Вопросы исполнения бюджета, наведения порядка на земле, улучшения жизни пожилых людей, ветеранов и инвалидов стали основными на заседании президиума Ушачского районного Совета депутатов

Официально Саветы і жыццё Экология

Падчас апошняга візіту на Ушаччыну  член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Мікалай Мікалаевіч Канявалаў прыняў удзел у пасяджэнні прэзідыума раённага Савета дэпутатаў. Як вядома, ён быў вылучаны ад Расонскага, Полацкага, Шумілінскага і Ушацкага раёнаў, таму справы нашага рэгіёна не могуць не цікавіць парламентарыя. Асабліва ж актуальным для Мікалая Мікалаевіча і яго памочніка Валерыя Васільевіча Піскунова, які таксама прымаў удзел у пасяджэнні, было першае пытанне павесткі — аб рабоце па выкананні даходнай часткі бюджэтаў пярвічнага ўзроўню за 9 месяцаў бягучага года. Справа ў тым, што М.М.Канявалаў з’яўляецца членам пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па эканоміцы, бюджэце і фінансах.

З УСІХ КРЫНІЦ ДАХОДАЎ

Як паведаміла загадчык фінансавага аддзела Ушацкага райвыканкама Н.Р.Дубоўская, у выніку сумеснай работы фінаддзела, інспекцыі па падатках і зборах па Ушацкім раёне і сельвыканкамаў за студзень-верасень 2014 года ў бюджэты пярвічнага ўзроўню паступіла 2626,6 мільёна рублёў пры гадавым плане 3866,8 і плане на 9 месяцаў 2487,3 мільёна. Датацыйнасць бюджэтаў сельсаветаў склала 13 працэнтаў пры плане 16,6. Асноўнымі крыніцамі даходаў з’яўляліся падаходны і маёмасныя падаткі, падаткі ад продажу зямельных участкаў і працэнты банка за карыстанне грашовымі сродкамі. Як вядома, падаходны падатак у бюджэты сельсаветаў налічаецца з раённага бюджэту, які, па папярэдніх разліках, сёлета з-за спынення вырошчвання свіней на ПУП «Сарочына» недаатрымае каля 2-х мільярдаў рублёў, адпаведна ў бюджэты базавага ўзроўню недапаступіць каля 200 мільёнаў. Рэзервам для кампенсацыі гэтых страт могуць выступіць маёмасныя падаткі. Пры поўнай аплаце сум зямельнага падатку, якога для выплаты ў бюджэты сельвыканкамаў налічана сёлета 311,1 мільёна рублёў, і падаткаў на нерухомасць (налічана 236 мільёнаў) чакаемае недапаступленне па падаходным падатку павінна быць перакрыта. Аднак, як паведаміла начальнік інспекцыі па Ушацкім раёне Л.А.Мядзведзева, па стане на 27 кастрычніка ў бюджэты сельвыканкамаў паступіла толькі 62,6 працэнта налічанай сумы зямельнага падатку і 65,5 — падатку на нерухомасць, а гэта менш, чым на адпаведную леташнюю дату. І калі ў Глыбачанскім і Ушацкім сельвыканкамах тэмпы збору падаткаў добрыя, то Вялікадолецкаму і Вяркудскаму неабходна іх паскорыць.

Што датычыцца яшчэ адной важкай крыніцы папаўнення раённага бюджэту — даходаў ад продажу зямельных участкаў, то гэта прынесла 201,7 мільёна рублёў. З пачатку года было прададзена 10 участкаў, 8 з якіх — з аўкцыёнаў. У гэтым пытанні лепш спрацавалі Сарочынскі і Вялікадолецкі сельвыканкамы (па 3 участкі), а вось Глыбачанскі і Ушацкі пакуль не прадалі ніводнага. «Работа ў гэтым накірунку праводзілася, аднак пакупнікоў пакуль не знайшлося», — патлумачыла становішча старшыня Глыбачанскага сельвыканкама Л.В.Храмцова, а вось яе калега В.І.Шнітко паведаміў, што да канца года адзін участак на тэрыторыі Ушацкага сельсавета плануецца прадаць.

За кошт размяшчэння на дэпазіты банкаў часова вольных сродкаў бюджэтаў сельвыканкамаў сёлета атрымана 110,7 мільёна рублёў, што на 43,9 мільёна больш, чым у адпаведным леташнім перыядзе. За 9 месяцаў сабрана больш 19 мільёнаў сродкаў самаабкладання (план — 24). Абсалютным лідарам тут з’яўляецца Глыбачанскі сельвыканкам (6,7 мільёна), менш за ўсіх сабраў Сарочынскі. Адпаведна зацверджаным нарматывам, Жарскаму сельвыканкаму адлічаны курортны збор у памеры 113 мільёнаў рублёў. Ёсць і іншыя крыніцы папаўнення бюджэтаў, якія трэба выкарыстоўваць больш эфектыўна.

ДЛЯ ПАРАДКУ НА ЗЯМЛІ

Як зазначыла перад абмеркаваннем другога пытання павесткі дня старшыня раённага Савета дэпутатаў В.М.Захарэнка, пры ўсёй датацыйнасці нашага раёна ва Ушачы і іншыя населеныя пункты не сорамна запрасіць гасцей. І сапраўды, пытанням навядзення парадку на зямлі ў апошні час надавалася асаблівая ўвага. Сёлета з гэтай мэтай было праведзена 4 раённыя суботнікі. Аб рэалізацыі ў бягучым годзе на тэрыторыі раёна Праграмы добраўпарадкавання сельскіх населеных пунктаў Віцебскай вобласці на 2012-2015 гады расказаў на пасяджэнні начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя І.М.Падгол.

Вельмі многае ў пытанні добраўпарадкавання населеных пунктаў залежыць ад кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў. З лепшага боку тут можна адзначыць ААТ «Ільюшынскі» і КУСГП «Вялікадолецкае», якія ў належным стане ўтрымліваюць тэрыторыі сваіх аб’ектаў, а вось прыкладам нядбайных адносін можна назваць КУСГП «Кублічы». Шмат намаганняў па добраўпарадкаванні вёсак прыклалі сельскія Саветы дэпутатаў. За 9 месяцаў года на 14 гектарах праведзены культурнатэхнічныя работы, на 12 абкошана расліннасць, адрамантавана каля 3,5 кіламетра агароджаў, прыведзена ў парадак каля 40 месцаў пахавання. Аднак ёсць шмат праблемных пытанняў — напрыклад, знос пустуючых і трухлявых дамоў. Зараз па раёне іх зарэгістравана 105, сёлета па плане трэба знесці 30, аднак пакуль ліквідавана толькі 13 — іншы раз вельмі складана бывае знайсці ўласнікаў пабудоў. Больш інтэнсіўнай павінна быць барацьба з распаўсюджваннем баршчэўніку. Сёлета на 70 гектарах расліна была знішчана хімічным спосабам, 295 гектараў абкошана, 32 — пераарана. Адной з праблем з’яўляецца ўзнікненне несанкцыянаваных звалак (сёлета іх ліквідавана каля 420). А значыць, неналежным чынам працуе сістэма збору і выдалення адходаў. Пашыраюцца плошчы вясковых міні-палігонаў, пры гэтым трэба адзначыць, што з прыходам на пасаду кіраўніка УП ЖКГ С.Б.Завадскага сітуацыя прыкметна палепшылася, аднак па-ранейшаму актуальным застаецца недахоп смеццевых кантэйнераў. Праблему магло б вырашыць наладжванне вытворчасці гэтых ёмістасцяў непасрэдна ў раёне, дарэчы, аб падобным вопыце ў ЖКГ Віцебска расказаў М.М.Канявалаў, а таксама параіў ушацкім камунальнікам для памяншэння зносу кантэйнераў рабіць для іх недарагія па сабекошце бута-бетонныя пляцоўкі — ужо чаго-чаго, а камення ў нашым раёне шмат. Свае меркаванні наконт сістэмы вывазу адходаў выказаў і старшыня райвыканкама В.В.Родзіч. На яго думку, у аграгарадках і кварталах прыватнай забудовы райцэнтра збіраць смецце лепш не ў кантэйнеры, а непасрэдна ў смеццявоз адпаведна графіку ў зручны для гаспадароў час — як гэта робіцца ў еўрапейскіх краінах. Слушнасць гэтай ідэі пацвердзіў і прыведзены намеснікам дырэктара УП ЖКГ Д.С.Шасцярнём факт нядаўняга звароту жыхароў вуліцы П.Броўкі, якія папрасілі дэманціраваць кантэйнерную пляцоўку і перавесці іх вуліцу на абслугоўванне смеццявозам.

Пры абмеркаванні пытання добраўпарадкавання разглядалася работа лясгаса і дарожных арганізацый, да якіх таксама ёсць асобныя заўвагі і прапановы. І, канечне, падкрэслівалася неабходнасць выхавання ў людзей усведамлення, што за навядзенне парадку ў месцы, дзе яны жывуць, адказваць у першую чаргу павінны яны самі.

ВАРТЫЯ АСАБЛІВАЙ ЎВАГІ

На паляпшэнне жыцця пажылых людзей, ветэранаў, інвалідаў накіравана Комплексная праграма развіцця сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва на 2011-2015 гады. Аб рэалізацыі яе мерапрыемстваў у мінулым і бягучым годзе расказала начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама С.П.Васілеўская. Гэтыя мерапрыемствы раздзелены на дзве падпраграмы: «Папярэджанне інваліднасці і рэабілітацыя інвалідаў» і «Сацыяльная падтрымка ветэранаў, асоб, якія пацярпелі ад наступстваў войнаў, пажылых людзей і інвалідаў». Зараз у раёне пражывае 821 інвалід, сярэдні памер пенсіі па інваліднасці складае 2405106 рублёў. Спецыялісты ўпраўлення і ТЦСАН Ушацкага раёна дапамагаюць ім у працаўладкаванні, рэабілітацыі, правядзенні вольнага часу. 5191 жыхар Ушаччыны атрымлівае пенсіі, з іх 3768 грамадзян пажылога ўзросту. У 35 арганізацыях раёна працуюць ветэранскія «пярвічкі». У калектыўныя дагаворы 8 арганізацый уключаны дадатковыя меры адраснай сацыяльнай падтрымкі ветэранаў, былых работнікаў, але гэтая колькасць магла б быць і большай. Вядома ж, пад асаблівай увагай знаходзяцца ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, якіх у раёне зараз 50. Прыемна, што гэтая лічба ў параўнанні з іншымі рэгіёнамі адна з самых высокіх.

* * *

Напрыканцы пасяджэння Мікалай Мікалаевіч Канявалаў расказаў аб сваёй рабоце ў парламенце, якую, дарэчы, выконвае без адрыву ад прафесійнай дзейнасці (ён з’яўляецца дырэктарам рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства «Дзяржбудэкспертыза па Віцебскай вобласці»). Аб тым жа, што размова атрымалася канструктыўнай, сведчылі канкрэтныя прапановы, якія прысутныя папрасілі ўлічыць пры разглядзе адпаведных праектаў у парламенце. У сваю чаргу член Савета Рэспублікі запэўніў, што будзе шукаць магчымасць дапамагаць у вырашэнні пытанняў ушачан не толькі ў дэпутацкай, але і ў прафесійнай сферы сваёй дзейнасці.

Н.БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *