Встретили весну и зажгли радугу. Масленичные гулянья прошли в Ушачах

Общество

Не была сёлетняя зіма лютай, не пужала нас сцюжай ды завеямі, але ж надакучыць усё роўна паспела, а таму з задавальненнем прыйшлі ў нядзелю ўшачане на цэнтральную плошчу раёна, каб гукаць­сустракаць прыгажуню­вясну. І хоць не прыспеў яшчэ час хаваць у шафы зімнія паліто, але ўсё часцей радуе вока сонейка, а як прыкметна падаўжэў дзень! Вось і масленічная раніца выдалася чыстай ­прамяністай, паклікала народ весяліцца задорнымі гукамі спеваў ды спакуслівым пахам пачастункаў.

А колькі розных забаў ды відовішчаў было на плошчы! Цікавай праграмай парадавалі культработнікі: знайшлося ў ёй месца традыцыйным абрадавым спевам і танцам, вясёлым сцэнкам і прыпеўкам. Дзецям і дарослым было прапанавана больш дзясятка конкурсаў: можна было, напрыклад, прайсціся на хадулях, праверыць трапнасць у стральбе і спрыт у баі мяхамі на бервяне. Адмысловы тавар выклалі на свае латкі карабейнікі, а цыганка­варажбітка адкрывала кліентам праўду аб тым, ці чакае іх дарога дальняя і казённы дом. Госці ледзь паспявалі пераходзіць у розныя канцы плошчы, каб не прапусціць нічога цікавага. Тым больш што многія спецыяльна прыбылі на свята з дальніх куточкаў раёна. Так, з Касароў прыехаў Павел Аляксандравіч Алексяёнак з дачкой Рытай і яе сяброўкай Светай Харашкевіч. Дзяўчаткі, дарэчы, апранулі на свята прыгожыя народныя хусткі і выглядалі надзвычай ярка і жыццярадасна. Завітаў на Масленіцу з Селішча кіраўнік мясцовага сельгаспрадпрыемства Віктар Васільевіч Кажан. Для яго і іншых аграрыяў гэта свята асаблівае, бо дае старт апошняму этапу падрыхтоўкі да новага цыклу сельгасработ, пачынае перыяд года, калі пра выхадныя давядзецца забыцца.

Ну а якая ж Масленіца без пачастункаў? Ад выстаўленых паўсюдна страў літаральна разбягаліся вочы. Флагман кулінарнага майстэрства – народны клуб “Прысмакі” – частаваў гасцей галоўным атрыбутам Масленіцы – самымі разнастайнымі блінамі з дымком. Канкурэнцыю прызнаным кулінарам­аматарам складалі прафесіяналы з райспажыўтаварыства і дружныя каманды вясковых гаспадынь з панадворкаў, якія прэзентавалі сельсаветы. Тут можна было паласавацца блінамі, пірагамі, рулетамі, запяканкамі і нават гарачымі дранікамі і клёцкамі, а яшчэ і вызнаць сакрэты іх прыгатавання. Напрыклад, на маё пытанне, чаму так хутка пусцее вялікі чыгунок з яе клёцкамі, Тамара Антонаўна Каваленка патлумачыла: “Начынку для душ здрабняю не мясарубкай, а нажом, каб кавалачкі мяса і сала былі больш сочнымі, і абавязкова дадаю кмін”. Свае фірменныя стравы прапаноўвалі паспытаць і яе суседкі з Матырына Галіна Сцяпанаўна Шайтар, Раіса Уладзіміраўна Шалонька, Зінаіда Аляксееўна Шнітко. Увогуле літаральна ўсе панадворкі парадавалі гасцей арыгінальнымі стравамі, прэзентавалі свае кулінарныя “разынкі”.

Знайшлося што паказаць і нетрадыцыйным удзельнікам Масленіцы – ушацкім выратавальнікам. Асаблівую цікаваць да іх шоу праявілі дзеці, якім у гэты дзень было дазволена на толькі прымераць “баявую” экіпіроўку, але і пасядзець у кабіне сапраўднай пажарнай машыны. А яшчэ высветлілася, што выратавальнікі здольныя на сапраўднае чараўніцтва, бо могуць кіраваць прыроднымі з’явамі – напрыклад, запаліць у небе вясёлку! Зрабілі яны гэта, пусціўшы ў паветра магутны струмень вады.

Ну а скончылася свята дзействам больш традыцыйным – спальваннем на вогнішчы чучала зімы. “Ну вось, нарэшце!” – пракаментаваў убачанае ўшацкі першакласнік Мікіта Клім. І, напэўна, агучыў думку практычна ўсіх людзей, што адзначалі разам гэтае жыццесцвярджальнае народнае свята.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *