жа была прызнана ёлка Айгуль Аразалаўны Смык – майстра саломапляцення з народнага клуба “Адраджэнне”. Вельмі ўдала атрымаўся ў яе і сімвал надыходзячага года – прыгожы саламяны конь.
Журы адзначыла таксама спецыяльным прызам ёлку, створаную Наталляй Генадзьеўнай Гардзіёнак з бісеру.
А вось мне спадабалася навагодняе дрэва з пенапласту, аздобленае гірляндамі, якое само круціцца на падстаўцы – інжынерную думку для выканання такога макета прыклалі вучні Арэхаўскай школы Уладзімір Базылёў і Яўген Маркевіч.
Дарэчы, установы адукацыі раёна прадставілі шмат разнастайных вырабаў для выставы. Арганізатары адзначылі майстэрства выканання і арыгінальнасць работ удзельнікаў з Кубліцкай, Ільюшынкай і Плінскай школ. Прадстаўніца апошняй, Вераніка Хамёнак, стварыла прыгожыя шары, якія былі адзначаны другім месцам у конкурсе навагодніх цацак. Першае месца ў гэтым конкурсе заваявалі работы Алесі Сяргееўны Дукмасавай – вязаныя кручком елачка, Дзед Мароз і Снягурка, падкова, сняжынкі і іншыя цацкі навагодняй і каляднай тэматыкі заваявалі сэрцы ўсіх членаў журы.
Як адзначыў Міхаіл Аляксандравіч Багдановіч, работы ўсіх майстроў дастойныя ўвагі, а самі яны – лепшых слоў удзячнасці за тое, што змаглі арганізаваць такую выставу разам з работнікамі музея. Не адзначыў Міхаіл Аляксандравіч з-за сціпласці толькі сябе, а ён з’яўляецца яшчэ і філакартыстам – акрамя карцін і цацак зараз дэманструецца ў музеі і частка яго калекцыі, 193 навагоднія паштоўкі.
Іх масавая вытворчасць была наладжана з 1953 года, а 60-ыя гады мінулага стагоддзя сталі часам росквіту навагодніх паштовак, аўтарамі якіх былі лепшыя мастакі краіны. У калекцыі М.А.Багдановіча паштоўкі датуюцца з 1961 года, ёсць сярод іх вельмі арыгінальныя. Напрыклад, паштоўка 1981 года, на якой змешчаны ўрывак з указа імператара Пятра I аб святкаванні Новага года па-новым, сучасным стылі. Наогул, навагоднія паштоўкі 1970-80-х гадоў здаюцца асабліва цёплымі, хатнімі і ўтульнымі і вельмі добра перадаюць атмасферу ўсёй выставы, наведаць якую цікава будзе і дзецям, і дарослым, бо ўсе мы калісьці былі малымі… і верылі ў Дзеда Мароза.
Д.РАМАНОЎСКІ.