Сёлетні ўраджай зерневых радуе беларускіх аграрыяў, неблагі ён і на Ушаччыне, і зараз справа за тым, каб убраць збожжа ў аптымальныя тэрміны. У імкненні за гэтай мэтай, а таксама за “бонусамі”, прадугледжанымі для перадавікоў жніва, некаторыя земляробы забываюцца пра якасць уборкі. І хоць названы фактар уплывае на заработную плату механізатараў, аднак не заўсёды адзнакі ў пуцявых лістах адпавядаюць рэальным паказчыкам якасці выкананых работ. Даволі дзейсны інструмент у гэтым сэнсе – кантроль з боку спецыялістаў райвыканкама і райсельгасхарча, замацаваных за гаспадаркамі на час жніва. З адным з такіх спецыялістаў – начальнікам раённай інспекцыі па насенняводстве, каранціне і ахове раслін Галінай Мікалаеўнай Кашко – мы накіраваліся 9 жніўня ў рэйд па палях Ушацкага райаграсэрвіса, каб ацаніць якасць уборкі збожжа.
Пачалі ж мы аб’езд з палеткаў, дзе вырошчваліся азімыя. Яшчэ каля тыдня таму на полі ля Угрынак каласілася жыта, зараз ужо паспелі папрацаваць прэспадборшчыкі, а на ўскрайку трактарысты, якімі аказаліся шэфы з лясгаса, звозілі рулоны. Ну а наша праверка паказала, што на гэтым чыстым полі не так ужо і чыста – на абодвух яго ўчастках абапал дарогі на Матырына дзе-нідзе засталіся няўбраныя палоскі палегліцы, недаабмалочаныя каласкі, было на зямлі і страчанае зерне – праўда, яго колькасць перавышала дапушчальную норму нязначна. Чаго не скажаш пра поле ля Паперына, дзе з метра ўбранай плошчы ў асобных месцах можна было назбіраць некалькі дзясяткаў зярнят аўса. Зрэшты, па словах галоўнага агранома райаграсэрвіса Ігара Уладзіміравіча Іванюты, гэтае поле гаспадарцы дапамагалі ўбіраць суседзі з “Агра-Селішча” – да такой меры даводзіцца звяртацца з-за недастатковай колькасці ўласных механізатараў: у самай вялікай па плошчы гаспадарцы на ўборцы зерневых працуюць шэсць КЗС-12 і адзін КЗС-10, прычым за іх штурваламі толькі тры ўласныя механізатары – Аляксей Рудзёнак, Дзмітрый Сісковіч і Іван Дзенісёнак, Андрэя Кучаронка і Сцяпана Басака на час уборачнай накіраваў на прадпрыемства лясгас, Сяргей Харашкевіч мае пастаянную “працоўную прапіску” ў ДЭУ-37, Генадзь Красноў – вадзіцель Дубраўскай бальніцы. Дарэчы, умоўны падзел на сэрвісаўцаў і дубраўчан захаваўся сярод работнікаў і праз год пасля аб’яднання прадпрыемстваў. Без
асаблівай патрэбы стараюцца не пераганяць тэхніку туды-сюды, аднак, калі варта хутка ўбраць паспеўшыя палі, працуюць усе разам. Вось і азімую пшаніцу ля Забораўна ўбіраў дубраўскі дэсант камбайнераў – і наша праверка паказала, што якасць уборкі тут можна прызнаць добрай. А вось на палях у наваколлі Пліна, Замошша, Старога Сяла агульную карціну псавала ўсё тая ж пакінутая палегліца – прычым, было бачна, што механізатары вярталіся на ўжо ўбраныя палосы, каб яе ўзняць, аднак з-за няроўнасцяў рэльефу зрабіць гэта ўдавалася не заўсёды.
Наведалі мы ў гэты дзень і палі, дзе непасрэдна ішла ўборка – на той момант прыспеў яе час на дубраўскіх землях. Аляксей Рудзёнак заканчваў уборку ячменю на 9-гектарным полі ля ракі Дзіва, калі ж Г.М.Кашко звярнула яго ўвагу на асобныя нязжатыя ўчасткі палегліцы, механізатар з гатоўнасцю вярнуўся і прайшоўся па іх жняяркай. З увагай аднесліся і да канкрэтных рэкамендацый старшыні райвыканкама В.В.Родзіча, які толькі што пабываў на ячменным полі ля павароту на Краснае, і працаваўшыя там камбайнеры. Відавочна, што адчуванне пастаяннага кантролю дысцыплінуе работнікаў – да прыкладу, яны стараюцца захоўваць аптымальны хуткасны рэжым, які, па словах галоўнага агранома гаспадаркі, для гэтых участкаў не павінен перавышаць 2-3 кіламетры ў гадзіну, сачыць за колькасцю пакінутых за сабой зярнят і пры неабходнасці рабіць патрэбныя рэгуліроўкі. Дарэчы, пацвярджэнне таго, што механізатары перажываюць за якасць сваёй работы, мы атрымалі на далёкім полі ва ўрочышчы Зароўе, на якім шчыравалі Генадзь Красноў і Андрэй Кучаронак. Апошні, заўважыўшы, што на яго жняярцы зламаўся сегмент нажа, прыняўся тэрмінова ўхіляць непаладку, каб за камбайнам не засталося няскошанай палоскі.
Агульныя ж вынікі нашай паездкі па палях райаграсэрвіса сведчаць, што праблема якасці ўборкі не губляе сваёй актуальнасці, таму падобныя рэйды будуць працягвацца і надалей. Бо, як зазначыў на пасяджэнні аблвыканкама губернатар вобласці А.М.Косінец, “мы павінны змагацца за кожны кілаграм зерня, выкарыстоўваць усе магчымасці, каб сабраць ураджай без страт”.
Н.БАГДАНОВІЧ.