День пожилых людей активисты Ушачской районной организации общественного объединения ветаранов отметили вместе.

В общественных организациях

Вітаючы ўдзельнікаў святочнага мерапрыемства, прысвечанага Дню пажылых людзей, старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Уладзімір Мікалаевіч Малаткавец звяртаўся да заслужаных пенсіянераў раёна не зусім звычайна: «Прывітанне, маладыя людзі сталага ўзросту!» Гэтымі словамі кіраўнік самага шматлікага грамадскага аб’яднання Ушаччыны падкрэсліў бадзёрасць духу і цікавасць да жыцця сваіх актывістаў, запоўніўшых залу РДК, і тых, хто ўжо не адно дзесяцігоддзе знаходзіцца на заслужаным адпачынку, і тых, хто толькі завяршыў працоўную дзейнасць.

Абышоўся сёлета Уладзімір Мікалаевіч без традыцыйнага даклада аб дзейнасці ветэранскай арганізацыі, а ў адведзеныя яму хвіліны больш пералічваў прозвішчы актывістаў ветэранскага руху раёна, якім ён удзячны за актыўную грамадзянскую пазіцыю. Кветкамі і словамі павагі ў гэты вечар былі адзначаны ветэраны Вялікай Айчыннай вайны Дзям’ян Уладзіміравіч Крупеня, Арсеній Кліменцьевіч Первянёнак і Кацярына Мікалаеўна Васілеўская, а таксама старэйшына вёскі Вацлавова Галіна Мікалаеўна Марковіч — у дзень правядзення мерапрыемства, 1 кастрычніка, ёй споўнілася 75 год. Са шчырымі словамі віншаванняў і ўдзячнасці за баявыя і працоўныя подзвігі звярнуліся да людзей старэйшага пакалення намеснік старшыні райвыканкама Наталля Мікалаеўна Марковіч і начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва Святлана Пятроўна Васілеўская.

Даклад старшыні раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускі фонд міра» Т.М.Малак у значнай ступені з’яўляўся справаздачай аб дзейнасці і выкарыстанні грашовых сродкаў, сабраных ушацкімі міратворцамі. Ветэраны і пенсіянеры раёна ўнеслі сёлета амаль трэцюю частку з паступіўшых на рахунак арганізацыі 75 мільёнаў рублёў, прычым не толькі ахвяравалі сродкі самі, але і сталі дабравольнымі памочнікамі ў іх зборы. Грошы накіраваны на ўстаноўку помнікаў ахвярам фашызму ў Павуллі і Усаі, на падрыхтоўку і правядзенне мерапрыемстваў да Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Агучыла Таццяна Міхайлаўна далейшыя планы сумеснай дзейнасці грамадскіх арганізацый і падкрэсліла: «Разам мы можам многае!»

Горача сустракалі гледачы выступленне хору народнага клуба «Ветэран». Уладзімір Васільевіч Зыранаў яго рады папоўніў зусім нядаўна, але сцвярджае, што планаваў гэта зрабіць задоўга да выхаду на пенсію: «Навошта дома сядзець, калі можна правесці час цікава і з карысцю!»

— Рыхтуем сабе змену, — каменціраваў прыход новых удзельнікаў адзін са старажылаў калектыву Уладзімір Ільіч Мамаеў.

«Мая краіна, я табой ганаруся, дык жыві, квітней, мая Белая Русь!» — гэтыя словы патрыятычнай песні падпявалі амаль усе, хто знаходзіўся ў зале. Трэба адзначыць, што і дзяржава ў сваю чаргу можа ганарыцца ветэранамі, якія ўсё сваё жыццё прысвяцілі яе станаўленню і развіццю, стараюцца быць карыснымі грамадству і зараз.

Д.РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *