На выставке изобразительного и декаративно прикладного искусства арт-проекта «Здравневская палитра» сердца посетителей покорили работы ушачанки Анны Леонтьевой.

Мир увлечений Общество Творчество наших земляков

«Сонечны свет для ўсіх» — абласное свята-конкурс пад такой назвай адбылося напачатку верасня ў Віцебску. Творчы форум у рамках арт-праекта «Здраўнёўская палітра» сёлета сабраў больш за 100 чалавек з абмежаванымі магчымасцямі. Упершыню прынялі ўдзел у свяце і ўшачане.

На выставе выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, якая адкрылася ў будынку віцебскай ратушы, было прадстаўлена больш за 400 творчых работ маладых інвалідаў. Прысутныя ўбачылі графіку і жывапіс, драўляную і керамічную скульптуру, мяккую цацку, кераміку, вышыўку, вязанне, вырабы з бісеру, саломкі і нават калекцыю дызайнерскага адзення. Прычым, многія работы былі выкананы настолькі прафесійна, што не верылася ў абмежаваныя фізічныя магчымасці іх аўтараў. Гэта можна сказаць і пра сапраўдныя шэдэўры маладой ўшачанкі Ганны Лявонцьевай. Тры партрэты вядомых людзей, вырабленыя ў тэхніцы вышыўкі крыжыкам, здзіўлялі ўсіх сваёй натуральнасцю. Як любое рукадзелле, гэтая тэхніка патрабуе амаль ювелірнай дакладнасці і стараннай падрыхтоўкі. І Ганна авалодала ёй у дасканаласці, пра што сведчыць дыплом, атрыманы ў намінацыі «Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва» за вышыты партрэт Мэрылін Манро. Каля года «варажыла» Ганна над гэтай работай, дамагаючыся фатаграфічнай дакладнасці. Ніткі выбірала ў строгай адпаведнасці па неабходным тоне і нават па іх вытворцы. Адзін з прысутных на выставе — французска-рускі пісьменнік пакінуў у кнізе водгукаў Віцебскага абласнога краязнаўчага музея наступны запіс: «Я пражыў на гэтай зямлі 55 гадоў, але, клянуся, такой прыгажосці, сабранай у адным месцы (на выставе) — ніколі не бачыў. Асабліва ўразілі да мурашак па целе работы Ганны Лявонцьевай з Ушацкага раёна. Мэрылін Манро — як жывая. Уражаны як громам сярод яснага неба».

У канцэртнай зале «Віцебск» прайшлі ўзнагароджанне пераможцаў конкурсу і святочны канцэрт. Працягнулася дзейства ў сядзібе-музеі Рэпіна «Здраўнёва», дзе людзей з абмежаванымі магчымасцямі чакалі тэатралізаваныя экскурсіі, спартыўныя і іншыя мерапрыемствы. Усе жадаючыя маглі «прымерыць» на сябе вобразы персанажаў рэпінскіх карцін, напісаных у Здраўнёве. У рэпінскім садзе (да нашых дзён там захаваліся дрэвы, высаджаныя мастаком) былі арганізаваны чаяванне з дэгустацыяй прадукцыі віцебскіх прадпрыемстваў.

Паездка на абласное свята-конкурс «Сонечны свет для ўсіх-2014» падарыла людзям з абмежаванымі магчымасцямі мноства станоўчых эмоцый, дала стымул для далейшай творчасці і самарэалізацыі, умацавала веру ва ўласныя сілы. А адбылася яна для ўшачан дзякуючы спонсарскай дапамозе, аказанай ТАА «Твестуба». Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ушацкага раёна выказвае падзяку прадпрыемству і асабіста дырэктару Васілю Васільевічу Трушко. Прыемна ўсведамляць, што ў нашым раёне ёсць неабыякавыя людзі, гатовыя падтрымаць таленты.

І.ПЫШНАЯ, загадчыца аддзела сацыяльнай адаптацыі, рэабілітацыі і дзённага прабывання інвалідаў.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *