Самый лучший на Витебщине юный знаток немецкого языка живёт и учится в Ушачах!

Ими гордятся

Аказваецца, самы лепшы на Віцебшчыне юны знаток нямецкай мовы жыве і вучыцца ва Ушачах! Гэта стала вядома пасля падвядзення вынікаў абласнога этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, на якой дзевяцікласнік Ушацкай школы Павел Гардзіёнак, набраўшы 150 балаў са 170 магчымых, атрымаў упэўненую перамогу (паказаўшая другі вынік лепяльчанка адстала ад нашага земляка на 15 балаў). Гэты бліскучы вынік адметны яшчэ і тым, што Павел спаборнічаў з вучнямі 10-11 класаў.

Безумоўна, каб дасягнуць такога ўзроўню ведаў, аднаго жадання і схільнасці да замежных моў недастаткова. Трэба цярпліва назапашваць веды, умець не толькі гаварыць, але і думаць па-нямецку. Для Пашы гэтая мова была знаёмай з ранняга дзяцінства. Яго тата Сяргей Леанідавіч праходзіў ваенную службу ў Германіі, пасля неаднаразова бываў у гэтай краіне і нават некаторы час там працаваў. Мама, Таццяна Іванаўна, якая напачатку прафесійнага шляху выкладала ў школе музыку і спевы, 11 год таму скончыла Мінскую акадэмію паслядыпломнай адукацыі і набыла спецыяльнасць выкладчыка нямецкай мовы. Калі Пашу было 4 гады, у іх кватэры з’явілася спадарожнікавае тэлебачанне, а паколькі па звычайным у той час ішлі толькі некалькі каналаў, хлопчык прызвычаіўся глядзець мульцікі па «талерцы», і яго зусім не бянтэжыла, што былі яны на нямецкай мове. Зрэшты, хутка ён ужо пачаў тое-сёе разумець, нешта тлумачылі і бацькі. Такім чынам, калі ў першым классе ён трапіў да сваёй настаўніцы Людмілы Іванаўны Даньковай, тая адразу зразумела, што вучань мае нетрывіяльныя здольнасці. Заставалася іх удала развіць — і тут быў вельмі дарэчы вопыт і прафесіяналізм Людмілы Іванаўны. Гэта надзвычай патрабавальны і творчы педагог. Маючы 30 гадоў настаўніцкага стажу, яна працягвае пашыраць і ўдасканальваць уласныя веды, ахвотна дзеліцца сваімі напрацоўкамі з калегамі — з’яўляецца кіраўніком школьнага метадычнага аб’яднання настаўнікаўзамежнай мовы, публікуецца ўспецыяльных выданнях: вопыт яе работы па павышэнні ў вучняў матывацыі да вывучэння нямецкай мовы быў прэзентаваны ў леташніх нумарах «Настаўніцкай газеты» і часопіса «Народная асвета».

Зрэшты, у выпадку з Паўлам Гардзіёнкам аб матывацыі размова не ішла: хіба што трэба было прымусіць хлопчыка паверыць у свае сілы. Таму ўжо ў чацвёртым классе Людміла Іванаўна прапанавала Пашу паўдзельнічаць у раённай алімпіядзе разам з… васьмікласнікамі. Яго перамога стала нечаканасцю для ўсіх, акрамя настаўніцы. У сеемым классе Паша заняў трэцяе месца на абласным фестывалі міжкультурных камунікацый, летась атрымаў такі ж вынік на абласным этапе рэспубліканскай прадметнай алімпіяды, дзе, як звычайна, спаборнічаў не з аднагодкамі, а СА старэйшымі школьнікамі.

«Такія вучні, як Павел, — адначасна і вялікая ўдача для педагога, і вялікае выпрабаванне, бо прымушаюць пастаянна быць на вышыні, ведаць праграму ўзроўню ВНУ», — прызнаецца настаўніца. Але ж, канечне, ні з чым не параўнаць моманты такіх вось феерычных поспехаў. Таксама як не перадаць і хваляванне падчас выпрабаванняў. «Калі Паша выйшаў да мяне з аўдыторыі, дзе агучваліся папярэднія вынікі, першымі яго словамі былі: «Ну, Людміла Іванаўна, піце валяр’янку!..» У мяне ледзь сапраўды сардэчны прыступ не здарыўся, а ён, аказваецца, так «рыхтаваў» мяне да звестак аб перамозе…» — зараз ужо з усмешкай расказвае настаўніца. Сам жа школьнік распавядае пра алімпіядныя перыпетыі з уласцівай яму ўраўнаважанасцю, кажа, што лепш за ўсё ўдаўся конкурс, падчас якога давялося весці на нямецкай мове вусны расказ аб мастацтве. Па ўсім відаць, членаў камісіі ўразіў расповед хлопца пра класічную музыку, жыццё і творчасць Моцарта і Бетховена, зацікавілі яго выказванні пра кіно і жывапіс, бо за гэты этап ён атрымаў максімальна магчымыя балы. Да слова, Паша і сам выдатна малюе. «Я — ляўша, а ў такіх людзей добра развіта фантазія, — тлумачыць падлетак. — А калі сур’ёзна, то гэты талент дастаўся мне ад продкаў па бацькоўскай лініі: мой дзядуля Леанід Паўлавіч Гардзіёнак — выдатны разьбяр, дзядзька Ігар Леанідавіч — знакаміты мастак-графік, загадчык кафедры Беларускай акадэміі мастацтваў. Ды ўсё ж больш за маляванне мне падабаецца нямецкая мова, таму найперш займаюся гэтым».

Мінулае лета стала для Пашы асаблівым, бо ажыццявілася адна з яго мар: пабываць у Германіі, атрымаць сапраўдную моўную практыку. У гэтую паездку ён накіраваўся разам з мамай, якая таксама ўпершыню аказалася ў краіне, грамадзяне якой з’яўляюцца носьбітамі мовы, што яна выкладае. «Сын пастаянна імкнуўся завесці гутарку з мясцовымі жыхарамі, а з адным шаноўным бюргерам амаль паўгадзіны вёў бяседу аб берлінскіх славутасцях», — расказвае Таццяна Іванаўна. І хоць замежнае падарожжа было цікавым, дамоў вярталіся з радасцю, бо паспелі засумаваць па тату і пяцігадовым Арсенію — у сям’і Гардзіёнкаў падрастае яшчэ адзін хлопчык, які, канечне, таксама ўжо ведае шмат слоў па-нямецку і нават навучыў асобным з іх сяброў у дзіцячым садку. І хоць між братамі даволі значная розніца ў гадах, яны шмат часу праводзяць разам, нават калі старэйшы ідзе з сябрамі на вуліцу, бярэ з сабой маленькага Арсенія, і хлопцы-аднагодкі да гэтага прывыклі, бо ведаюць, што інтарэсы сям’і, аўтарытэт бацькоў для Пашы важней за ўсё.

Канечне, ён далёкі ад таго, каб лічыць свае поспехі адметнымі. «Alle fangen mal klein an» — выраз, які можна прыкладна перакласці як «Усе пачынаюць з малога», Павел лічыць сваім жыццёвым крэда, бо мае намер паступова рухацца ў бок дасканаласці ва ўсім. І чарговым крокам па гэтым шляху стане фінальны этап рэспубліканскай алімпіяды, які пройдзе ў канцы сакавіка ў Гомелі. Пажадаем нашаму земляку такога ж удалага выступлення!

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *