Каждую пятницу на молочно-товарных фермах Ушачского района проходят Дни животновода

Сельское хозяйство

Правядзенне Дня жывёлавода на малочнатаварных фермах раёна дазваляе не толькі падвесці прамежкавыя вынікі вытворчасці малака і абмеркаваць надзённыя пытанні, але і дае магчымасць простым працаўнікам сустрэцца з кіраўніцтвам раёна, параўнаць вынікі сваёй дзейнасці з дасягненнямі калег іншых гаспадарак.

Такая форма работы з людзьмі даказала сваю змястоўнасць і актуальнасць у ААТ “Ільюшынскі”. Дзень жывёлавода праводзяць кожную пятніцу, не чакаючы гасцей з райцэнтра. Аб гэтым мне паведаміла намеснік дырэктара гаспадаркі па ідэалагічнай рабоце Таццяна Барысаўна Бондарава. На комплексе “Ільюшына” ў пятніцу было не вельмі людна, таму што 2 гурты кароў знаходзіліся яшчэ ў полі. Але аператары машыннага даення і жывёлаводы, абслугоўваючыя гурты, ужо пастаўленыя на стойлавае ўтрыманне, аператыўна сабраліся ў пакоі адпачынку і з цікавасцю слухалі выступленне намесніка старшыні райвыканкама В.Л.Хамёнак. Сельскагаспадарчая тэматыка вельмі блізкая Валянціне Леанідаўне, якая адпрацавала ў аграпрамысловым комплексе не адзін дзясятак гадоў і выдатна ведае асаблівасці нялёгкай працы аграрыяў.

Аналізуючы стан спраў з вытворчасцю малака ў раёне, намеснік старшыні адзначыла дастойны ўклад у гэту справу мясцовых жывёлаводаў, але падкрэсліла, што рэзервы да павышэння якасці, а значыць і павелічэння прыбытку ў гаспадарцы задзейнічаны далёка не ўсе. Па валавой вытворчасці малака за студзень-жнівень бягучага года з мінусам спрацавалі ўсе гаспадаркі раёна за выключэннем КУСГП “Вялікадолецкае”, дзе гэты паказчык склаў 104 працэнты. У “Ільюшынскім” жа нягледзячы на самы вялікі “вал” надаілі толькі 90 працэнтаў да адпаведнага ўзроўню мінулага года. Яшчэ адна крыніца прыбытку – павышэнне якасці. У прыклад Валянціна Леанідаўна тут зноў жа прывяла суседзяў-вялікадальчан, якія за восем месяцаў бягучага года здалі “экстрай” 1342,3 тоны малака, што склала 92,3 працэнта ад агульнага надою, а за жнівень амаль усё малако гаспадаркі было здадзена найвышэйшым гатункам – 99,2 працэнта! У “Ільюшынскім” гэтыя лічбы хоць і большыя за сярэднераённыя, але ўсё ж больш сціплыя: за студзень-жнівень рэалізацыя малака сортам “экстра” склала 27,8 працэнта, за жнівень – 22,1 працэнта. Між тым, калі параўноўваць умовы на жывёлагадоўчых аб’ектах дзвюх гаспадарак, то ў “Ільюшынскім” яны як мінімум не горшыя. Розніца ж кошту тоны малака сорту “экстра” і малака вышэйшага гатунку адрозніваецца амаль на 600 тысяч рублёў.

– Нам ёсць над чым старацца, – казаў падчас сустрэчы галоўны заатэхнік гаспадаркі Яўген Віктаравіч Троцкі. – Толькі працаваць адказна трэба ўсім без выключэння, бо ў нашай справе недапрацоўкай адной даяркі, якая няякасна падмыла вымя каровы перад дойкай, або ветурача, што своечасова не выявіў хворую жывёлу, марнуецца праца дзясяткаў іншых работнікаў.

Пытанні, якія цікавілі жывёлаводаў, можна ўмоўна раздзяліць на прыватныя і агульныя – апошніх, дарэчы, было больш. Датычыліся яны паляпшэння ўмоў працы, яе далейшай механізацыі, так як некаторыя працэсы работнікам комплексу яшчэ даводзіцца выконваць уручную. Адміністрацыя гаспадаркі праблемы ведае, але не ўсё можна вырашыць адразу. Напрыклад, паломку “Амкадора”, з-за чаго прыйшлося раздаваць кармы ўручную, згадзіцеся, складана спрагназаваць. Асобна абмяркоўвалася пытанне аплаты працы, хаця ў жывёлаводаў “Ільюшынскага” яна значна вышэй сярэднераённай. Валянціна Леанідаўна падкрэсліла, што трэба жыць па сродках, асабліва ўлічваючы закрэдытаванасць сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, і фонд заработнай платы не можа быць большым той сумы, якую выручыла прадпрыемства ад продажы прадукцыі раслінаводства і жывёлагадоўлі, аказання паслуг.

Трэба адзначыць, што ў сучасных рэаліях на першы план выходзяць менавіта фінансавыя паказчыкі гаспадарчай дзейнасці, а не “валоўка”, павышэнне прадукцыйнасці працы, таварнасці, зніжэнне сабекошту выпускаемай прадукцыі і павышэнне рэнтабельнасці. А з уступленнем у сілу пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 31 ліпеня 2014 года №744 “Аб аплаце працы работнікаў” рост намінальна налічанай сярэднемесячнай заработнай платы работнікаў у дзяржаўных арганізацыях дапускаецца толькі пры ўмовах апераджальнага росту прадукцыйнасці працы, што павінна нацэліць прадпрыемствы не толькі на выпуск прадукцыі, але і на яе рэалізацыю, што будзе спрыяць зніжэнню складскіх запасаў. У сувязі з гэтым у якасці паказчыка пры вызначэнні прадукцыйнасці працы ў арганізацыях стала выручка ад рэалізацыі прадукцыі, тавараў, работ, паслуг на аднаго сярэднеспісачнага работніка. Такім чынам, атрымліваецца, што калі ўмоўна за паўгоддзе 2014 года не назіраецца павышэння прадукцыйнасці працы ў параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года, то і росту заработнай платы чакаць не прыходзіцца.

Д.РАМАНОЎСКІ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *