Судьба заставы Кудрявцева. Из воспоминаний И.К.Подворного

70-годдзе Перамогі

На былой мяжы з Польшчай пагранічнікі заставаліся да самага пачатку вайны. Пераважна ўсе заставы зняліся ў ліпені-жніўні, а вось застава Кудраўцава ў старой вёсачцы Стадолішча так і засталася. Жыхароў перасялілі ў Касары яшчэ ў сярэдзіне трыццатых, ну а на заставе было 12 чалавек, якія абсталявалі ў лесе зямлянкі. Яны і былі першым партызанскім фарміраваннем, якое аказвала супраціўленне немцам пераважна на дарозе Лепель-Бягомль, Лепель-Полацк.

Аднойчы стомлены Фёдар Пятровіч Кудраўцаў вяртаўся з аперацыі і зайшоў да свайго добрага знаёмага Смаляка, які жыў на ўскрайку вёскі з жонкай і дачкой. Смаляк паклаў яго на печ, там жа засталося сушыцца мокрае абмундзіраванне, а пісталет пад падушкай. Кудраўцаў моцна заснуў, а Смаляк забраў адзенне і пісталет, а сам накіраваўся ў гарнізон у Вялікія Дольцы за немцамі, якія і акружылі вёску і прыйшлі ў хату.

Ф.П.Кудраўцаў напалохаў паліцая Раманоўскага, калі сунуў руку пад падушку і скарыстаўшыся замінкай, праз люк залез на гарышча, на якім запаліў снапы з ільну, а калі загарэўся і саламяны дах, па стужцы дыму ў адной бялізне басанож па снезе пабег да лесу. Але і там былі немцы, кулямётнай чаргой камандзір заставы Кудраўцаў быў забіты.

Яго цела скінулі ў Вялікіх Дольцах у царкве. Немцы хацелі пераканацца, што гэта менавіта Кудраўцаў, таму на другі дзень пасля драмы пагналі людзей са Старыны на апазнанне. Справа ў тым, што застава была шэфам нашага калгаса, Фёдар Пятровіч часта верхам на кані прыязджаў і давяраў нам, падлеткам, павадзіць на повадзе разагрэтага каня. Але наш аднавясковец Макар Сяргеевіч Гунько сказаў нам, каб казалі, што мы яго не ведаем. Так усе 12 чалавек і круцілі галавой, нехта са старэйшых сказаў, што магчыма Кудраўцаў. Потым яго цела прывязалі за сані і дацягнулі да Ушачы, дзе закапалі на звалцы. Толькі з прыходам партызан Кудраўцаў быў перапахаваны. Пасля Перамогі быў перапахаваны ў трэці раз у скверы райцэнтра.

Пасля смерці Кудраўцава немцы блакіравалі ўчастак лесу, дзе размяшчалася застава і ў цяжкім баі ў лютым 1942 года знішчылі пагранічнікаў.

І.ПАДВОРНЫ.



1 комментарий по теме “Судьба заставы Кудрявцева. Из воспоминаний И.К.Подворного

  1. Цікавыя успаміны. Аднак узьніклі і пытаньні? Адкуль аўтару вядомыя дэталі (накшталт таго як напалохаўся паліцай)? Таксама цікава, чаму б аўтару не прыгадаць, што менавіта памежнікі прымалі актыўны удзел у высяленьні нашых землякоў з прымежнай зоны на пачатку 30-ых. І высялялі іх «кудраўцавы» зусім не ў Касары, а у Архангельскую вобласьць, Комі-край, у Казахстан. Колькі з тых спецперасяленцаў вярнулася на Ушаччыну? Адзінкі. Мяркую, калі ведаеш тое, учынак сяляніна Смаляка не падаецца гэткай ужо здрадай.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *