Около 70 человек и 30 единиц техники из организаций и предприятий Ушачского района оказывают помощь хозяйствам на уборке зерновых

Сельское хозяйство

Здаецца, зусім нядаўна стартавала жніво, а некаторыя гаспадаркі, скарыстаўшыся спрыяльным надвор’ем, ужо паспелі ўбраць значныя плошчы. Дапамагаюць у гэтым працаўнікам сяла тэхніка і працаўнікі з іншых прадпрыемстваў раёна. І калі ў некаторых гаспадарках іх — адзінкі, то ў КУСГП «Арэхаўна» шэфаў не менш чым сваіх механізатараў.

У панядзелак на вялікім полі пад Ліпаўкамі вялася ўборка азімай пшаніцы. Чацвёрты дзень працавалі арэхаўскія механізатары на ўборцы збожжавых, ураджайнасць якіх пакуль што значна вышэйшая за мінулагоднюю — па стане на 28 ліпеня яна складала 22,8 цэнтнера з гектара. Пяць камбайнаў гаспадаркі раз’ехаліся па вялікай плошчы. Мясцовым механізатарам Аляксандру Гусёнку і двум Мікалаям, Магерку і Балотніку, убіраць збожжавыя сёлета дапамагаюць Валерый Башун і Арцём Баяронак з жыллёва-камунальнай гаспадаркі і Віктар Шчэрбік з прадпрыемства меліярацыйных сістэм, які ў гэты дзень рамантаваў камбайн.

— На “сваіх” і “чужых” яны дзеляцца толькі ўмоўна, – кажа галоўны аграном гаспадаркі Юрый Цімафеевіч Пуцыковіч. – Усе адказна ставяцца да справы. Для прыкладу скажу, што Арцём Баяронак сёлета адзін убраў увесь азімы рапс гаспадаркі, сярод лідараў ён і на ўборцы збожжавых.

Пяцьдзесят на пяцьдзесят і суадносіны сваіх і прыцягнутых вадзіцеляў, занятых на адвозцы зерня ад камбайнаў. Працаўнікам КУСГП “Арэхаўна” Аляксандру Ясюку і Андрэю Лабаню дапамагаюць Пётр Корабаў з прадпрыемства меліярацыйных сістэм і Міхаіл Первянёнак з ПУП “Сарочына”. Іх МАЗы, расчыніўшы дзверцы ад невыноснай спякоты, стаялі на ўзгорку побач з дарогай. Вадзіцелі пільна сачылі за манеўрамі камбайнераў, якія паведамлялі аб запаўненні бункераў уключэннем праблісковых маякоў – як толькі на кабіне загараўся ліхтар, МАЗы па чарзе зрываліся з месца і ехалі загружацца.

— З цёмным учора дамоў прыехаў, — кажа П.Корабаў. – Невялікія непаладкі хлопцы стараюцца выправіць на месцы, на мехдвор едуць, толькі калі здарыцца штосьці сур’ёзнае. Камбайны працуюць дапазна, ну і мы разам з імі. Важнасць і адказнасць справы разумеем, тым больш што надвор’е такое стаіць. Але нічога, кормяць тут так, што нават з’есці ўсё, што прывозяць у абед, за раз не магу, а ёсць жа яшчэ і падвячорак. Добра, што напіткі і ваду прывозяць – па гэткай спёцы апетыт не вельмі, а вось піць хочацца. У камбайнераў хоць кандыцыянер працуе ў кабіне, у нас жа толькі падчас руху паветра цыркулюе.

Справядлівасць слоў Пятра Васільевіча пабачыў на свае вочы, калі механізатарам прывезлі абеды – на гэтым тут не эканомяць. Дарэчы, сам абед ў час жніва не ў рамках гадзіны – значна карацей. Механізатары хуценька падсілкаваліся, перакурылі і неўзабаве тэхніка зрушылася з месцаў – камбайнерам адлічваць новыя тоны намалотаў, а вадзіцелям – дастаўляць іх на сушылкі ў Арэхаўна і Слабаду.

Ад механізатараў з ПМС даведаўся, што многія з іх калег на час уборачнай сталі аграрыямі, накіраваўшыся ў КУСГП “Глыбачаны” і райаграсэрвіс. Усяго ж у гаспадарках раёна да жніва – галоўнай і стратэгічнай справы бліжэйшых тыдняў — далучылася каля 70 чалавек і 30 адзінак тэхнікі з 18 арганізацый і ўстаноў раёна.

Д.РАМАНОЎСКІ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *